Суббота, 17 ноября 2018

После победы на областном этапе игры «Зарница-2018» отряд «Третий батальон» СШ № 3 г. Пружаны успешно представил Брестскую область в республиканском финале

461

Пасля перамогі на абласным этапе ваенна-патрыятычнай гульні «Зарніца-2018» атрад «Трэці батальён» СШ №3 горада Пружаны 18-22 чэрвеня абараняў гонар Брэсцкай вобласці на рэспубліканскім фінале гэтай гульні, якая праходзіла на палігоне «Брэсцкі» 38-й Асобнай гвардзейскай Венскай Чырванасцяжнай дэсантна-штурмавой брыгады. 

У рэспубліканскім фінале прынялі ўдзел каманды-пераможцы ўсіх абласных этапаў і горада Мінска — усяго сем атрадаў юных армейцаў-зарнічнікаў. На працягу амаль цэлага тыдня ўдзельнікі фіналу пражывалі ва ўмовах палявога лагера з мінімальна зручнымі ўмовамі. Распарадак дня быў набліжаным да вайсковага: зарадка, палявая кухня, вучэбна-палявыя заняткі і вучоба па спецыяльнасцях, адпрацоўка і ўзгадненне дзеянняў на мясцовасці ў складзе падраздзялення. Арыентаванне на мясцовасці, выяўленне праціўніка і выжыванне ў экстрэмальных умовах, аказанне першай медыцынскай дапамогі, — усё гэта можа згадзіцца ўдзельнікам гульні як будучым абаронцам Айчыны.

Усе заняткі з удзельнікамі «Зарніцы» праводзілі афіцэры 38-й Асобнай гвардзейскай Венскай Чырванасцяжнай дэсантна-штурмавой брыгады. А ў іх было чаму павучыцца. Паказальныя выступленні дэсантнікаў падчас урачыстага адкрыцця гульні зрабілі моцнае ўражанне як на дзяцей, так і іх кіраўнікоў.

Праграма фіналу гульні ўключала мерапрыемствы ваенна-спартыўнага накірунку і творчыя конкурсы. Кожны атрад юных армейцаў паказаў сябе ў візітнай картцы «50 кадраў Зарніцы», удзельнічаў у КВіЗе «100 на 50» у форме інтэлектуальнай гульні, конкурсах баявых лісткоў (у пружанскай каманды — 3 месца) і інсцэніраванай песні (3 месца). 

Удзельнікі «Зарніцы» спаборнічалі акрамя гэтага ў ваенна-спартыўным конкурсе «Да абароны Айчыны гатовы» (1 месца), які ўключаў у сябе рубеж-1 — няпоўную разборку і зборку аўтамата Калашнікава (1 месца) і рубеж-2 «Снайпер» — стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі (3 месца). У праграме былі таксама праходжанне паласы перашкод, ваенізаваная гульня на мясцовасці (1 месца) і агляд строю і песні. Усе гэтыя выпрабаванні ўвайшлі ў агульны залік фінальнай гульні.

Неабходна адзначыць, што атрад СШ №3 годна прадставіў Брэсцкую вобласць на рэспубліканскім фінале. У ваенна-спартыўных конкурсах нашы вучні прапусцілі наперад толькі прадстаўнікоў Мінскай вобласці. Крыху слабей выступілі ў конкурснай праграме, што і прынесла нам у выніку чацвёртае месца. Зусім нямнога не хапіла, каб узняцца на прыступку п’едэстала гонару.

За нашу каманду выступалі Карына Маруфенка, Ксенія Ануфрэйчык, Аляксандра Суторма, Анжаліка Падлужная, Мікіта Пасько, Уладзіслаў Пстыга, Марк Богдан, Яўген Снегур, Іван Шаманаў, Аляксандр Ільюшонак.

Аляксандр Бажко, кіраўнік атрада юных  армейцаў СШ №3.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *