Четверг, 19 июля 2018

Велосипеды, запчасти, металлолом и инструменты чаще всего становятся объектами воровства

136

Нягледзячы на тое, што колькасць крадзяжоў штогод памяншаецца, а іх выкрывальнасць, наадварот, павялічваецца, такі від злачынстваў застаецца лідзіруючым у крымінальнай статыстыцы нашага раёна. І, як зазначае начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама А.В.Гук, пераважная большасць падобных здарэнняў адбываецца менавіта па віне пацярпелых.
— З пачатку бягучага года праваахоўнымі органамі зарэгістравана 39 крадзяжоў маёмасці грамадзян, а таксама таварна-матэрыяльных каштоўнасцей прадпрыемстваў і арганізацый раёна,— расказвае Аляксандр Васільевіч.— Пры гэтым амаль у палове выпадкаў злодзеі мелі свабодны доступ да аб’ектаў: знаходзілі пакінутыя ключы «пад дыванком», выносілі рэчы з незамкнёных аўтамабіляў, гаражоў і нават дамоў. Самы свежы факт: дзяўчына на лаўцы ў цэнтры горада забылася ноўтбук, пра які ўспомніла толькі праз некаторы час. Зразумела, што апарат «змяніў» гаспадара і цяпер знайсці яго будзе даволі цяжка.
— Што ў першую чаргу прыцягвае «ўвагу» злодзеяў?— Тое, што прасцей вынесці і лягчэй прадаць. Тое, на што заўсёды ёсць попыт: веласіпеды, металалом, запчасткі да аўтамабіляў і інструменты. А з нядаўняга часу аб’ектамі злачынстваў становяцца мабільныя тэлефоны і іншыя электронныя ўстройствы або бытавая тэхніка. Як паказвае аналіз крадзяжоў, асноўная мэта зламысніка не пабагацець, а як мага хутчэй збыць украдзенае і купіць алкагольныя напоі. Дзевяць з дзесяці злодзеяў — нідзе не працуючыя грамадзяне, якім прасцей украсці ў суседа чыгункі і абмяняць іх на бутэльку, чым ісці на працу і зарабляць сумленныя грошы. У некаторых выпадках крадзяжы здзяйсняюць раней судзімыя асобы (10 фактаў з пачатку 2018 года). Неабходна адзначыць, што сем грамадзян падпадалі пад дзеянне прэвентыўнага нагляду, што сведчыць аб неабходнасці ўзмацніць кантроль з боку крымінальна-папраўчай інспекцыі райаддзела міліцыі.

Таксама частымі застаюцца крадзяжы з дач: такія выпадкі амаль штотыднёва рэгіструюцца ў перыяд з лістапада па сакавік. Відавочна, што гаспадары пакідаюць належачыя ім дамы без нагляду на працяглы перыяд, чым і карыстаюцца зламыснікі, якія за гэты час могуць не аднойчы «завітаць» па «здабычу». Аднак засмучае іншае: даволі часта людзі пакідаюць каштоўныя рэчы на дачах. Як, напрыклад, уладальнік двух дамоў у в.Старуны, адкуль злодзеі вынеслі каштоўнасцей на амаль 7 тысяч рублёў. Варта адзначыць, што «па гарачых слядах» такія крадзяжы не раскрываюцца, бо пацярпелыя звяртаюцца ў міліцыю не аператыўна, а праз некаторы час, нярэдка праз некалькі месяцаў. А ўкрадзенае за гэты перыяд можа змяніць гаспадара не адзін раз і нават пакінуць межы раёна.
— Аляксандр Васільевіч, хто часцей становіцца ахвярамі злодзеяў — грамадзяне або арганізацыі?
— Нягледзячы на тое, што ў апошнія гады прадпрыемствы зрабілі нямала дзеля захаванасці таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, знаходзіцца нямала такіх грамадзян, якія адшукваюць пралазы. Пераважная большасць падобных крадзяжоў па-ранейшаму рэгіструецца ў аграпрамысловым комплексе. Здараюцца такія выпадкі, якія яскрава паказваюць хібы ў кантролі з боку службовых асоб. Напрыклад, на пачатку бягучага года трое работнікаў эксперыментальнай базы «Белавусаўшчына» днём знялі з трактара генератар і стартар агульным коштам амаль 500 рублёў і вынеслі з тэрыторыі мехмайстэрні. З пачатку бягучага года зарэгістравана 64 факты дробных крадзяжоў. «Лідзіруюць» у крымінальнай статыстыцы ААТ «Жураўлінае» (17), «Роўбіцкае» (11) і філіял «Аграэнерга Зеляневічы» (5). Часцей за ўсё крадуць кармы, а апошнім часам актуальнасць для злодзеяў стала набываць паліва. І спрыяе гэтаму неналежная арганізацыя работы аховы: з пачатку года падчас рэйдаў супрацоўнікі міліцыі склалі пратаколы на 10 вартаўнікоў за знаходжанне на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Пры гэтым ніякіх нараканняў няма ў дачыненні да тых прадпрыемстваў, дзе ўстаноўлена на ведамасных пастах сістэма «Устройства кантролю персаналу», якая забяспечвае пагадзінны кантроль за вартаўніком шляхам пастаяннага чыпавання з вывадам сігналу на пульт цэнтралізаванага назірання аддзела Дэпартамента аховы. Дарэчы, адзначу, што на ахоўваемых спецыяльнай сігналізацыяй аб’ектах як у прыватным сектары, так і ў арганізацыях або не зарэгістравана ніводнага кра-дзяжу, або такія факты не засталіся не раскрытымі.
— У газету звярнуўся чытач са скаргай на дзеянні міліцыянераў: мужчына набыў у знаёмага веласіпед па даволі нізкім кошце, які, як высветлілася пазней, аказаўся ўкрадзеным. Супрацоўнікі праваахоўных органаў канфіскавалі транспарт, пакінуўшы новага гаспадара і без пакупкі, і без грошай, што ён аддаў за яе.
— Такія сітуацыі здараюцца даволі часта і, у першую чаргу, па віне саміх грамадзян. Пітушчы сусед, напрыклад, раптоўна вырашыў прадаць бензакасу ці запчасткі да аўтамабіля, і дзіўна, калі ў пакупніка гэта не выклікае сумнення. Нярэдка абібокі крадуць у аднаго суседа, каб прадаць украдзенае іншаму. А потым тыя пачынаюць разбірацца паміж сабой.
Скажу больш: нядаўна за набыццё ўкрадзенага была ўзбуджана крымінальная справа па арт.211 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у дачыненні да індывідуальнага прадпрымальніка. Мужчына набыў у знаёмага больш за 300 літраў афарбаванага паліва, ведаючы, што яно было ўкрадзена. У выніку да крымінальнай адказнасці прыцягнуты не толькі сам злодзей, але і пакупнік, якому, згодна з санкцыяй артыкула, пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Калі людзі стануць больш разумна ставіцца да прапановы набыць украдзенае, то і колькасць крадзяжоў значна скараціцца з-за складанасці збыць «здабычу».
Гутарыў Алег Сідарэнка.

 

Один комментарий

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *