Четверг, 19 июля 2018

Победительница конкурса «Счастье в моих глазах» посетила Москву и стала еще счастливее

214

Памятаеце тую дзяўчынку, якая нядаўна перамагла ў мастацкім конкурсе “Шчасце ў маіх вачах” і стала ўладальніцай гран-пры — паштоўкі-сертыфіката на паездку ў Маскву? Дык вось, шчасця ў яе вачах стала яшчэ больш: нядаўна Аліна Францэвіч разам са сваёй мамай нарэшце пабывала ў сталіцы Расіі і вырашыла падзяліцца з нашымі маленькімі чытачамі сваімі вялікімі ўражаннямі.
— Мы толькі ступілі на перон — і адразу нібы ў казку трапілі: не вакзал, а мурашнік, не горад, а цэлая краіна, дзе людзі размаўляюць на розных мовах! Thank you — bitte — pardon — madame! З усіх бакоў даносіліся замежныя словы, — з захапленнем распавядае Аліна, якая пашкадавала, што не ўзяла з сабой мальберт.
У жыцці яна не сустракала столькі каларытных тыпажоў! Танцуючыя мексіканцы ў шыракаполых самбрэра, вясёлыя немцы ў рагатых шлемах з горнамі і маршавымі барабанамі, пяючыя смуглявыя італьянцы, дабрадушныя іспанцы. Менавіта для іх, гасцей, на вуліцах на вялікіх банерах, ва ўсіх кафэ поўным ходам ішлі прамыя трансляцыі з футбольных матчаў. Людзям было весела, яны плакалі ад радасці і смяяліся. У маленькай беларускай мастачкі адразу падымаўся настрой, калі глядзела на іх шчырыя ўсмешкі.
— Нам вельмі пашанцавала: на Чэмпіянат свету па футболе з’ехаліся фанаты са многіх краін, — падключаецца да размовы мама дзяўчынкі Яўгенія Мікалаеўна. — Здавалася, што замежных балельшчыкаў было больш, чым саміх масквічоў: як каляровыя мурашы — кожны са сваёй сімволікай і экіпіроўкай! — апанавалі яны вуліцы. На Краснай плошчы — кіламетровыя чэргі і ў маўзалей, і ў храм Васіля Блажэннага. Але мы паспелі ўбачыць шмат цікавага і прыгожага.
Францэвічы абышлі амаль усе славутасці Маскоўскага Крамля, на цеплаходзе з экскурсаводам праплылі па Масква-рацэ міма Вараб’ёвых гор, уразіліся велізарным помнікам Пятру I, які дзесяць гадоў таму быў узведзены на штучным востраве пасярод ракі, здалёк пабачылі знакамітую арэну “Лужнікі”, адкуль, дарэчы, таксама даносіліся крыкі эмацыйных балельшчыкаў. Прыемна здзівіліся беларускі і вялікай зялёнай лесапаласе, якая моцна кантраставала з маскоўскімі шматпавярхоўкамі. Людзі ў гэтым парку, якія каталіся на веласіпедах, самакатах і роліках, выглядалі здалёк, з цеплахода, як казачныя ліліпуты…
Аліна з мамай пражывалі ў жывапісным і досыць ціхім раёне мегаполіса, у элітнай гасцініцы на вертадроме, якая была ўпрыгожана зялёнымі ландшафтнымі фігурамі ў выглядзе экзатычных жывёл. Абедалі ў рэстаране, дзе пакаштавалі шмат заморскіх страў. Але гэта не самае галоўнае.
Францэвічы пабывалі на фантастычным шоу-мюзікле “Сон у летнюю ноч” у Цэнтры акіянаграфіі і марской біялогіі “Маскварыум”, дзе ў велізарных 80-і акварыумах і басейнах жывуць і развіваюцца каля 12 000 розных марскіх жывёл з усіх куткоў свету, у тым ліку 500 відаў рыб. — Гэта было неверагоднае відовішча: казачныя караблі з паветранымі акрабатамі, разам з якімі здзіўлялі трукамі дэльфіны. Нібы хваліліся сваёй афарбоўкай плямістыя гіганцкія касаткі. Ой, нават зараз, як расказваю, у мяне дух займае, — не можа стрымаць эмоцый Аліна.
Але самае цікавае іх чакала наперадзе. У апошні дзень падарожжа па расійскай сталіцы дзяўчынка разам з мамаю пабывала ў самым галоўным нацыянальным гістарычным музеі Расіі і ў Траццякоўскай галерэі.
— Я там убачыла шмат знаёмых мне карцін, пра якія нам расказвалі настаўніцы ў мастацкай школе, напрыклад, “Дзяўчынку з персікамі”. Колькі на ёй колераў і адценняў! Мне яшчэ вучыцца і вучыцца, каб дасягнуць такога майстэрства! — марыць таленавітая дзяўчынка.
Дзякуючы спонсару конкурсу і арганізатару вандроўкі прадпрымальніку Дзмітрыю Шульману, дзяўчынка была запрошаная і на экскурсію ў Расійскую акадэмію жывапісу, скульптуры і дойлідства Ільі Глазунова, якую асабіста для Францэвічаў правёў прарэктар Уладзімір Бальшакоў.
— Ён паказаў, у якіх цудоўных умовах працуюць студэнты акадэміі. Там такія шэдэўры ствараюцца! Вартыя лепшых залаў “Траццякоўкі”! А яшчэ я назірала за працай сапраўдных рэстаўратараў, якія накладалі на абраз сусальнае золата… Я абавязкова туды вярнуся…

Алена Зялевіч, фота з сямейнага архіва сям’і Францэвічаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *