Понедельник, 22 октября 2018

Результаты рейда по благоустройству: Чисто не там, где каждый день убирают, а там, где не мусорят.

607

Сёлета прырода ўнесла значныя карэктывы ў добраўпарадкаванне Пружан, дабавіўшы ў яго колеры больш жоўтых адценняў. І хаця практычна штодзённа работнікі камунальнай службы шчыруюць на газонах і клумбах, высаджваючы мноства кветак, агульны фон застаецца сапсаваным сёлета досыць агрэсіўнымі сонечнымі промнямі. 

Аднак у такое «добраўпарадкаванне» месцамі свой уклад уносяць і самі жыхары: напрыклад, незвычайныя парасоны, якія ўпрыгожылі скрыжаванне вуліц Чырвонаармейскай і Кастрычніцкай, прастаялі «ў пары» нядоўга, і ў ноч, калі праводзіліся выпускныя вечары, невядомыя вандалы зламалі адзін з іх. Нядаўна райспажыўтаварыства пасля рамонту аднавіла скульптурную кампазіцыю. Але ці надоўга?

Днямі разам з начальнікам аддзела жыллёвай гаспадаркі райвыканкама А.В.Бушуком мы праінспектавалі гарадскія вуліцы і завулкі ў плане падтрымання чысціні і парадку. І, трэба сказаць, убачылі шмат: як добрага і вартага пераймання, так і негатыўнага.

Адразу рэйд накіраваўся ў мікрараён шматпавярховай забудовы, якая па задуме архітэктараў і будаўнікоў павінна ўпрыгожваць наш райцэнтр. Сапраўды прыгожыя новыя пяціпавярховыя дамы бачныя здалёк, яшчэ на пад’ездзе да Пружан. А вось каля іх не ўсё так прыемна выглядае.
Трэба адзначыць, што жыльцы кааператыва павінны самі наводзіць парадак на прылеглай да іх дома тэрыторыі. На гэта неабходна выдаткоўваць сродкі і наймаць спецыяльных работнікаў. Дзесьці так і робяць, а дзесьці з добраўпарадкаваннем існуюць складанасці. Напрыклад, кааператыў «Ракасоўскага 28» зарос травой, хаця ў суседзяў у гэтым плане ўсё прыстойна. Як адзначае Аляксандр Вячаслававіч, у новым мікрараёне гэта даволі частая праблема, бо ў некаторых кааператывах адпаведная работа вядзецца толькі «час ад часу», хаця можна было б заключыць сезонную дамову з «Камунальнікам» ці, як іншыя, трымаць «на зарплаце» дворніка. 

Тое ж самае мы пабачылі і ў прыватным сектары. Так званае «царскае сяло» не ўсюды выглядае «па-царску». Напрыклад, на вуліцы Жукава каля аднаго дома спыніліся спецыяльна, бо наш «гід» настойліва папрасіў сфатаграфаваць той падворак у газету: ужо працяглы час уладальніку даюцца прадпісанні з патрабаваннем прыбраць тэрыторыю ад драўляных будаўнічых матэрыялаў, якія з цягам часу зараслі зеллем. Але, як бачна на здымку, сітуацыя не мяняецца… Літаральна праз некалькі дамоў на той жа вуліцы знайшлі супрацьлеглы прыклад. Дагледжаны падворак таксама вырашылі сфатаграфаваць, як узор руплівага гаспадарання. 
— Варта прызнаць, што вінаваціць у нядбайнасці можна не толькі жыльцоў прыватнага сектара, але нават і арганізацыі,— адзначае А.В.Бушук.— Умоўна прадпрыемствы горада можна падзяліць на тры тыпы: першыя наогул не задумваюцца аб парадку, пакуль не атрымаюць прадпісанне ад камунальнай службы, другія прыбіраюць толькі сваю тэрыторыю, а трэція імкнуцца навесці прыгажосць нават побач. У якасці прыкладу апошніх арганізацый можна назваць цэнтр банкаўскіх паслуг «Беларусбанка», фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. 

ЁСЦЬ і іншая «карцінка»:
некаторыя да нашай інспекцыі паспелі навесці парадак ці хаця б пачалі гэта рабіць. А іншыя нас проста праігнаравалі. У якасці прыкладу можна назваць двухпавярховы будынак на ўездзе ў горад з боку Аранчыц. Яго выкупіла слонімская будаўнічая фірма, якая правяла рэканструкцыю і… забылася пра сваю нерухомасць. У выніку камунальнікі вымушаны праяўляць уласную ініцыятыву і хаця б з фасада будынка абкошваць траву.
За некаторымі будынкамі ўтвараюцца стыхійныя смеццязвалкі, віна за якія — на жыльцах суседніх прыватных дамоў. Але пэўная адказнасць ляжыць і на тых арганізацыях, якія павінны даглядаць прылеглую тэрыторыю: чаму адкрыты доступ і чаму не наладжаны кантроль?

Напрыканцы інспекцыі начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі паказаў нам самае «балючае» месца гарадскога добраўпарадкавання. Гэта — гаражны кааператыў па вуліцы Макаранкі. Справа ў тым, што там спачатку трэба правесці маштабную работу па ўстанаўленні цяперашніх уласнікаў, бо падчас хаатычнага продажу ў пачатку 90-х гадоў яны мяняліся амаль штогод. Цяпер жа відавочна, што некаторымі гаражамі не карыстаюцца многія гады, іншыя нават пачалі разбурацца. 

Практычна кожны год камунальная служба праводзіць тут суботнік. Сёлета таксама яе працаўнікі тут упарадкоўвалі тэрыторыю —наводзілі парадак і грузавікамі вывозілі смецце. Але мінае некалькі месяцаў — і ўсё зноў вяртаецца да таго ж стану забруджанасці… 

Толькі факт

Як паведаміў галоўны інжынер КУВП «Камунальнік» С.В.Бабрук, з пачатку бягучага года выдадзена больш за 50 прадпісанняў арганізацыям, індывідуальным прадпрымальнікам і прыватным асобам з патрабаваннямі навесці парадак. За іх выкананнем устаноўлены строгі кантроль, ігнаруючых чакаюць штрафныя санкцыі.

Алег Сідарэнка, фота Сяргея Талашкевіча

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *