Четверг, 16 августа 2018

Пружанцы — одна семья. Фоторепортаж с празднования Дня освобождения города

1 219

15 ліпеня пружанцы адзначылі Дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтае свята стала чарговым доказам таго, што жыхары нашага горада і раёна — адна вялікая сям’я, у якой жывуць свае традыцыі.

Святкаванне чарговай гадавіны вызвалення Пружан ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалося з масавага забегу «Пружанскі крос», правядзенне якога ініцыіраваў райаддзел па надзвычайных сітуацыях. Фундатарамі мерапрыемства выступілі СТАА «Данон Пружаны» і ПМК-22.
Варта сказаць, што крос сапраўды быў масавым: нягледзячы на нядзельную раніцу, калі ёсць магчымасць даўжэй паспаць, больш за 120 чалавек вырашыла аддаць даніну павагі воінам, якія падарылі нашаму гораду свабоду пры вызваленні Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Адметна, што ўдзельнічалі ў кросе не толькі пружанцы, але і жыхары іншых населеных пунктаў раёна: Слабудкі, Лінова, Шарашэва, Роўбіцка і г.д. Не быў абмежаваны і ўзрост бегуноў, самаму маладому з якіх зусім нядаўна споўнілася тры гады, а самаму старэйшаму — ужо далёка за 50.
Удзельнікам кросу неабходна было прабегчы дзве тысячы метраў, пры гэтым час не адводзіўся, галоўнае — дайсці да фінішу. За самаадчуваннем бегуноў сачылі ўрачы «хуткай медыцынскай дапамогі». Балазе, удзельнікі забегу паспяхова прайшлі своеасаблівы курс аздараўлення.
Пераможцаў вызначалі ў некалькіх намінацыях. Першым двухкіламетровую дыстанцыю прайшоў Кірыл Данцоў. Намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч, які таксама прымаў удзел у «Пружанскім кросе», уручыў юнаку кубак пераможцы. Крыху адстаў ад яго Дзмітрый Хобня, трэцім да фінішу прыйшоў Павел Ярашук.
У намінацыі «Самая жаноцкая» дыплом атрымала Рэвека Малчанава, а ў якасці «Самай вопытнай» была адзначана Ірына Сідаровіч з г.п.Шарашэва. «Самым малодшым» бегуном быў прызнаны Ігнат Ліпко, які добрасумленна разам са сваімі бацькамі прайшоў усю дыстанцыю. У сямейнай намінацыі «Тата, мама і я» была ўзнагароджана сям’я Ліневічаў.
Таксама трэба адзначыць арганізацыю гэтага мерапрыемства, якое прайшло па-ваеннаму дакладна.
Нялішнім быў і ўдзел раённай арганізацыі беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, валанцёры якога бясплатна раздавалі і бегунам, і гледачам бутэлькі з вадой.
Забегам засталіся задаволеныя многія ўдзельнікі кросу, якія выказалі прапанову зрабіць такое мерапрыемства традыцыйным.
«Табе, мой горад…»
Са словамі віншавання да ўсіх прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч, які ў сваёй прамове не мінуў увагай вогненныя падзеі 40-х гадоў, калі за час акупацыі былі зруйнаваны Пружаны і іх ваколіцы. Колькі людзей страціў у ваенным ліхалецці наш раён, колькі вёсак разам з іх насельніцтвам было спалена гітлераўцамі… Пружаншчыну давялося аднаўляць, з чым ваеннае пакаленне людзей справілася паспяхова.
— Сёння мы жывём у прыгожым горадзе, які будзем развіваць і далей,— адзначыў Міхаіл Мікалаевіч.— Вялікі дзякуй ветэранам, тым, хто старанна працаваў, не шкадуючы свайго зда-роўя і часу, хто адбудоўваў зруйнаванае, узводзіў нанава школы і бальніцы, хто выхоўваў дзяцей.
Урачыстае мерапрыемства працягнулася ўшанаваннем пружанцаў «залатога ўзросту», якім былі ўручаны Граматы райвыканкама за добрасумленную працу і ў сувязі з чарговай гадавінай вызвалення Пружан ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Кожны, хто атрымліваў узнагароду з рук старшыні райвыканкама, нямала зрабіў на сваім месцы — у адукацыі, выхаванні дзяцей, будаўніцтве, транспарце, гандлі…


Асобныя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас ветэранаў вайны, многія з якіх не дажылі да гэтага святочнага дня і засталіся толькі ў памяці людзей…
На канцэрце таксама былі падведзены вынікі раённага фотаконкурсу «Сэлфі з любімым горадам», які напярэдадні абвясціла раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Яго старшыня Т.Ю.Гаманчук запрасіла на сцэну аўтараў самых лепшых работ і ўручыла каштоўныя падарункі В.К.Гумен, І.У.Юрчанка, Л.В.Клімашэвіч і В.В.Ракіцкаму.
Афіцыйныя хвіліны разбаўляліся выступленнямі артыстаў: ансамбль танца «Спадчына», арт-гурт «Родники», вакальны гурт «Жамчужына», Карына Шаманава і многія іншыя дарылі гледачам добры настрой і атрымлівалі ўзамен апладысменты.

На змену артыстам прыйшлі работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, якія таксама падрыхтавалі некалькі канцэртных нумароў з нагоды юбілею пажарнай службы, якая 25 ліпеня адзначыць сваё 165-годдзе. З афіцыйным віншаваннем у адрас пажарных выступілі старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец і старшыня райвыканкама М.М. Крэйдзіч, якія ўручылі лепшым работнікам граматы і падзячныя пісьмы. Гледачы мелі магчымасць атрымаць задавальненне ад выступленняў людзей «у пагонах» і брэйк-групы «Альтаір».
Акрамя таго, пажарныя правялі паказальныя выступленні, у якіх прынялі ўдзел усе жадаючыя: адны пасядзелі за рулём спецаўтамабіля, другія прымералі баявое абмундзіраванне выратавальнікаў, трэція ў поўнай выкладцы прайшлі «паласу перашкод» у спецыяльнай палатцы.
Для самых маленькіх пажарныя падрыхтавалі цікавыя конкурсы, за перамогу ў якіх уручалі падарункі.
Побач была арганізавана бясплатная раздача «пажарнай» кашы з гарачым чаем, якую, мяркуючы па колькасці талерак, з задавальненнем пакаштавала амаль паўтысячы чалавек розных узростаў.
Хаця конкурс «Аўталедзі», які павінен быў працягнуць святочную праграму на гарадскім аўтадроме, не адбыўся (арганізатары па тэхнічных прычынах прынялі рашэнне перанесці запланаванае), тыя, хто прыйшоў на вуліцу Паркавую, не засталіся без відовішча. Спецыяльна для гледачоў паказальную трэніроўку правялі юныя картынгісты пад кіраўніцтвам трэнера С.П.Махвіча. Вадзіцелі картаў, некаторых з якіх ледзь бачна было з-за руля тэхнікі, прадэманстравалі віртуознае валоданне машынай у фігурным ваджэнні, зрываючы падчас некаторых піруэтаў шквалы апладысментаў.

Сімвалічна, што менавіта падчас свята горада прайшло ўрачыстае адкрыццё ІV жывапіснага пленэра памяці Станіслава Жукоўскага. Нагадаем, што ўжо чацвёрты раз па ініцыятыве Іосіфа і Святланы Машкалаў Пружаны наведваюць мастакі-перадзвіжнікі з розных краін. Толькі падчас першага пленэра яны напісалі звыш 300 карцін з выявамі нашых пейзажаў, людзей і архітэктурных помнікаў. Многія з гэтых карцін зараз красуюцца ў прыватных калекцыях, а таксама выстаўляюцца ў розных краінах, распавядаючы пра нашу сінявокую Беларусь.
Азнаёміцца з гэтымі творамі мелі магчымасць і пружанцы: мастакі прапанавалі частку карцін для імправізаванай выставы ў кулуарах Палаца культуры. Той, хто знайшоў час наведаць адкрыццё пленэра, мог пагутарыць і з самімі творцамі. Мастакі Ганна Левіна, Вольга Лісянкова і Валянцін Скачкоў прыехалі на Пружаншчыну не ў першы раз. Творцы прызналіся, што Беларусь захапіла іх так, што яны проста жывуць успамінамі ад пленэра да пленэра. А вось Сяргей Філіпаў з жонкай Наталляй толькі пачынаюць знаёміцца з нашымі краявідамі. Яны вырашылі прыняць удзел у пленэры не толькі як прыхільнікі творчасці Станіслава Жукоўскага: іх моцна ўзрушылі аповеды калег пра наш край.
Кожны пленэр збіраў не толькі мастакоў, але і іншых творчых людзей. Вось і сёлета разам з мастакамі да нас у госці завітала піцерскі кампазітар і выканаўца рамансаў Святлана Дольчэ, якая дала канцэрт у Палацы культуры.

Далей святочныя мерапрыемствы разгортваліся ў гарадскім парку. Дзіцячую музычна-забаўляльную праграму «У лета на макушцы» аздобілі творчымі нумарамі падрыхтоўчая група ўзорнага ансамбля танца «Круцёлачкі» (мастацкі кіраўнік Валянціна Іскаліева), салісты гуртка «Solo» (мастацкі кіраўнік Кацярына Цяжолава), вакальны ансамбль «Альтаір» (мастацкі кіраўнік Марына Кадука) і салісты ўзорнай эстраднай студыі «Меладзін» (мастацкі кіраўнік Эўгеніюс Валанчус). У перапынках паміж выступленнямі клоўны Віцік і Сімка не толькі весялілі публіку, але і знаходзілі новых гаспадароў кацянятам і шчанятам: упершыню ў Пружанах прайшла акцыя «Аддам у добрыя рукі». Займець чатырохногага сябра жадалі многія хлопчыкі і дзяўчынкі, тым больш што ў гэты ж час праходзіла і выстава хатніх гадаванцаў. Віцік і Сімка, дарэчы, не проста аддавалі дзецям маленькіх жывёл: яны патрабавалі абавязковай згоды на гэта бацькоў. Такім чынам новых гаспадароў сабе знайшлі некалькі кацянят і адно шчаня.
Падчас свята, дарэчы, ля палацыка прайшла тэматычная фотасушка. Як было абвешчана напярэдадні, на імправізаваную выставу прымаліся здымкі, якія адпавядалі тэматыцы «родны горад» і «малая радзіма». Аснову фотасушкі заклалі супрацоўнікі музея-сядзібы, пасля да іх далучыліся фатографы-аматары. Усяго на фотасушцы было прадэманстравана звыш 50 фотаздымкаў. Што тычыцца гледачоў, то мерапрыемства ім так спадабалася, што, хутчэй за ўсё, тэматычныя фотасушкі стануць у Пружанах традыцыйнымі.

Завяршылася свята на гарадской плошчы. Падчас танцавальна-забаўляльнай праграмы «Землякі» жадаючыя мелі магчымасць паўдзельнічаць у конкурсах і проста патанцаваць. У арт-праекце #летаўвышыванцы на гэты раз прынялі ўдзел самыя юныя жыхары і госці горада: перамога і галоўны прыз дасталіся Міраславе Бушук, а ўсе ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты на бесплатнае наведванне «Тэрыторыі твайго дзяцінства».
Алег Сідарэнка, Кацярына Пашкевіч.
Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.

Один комментарий

  • сафокл

    Какое впкмя у победителя забега?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *