Понедельник, 24 сентября 2018

Перелом и гипс накануне конкурса не помешали пружанскому саксофонисту войти в число победителей

362

На XI абласным адкрытым музычным конкурсе “Крынічка”, які нядаўна адбыўся ў г. Баранавічы, ярка заззяла яшчэ адна пружанская зорка. Ганаровым дыпломам II ступені і прызам быў узнагароджаны юны і вельмі таленавіты выхаванец пружанскай ДШМ імя Р.Шырмы саксафаніст Міхаіл Бегер. Гучны, шчыры і эмацыйны “голас” складанага джазавага інструмента ў яго руках размаўляў са слухачамі на ўніверсальнай мове, блізкай і зразумелай простаму гледачу.
Міша пачаў займацца ігрой на саксафоне чатыры гады таму і цяпер выконвае ўжо досыць сур’ёзныя творы.
— З першых урокаў я зразумеў, што мы з Міхаілам плённа папрацуем. Ён сціплы, маўклівы, старанны хлопчык, які хутка і адэкватна рэагуе на ўсе мае заўвагі і пажаданні. Узровень музычных здольнасцей у яго вельмі высокі. Міша інтуітыўна адчувае, які рытм трэба задаваць ці які тэхнічны прыём у пэўны момант выкарыстоўваць, — не нарадуецца на вучня настаўнік Сяргей Рыгоравіч Більшэвіч, які перадаў вучню сваё майстэрства і любоў да музыкі.
Міша перайшоў ужо ў 5 клас ДШМ. Нават сёння, на канікулах, як толькі з’яўляецца вольны час, ён прысвячае яго ігры на саксафоне.
Адметна, што бацькі ніколі не прымушаюць яго займацца музыкай.
— Ігра на саксафоне — гэта яго выбар, прыемнае хобі, якое не толькі павышае ўзровень адукацыі, але і развівае цікавасць да сусветнай культуры і мастацтва ў цэлым. Сын настолькі “зросся” са сваім інструментам, што ўжо не ўяўляе свайго жыцця без яго. Раскрыю адзін сакрэт: за некалькі месяцаў да конкурсу Міша зламаў руку, думалі, што не паедзе на “Крынічку”. Дзе там! Ледзь дачакаўся, пакуль гіпс здымуць, — расказвае бацька юнага саксафаніста Мікалай Міхайлавіч Бегер, старэйшыя сыны якога таксама апантаныя музыканты: адзін іграе на трубе, а другі — на баяне, а да таго ж вучыцца ў Баранавіцкім вучылішчы на барабаншчыка.
Калі ўся сям’я ў зборы, дом Бегераў, дзе знайшлося месца не толькі для кампактнага саксафона “Yamaha”, але і для вялікай барабаннай устаноўкі, у літаральным сэнсе пачынае “стаяць на вушах”: пад кіраўніцтвам бацькі, які запісвае для дзяцей мінусавыя фанаграмы, сыны пачынаюць імправізаваць у стылі джаз-рока.
Нядзіўна, што пасля такой “сямейнай школы” таленавітага і адказнага Мішу Бегера запрасілі іграць у духавы і эстрадны аркестры. І мелі рацыю: хлопчык стараецца не прапускаць рэпетыцыі, канцэрты і ўжо паспеў зарэкамендаваць сябе ў калектывах як далёка “не апошні саксафон”.
— Я вельмі люблю джазавыя імправізацыі. Мае любімыя саксафаністы — Чарлі Паркер, Поль Дэзманд, Бэн Уэбстэр. Мне вельмі падабаецца манера іх ігры і “галасы” іх саксафонаў. Яны ўнікальныя. У цэлым, саксафон — гэта эксклюзіўны інструмент з непаўторным гукам, з выразным “сакавітым” гучаннем. Ён здольны ствараць розныя музычныя вобразы. Гэта жывая музыка, яна дыхае і лётае, яна можа захапіць любога слухача, — вось так нечакана ўзнёсла распавядае аб сваім інструменце сам юны музыкант Міхаіл Бегер. Я з вялікім задавальненнем слухаю яго і разумею: нездарма кажуць, што ў мастацтве, асабліва ў музыцы, няма выпадковых людзей.
Алена Зялевіч, фота з хатняга архіва сям’і Бегераў

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *