Понедельник, 24 сентября 2018

В республиканском конкурсе машинных дворов II место занял филиал РУП «Брестэнерго» «Агроэнерго Зеленевичи»

356

Агляды-конкурсы машынных двароў у рэспубліцы праводзяцца на працягу многіх гадоў. З кожным разам патрабаванні да ўдзельнікаў узрастаюць, і атрымаць перамогу або трапіць у лік прызёраў не так проста. І тое, што сярод усіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў рэспублікі (а іх налічваецца больш за 1600) другое месца заняў філіял РУП «Брэстэнерга» «Аграэнерга Зеляневічы», з’яўляецца значным дасягненнем для нашага раёна. У гэтым бачыцца вялікая заслуга дырэктара філіяла Л.М.Маскалевіча і інжынернай службы, якую ўзначальвае А.У.Хаян. 

Той, хто даўно быў на машынным двары сельгаспрадпрыемства, будзе прыемна здзіўлены: яго тэрыторыя заасфальтавана і па перыметры абнесена агароджай блакітнага колеру, абсталявана прахадная са шлагбаумам, галоўнае — створаны выдатныя ўмовы для работы механізатараў. Памяшканне рамонтнай майстэрні ў зімовы перыяд ацяпляецца. Абсталяваны раздзявальня, пакой для прыёму ежы, душавая.

Шмат зроблена і ў плане захавання тэхнікі. Праведзены бягучы рамонт павецяў для захавання сельгастэхнікі і капітальны рамонт боксаў для захавання камбайнаў.
Набыта новае абсталяванне ў рамонтную майстэрню: такарны станок, свідравальны, а таксама станок для дэмантажу пнеўматычных шын.
Пабудавана мыйка для сельгастэхнікі і аўтатранспарту, якая адпавядае ўсім патрабаванням экалагічнай бяспекі.

У сельгаспрадпрыемстве абнаўляецца і папаўняецца машынна-трактарны парк.
— Сёлета набылі два трактары: «Беларус-82.1» і «Беларус-1221», — гаворыць галоўны інжынер А.У.Хаян. — У мінулым годзе парк папоўніўся камбайнам «Палессе GS-1218».
Увогуле машынна-трактарны парк гаспадаркі налічвае 8 збожжаўборачных і 2 кормаўборачныя камбайны («КВК-800» і «Ягуар-870). Як лічыць Аляксандр Уладзіміравіч, гэтай тэхнікі дастаткова, каб паспяхова і ў вызначаныя тэрміны спраўляцца з уборачнымі работамі.

У гаспадарцы, дарэчы, створана і функцыянуе сістэма GPS-маніторынгу і кантролю транспартных сродкаў: амаль на ўсіх аўтамабілях і трактарах устаноўлены навігатары. Гэта дае магчымасць зніжаць затраты на набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў і максімальна рацыянальна выкарыстоўваць трактары і аўтамабілі. Павышаецца таксама дакладнасць пры выкананні работ па ўнясенні ўгнаенняў і сродкаў аховы раслін.

Як бачна, у філіяле РУП «Брэстэнерга» «Аграэнерга Зеляневічы» параўнальна за кароткі тэрмін шмат зроблена для стварэння належных умоў працы вадзіцеляў і механізатараў, работнікаў інжынернай службы. Але, як кажуць, удасканаленню няма межаў. Таму, вядома, работа ў гэтым накірунку будзе працягвацца і далей.

На здымку: галоўны інжынер філіяла РУП «Брэстэнерга» «Аграэнерга Зеляневічы» А.У Хаян.

Мікола Архуцік, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *