Воскресенье, 23 сентября 2018

Песни, танцы, стихи и… спортивные соревнования. В Пружанах отпраздновали День Независимости

591

3 ліпеня ўся краіна дружна святкавала Дзень Незалежнасці. Далучыліся да гэтага свята і нашы Пружаны. Як заўсёды, праграма мерапрыемстваў абяцала быць насычанай. І хоць халоднае надвор’е з няспынным дажджом унесла ў святкаванне свае карэктывы, але не стала перашкодай для ўшанавання памяці тых, хто змагаўся за нашу незалежнасць. Памятныя вянкі і кветкі ад кіраўніцтва раёна і працоўных калектываў, ускладзеныя каля помнікаў і абеліскаў горада, сведчылі аб тым, што мы памятаем, мы святкуем… 

Трэба аддаць належнае арганізатарам свята і асноўным яго ўдзельнікам: нягледзячы на тое, што на ўсіх выдзеленых пляцоўках гледачоў было няшмат, адпрацавалі ўсе шчыра і сумленна. Гулялі, спявалі, танцавалі і спаборнічалі ў розных конкурсах ад душы, нягледзячы на неласкавае надвор‘е.

Перамагаць… за Беларусь!
Першымі пачалі па-свойму святкаваць самыя вынослівыя жыхары дванаццаці сельсаветаў раёна, якія сабраліся на гарадскім стадыёне, каб прыняць удзел у раённай спартакіядзе. Спартыўнае свята працягвалася больш за чатыры гадзіны. Дзясяткі чалавек спаборнічалі ў сямі відах спорту. Пераможцаў вызначалі ў агульным і асабістым заліках. 
У гіравым спорце не было роўных асілкам Сяргею Базыльяну (катэгорыя да 90 кг) і Юрыю Жданаву (звыш 90 кг). У армрэслінгу ў катэгорыі да 90 кг перамогу атрымаў Віталь Алесік, таксама канчаткова прыціснуў супернікаў да стала цяжкавагавік Дзмітрый Грыгарчук. Досыць відовішчнымі аказаліся спаборніцтвы па міні-футболе.  Захапляльную гульню паказалі каманды з Ружанскага і Ліноўскага сельсаветаў, якія і занялі 1 і 2 месцы адпаведна. У дартсе не было роўных Аляксандру Хаяну, сярод жанчын перамагла Таццяна Навіцкая. У «інтэлектуальных» відах спорту — шашках і шахматах — найлепш паказалі сябе Валерый Гарачэўскі і Міхаіл Галузаў. Галоўным, фінальным, акордам спартыўнага свята стала перацягванне каната. У гэтым відзе спорту перамаглі асілкі з Ружанскага сельсавета. Менавіта яны і вывелі сваю каманду на першае месца. Другое месца — у спартсменаў-аматараў з Пружанскага сельсавета. Замкнулі тройку прызёраў удзельнікі з Мокраўскага сельсавета. Пераможцы атрымалі ад арганізатараў ганаровыя дыпломы, кубкі, падарункі і, вядома, словы падзякі за атрыманы зарад бадзёрасці і пазітыўны настрой, сапсаваць які не змог нават дождж…

Вершы чытаць… за Беларусь!
Цудоўную праграму пад агульнай назвай «Бібліятэчны гарадок» падрыхтавалі да свята бібліятэкары. Па цікавых «старажытных і сучасных вулачках» цэнтральнай раённай бібліятэкі амаль тры гадзіны з вялікім задавальненнем «шпацыравалі» госці.
На «Вуліцы майстроў» іх чакалі выставы творчых работ самых таленавітых супрацоўнікаў бібліятэк раёна і членаў іх сем’яў, а таксама славутых пружанскіх майстроў. Замілавалі вока прыгожыя карціны ад Валянціна Каршункова з Новых Засімавіч, крыжыкам вышытыя «казачныя» творы загадчыцы Ліноўскай сельскай бібліятэкі Алены Антончык і Наталлі Місюля з Клепачоў. Прывабіла сваёй арыгінальнасцю мноства работ ад чытачоў Хараўской бібліятэкі, дзе забуялі яркімі колерамі папяровыя кветкі і іншыя вырабы, выкананыя ў тэхніцы тарцавання.
Заглянулі госці і ў распісныя шкельцы ад народнага майстра РБ Марыі Кулецкай, павіталіся з «драўляным людам» знакамітага майстра Мікалая Тарасюка, з задавальненнем пачаставаліся духмянай гарбатай з аладкамі, блінамі і мёдам… І, нарэшце, збочылі на «Літаратурны бульвар», дзе разгарнулася галоўнае дзейства — прэзентацыя песні «Пружанская малітва», словы якой напісала добра вядомая ўсім нашым чытачам аўтарка выдатных гістарычна-краязнаўчых артыкулаў «раёнкі» і яе былы адказны сакратар Ірына Сядова. Менавіта яна асабіста і распавяла гісторыю стварэння гэтага шчымлівага і ўзнёслага верша, напісанага ў свой час як прадмова да яе кнігі «Нябеснае і зямное». І вось, дзякуючы намаганням сяброў Ірыны Уладзіміраўны, такіх жа, дарэчы, рупліўцаў сваёй справы, як і яна сама, была напісана фантастычная духоўная музыка — харавы паліфанічны шэдэўр, які выканаў і запісаў вакальны калектыў педагогаў Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Напалеона Орды.
Аўтар музыкі — ветэран культуры з г. Іванава Валянцін Перапёлкін, таленавіты кампазітар, выканаўца, педагог. У яго творчую скарбонку, багатую на творы вялікай жанравай формы (араторыі, оперы, канцэрты-рэквіемы, мюзіклы), цяпер уваходзіць і наша «Малітва», дзе, дарэчы, гучаць такія словы: «Блаславі наш край, Божа, і абарані…» Прызнацца, слёзы на вочы наварочваліся, калі я слухала гэтую «анёльскую» музыку…
Пасля такой кранальнай лірычнай прэзентацыі песні ўсе жадаючыя паўдзельнічалі ў не менш узнёслай акцыі «Жывая класіка»: прачыталі вершы, як ужо кажуць у народзе, чатырох паэтычных стаўпоў Пружаншчыны — «чатырох Міколаў»: Засіма, Купрэева, Антаноўскага і Папекі. Сваё захапленне гэтымі творцамі і ўдзячнасць арганізатарам свята выказалі мясцовыя паэты Ніна Дыдышка, Аляксей Радзівончык, кіраўнік клуба ветэранаў Святлана Несцерава, а таксама самая маленькая госця імпрэзы з в. Новыя Засімавічы Яна Мамедава. Адметна, што дзяўчынка, якая нядаўна прыехала з рускамоўнымі бацькамі з Узбекістана і сёння з дапамогай бабулі вывучае беларускую мову, выбрала для свайго выступлення вядомы верш Янкі Купалы «Мая малітва». 
Дарэчы, самых маленькіх гасцей чакаў асаблівы літаратурна-гістарычны маршрут. Яго падрыхтавалі супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі імя Алены Лось. У «Казачным скверы» для маленькіх чытачоў яны правялі розныя гульні, віктарыны і конкурсы і паказалі міні-спектакль тэатра маляванай лялькі па матывах беларускіх казак. У «Чароўным завулку» дзеці разыгралі бяспройгрышную латарэю і акунуліся ў магічную атмасферу, якую стварыў фокуснік Максім Гумен. Пасля яны разам з дарослымі прайшліся па «Гістарычнай плошчы», дзе ў пазнавальна-гульнёвай праграме-квэсце згадалі пра архітэктурныя жамчужыны Пружаншчыны, іх гісторыю. 

Песні спяваць… за Беларусь!
Асаблівай павагі заслугоўваюць юныя артысты, якія разам з нязменнымі вядучымі, клоўнам Віцем і яго сяброўкамі, наладзілі ў вялікай зале Палаца культуры цудоўную музычна-забаўляльную праграму «Разам усёй сям’ёй». На працягу амаль дзвюх гадзін для нешматлікіх гледачоў на сцэне ладзіліся гульні, а таксама гучалі песні ў выкананні юных зорак пружанскай эстрады: Уладзіславы Трапук, Кіры Беразнюк, Ганны Гаранінай, Валянціны Іванцовай, Ірыны Курусь, Ангеліны Шумскай, Арыны Памолавай, Алісы Асіпчук, Дар’і Казмярчук, Кацярыны Шэпель, салістаў вакальнай групы «Альтаір». Годным было і выступленне танцораў ансамбля «Тапатушкі», якія паднялі на сцэне неверагодны віхор запальных па. 

Шчыра кажучы, значна лягчэй было выступаць іншым пружанскім артыстам, якія ладзілі вечаровы святочны канцэрт на галоўнай гарадской плошчы. Вось тут ужо было каму ў чарговы раз ацаніць майстэрства салістаў народнага хору «Вербніца», народнага тэатра танца «Ойра», народнай групы «Родники» і іншых вядомых калектываў нашага горада: нарэшце спыніўся дождж — і людзі ўсіх узростаў рушылі на плошчу, каб раздзяліць з усім беларускім народам радасць за нашу квітнеючую краіну.
— Любоў да радзімы — пачуццё, неабходнае кожнаму чалавеку, — шчыра вітаў прысутных на канцэрце старшыня райвыканкама Міхаіл Мікалаевіч Крэйдзіч. — Гонар за нацыянальную прыналежнасць — гэта неад’емны элемент самавызначэння кожнага з нас. У няпростым сучасным свеце беларусы здолелі застацца самімі сабой. Таму са святам усіх вас, сябры! Здароўя, дабрабыту, стабільнасці і ўпэўненасці ў будучыні!

…Свята 3 ліпеня ў чарговы раз нагадала пра тое, што, нягледзячы на розныя погляды і захапленні, усе мы — адзіны, моцны і незалежны народ з даўняй гісторыяй і неабсяжнай будучыняй, паўплываць на якую мы можам толькі разам. Гэтак разам усе прысутныя ў завяршэнне свята выканалі гімн нашай краіны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *