Суббота, 26 мая 2018

Открылся магазин «Горячий хлеб». Его построили за три месяца

3 413

У гэтыя святочныя дні прыемны падарунак гараджанам зрабіў філіял райспажыўтаварыства «Камбінат кааператыўнай прамысловасці»: у чацвер адбылося ўрачыстае адкрыццё магазіна «Гарачы хлеб». Усе памятаюць старую  хатку, у якой размяшчаўся магазін. Нягледзячы на яе непрывабны выгляд, там заўсёды было шмат пакупнікоў. А мінулым летам магазін зачынілі: адміністрацыяй Пружанскага райспажыўтаварыства было прынята рашэнне аб будаўніцтве новага, і калектыў прадаўцоў разам са сціплым асартыментам вымушаны быў цясніцца ў палатцы. У кастрычніку будаўнікі заклалі падмурак, і ўжо студзені на ранейшым месцы вырас прыгожы будынак.

— Мы стараліся зрабіць магазін такім, каб ён падабаўся пакупнікам, — зазначыла ў сваім звароце да сабраўшыхся дырэктар ФПР «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» Н.М.Жук, — каб працэс пакупак, безумоўна, дастаўляў задавальненне.

Наталля Міхайлаўна таксама падзякавала людзям, якія прыйшлі на ўрачыстае адкрыццё магазіна «Гарачы хлеб». Пасля сімвалічнага пераразання чырвонай стужкі яны маглі задаволіць сваю цікаўнасць. Варта адзначыць, што рэчаіснасць нават пераўзышла нашы чаканні. З пашырэннем гандлёвай плошчы значна  павялічыўся асартымент тавараў: не толькі хлеб і хлебабулачныя, але і бакалейныя, мясныя, рыбныя вырабы, прысмакі і напоі, спадарожная група тавараў… Дадатковыя вітрыны і халадзільнае абсталяванне адпавядаюць санітарным патрабаванням. Між іншым, будаўніцтва «Гарачага хлеба» абышлося камбінату амаль у 230 мільёнаў рублёў.

Традыцыяй стала пры адкрыцці магазінаў уручаць падарунак першаму пакупніку. У «Гарачым хлебе» ім стаў М.Д.Семянчук. Мікалай Дзмітрыевіч атрымаў вялікі духмяны каравай. Як расказаў мужчына, жыве ён непадалёку, на вуліцы Кастрычніцкай, таму часты наведвальнік «Гарачага хлеба».

— У новым магазіне пакупкі, безумоўна, будзе вельмі прыемна рабіць: тут і раней гандлявалі смачнымі хлебнымі вырабамі, а пакупнікоў абслугоўвалі ветлівыя, добразычлівыя прадаўцы… А цяпер яшчэ і будынак радуе вока.

Дарэчы, Мікалай Дзмітрыевіч ведае толк у выпечцы: сваю працоўную дзейнасць ён пачынаў у далёкія 1960-ыя ў кандытарскім цэху Пружанскага рэстарана.

Калектыў магазіна, які павялічыўся з трох да шасці чалавек, у сваю чаргу абяцае, што людзі ніколькі не будуць шкадаваць, што іх выбар для здзяйснення пакупкі выпаў менавіта на «Гарачы хлеб».
Марына вакульская, Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *