Понедельник, 24 сентября 2018

На заработки — шагом марш! В хозяйства района отправились студенческие отряды

441

— Аматараў рамантыкі просьба не звяртацца!— менавіта так тлумачыць арганізацыю работы сучасных студэнцкіх атрадаў першы сакратар райкама БРСМ Аляксандр Бабігорац.— Сёння тыя «традыцыі» трэцяга працоўнага семестра, што памятаюць нашы бацькі, калі студэнты аб’ядноўваліся ў групы, выязджалі на край свету, жылі ў палатках і гатавалі ежу на кастры, не працуюць і ўвогуле лічацца непрымальнымі.

Цяпер галоўная задача такой практыкі — даць магчымасць моладзі зарабіць падчас летніх канікулаў, для чаго трэба стварыць належныя ўмовы. Таму падрыхтоўчая работа пачынаецца яшчэ ў лютым: вядзецца пошук арганізацый, якія прымуць да сябе маладзёжныя брыгады, вывучаецца накірунак іх дзейнасці, абавязкі будучых работнікаў і, безумоўна, умовы іх пражывання і харчавання. Потым вядзецца фарміраванне спіса жадаючых падзарабіць у трэці працоўны семестр.

Традыцыйна з ахвотай студэнтаў аграрна-тэхнічнага каледжа, якія і фарміруюць асноўны касцяк студатрадаўскага руху ў нашым раёне, прымаюць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Заўсёды работа для іх ёсць на абласной доследнай станцыі, у ААТ «Пружанскі льнозавод» і «Жураўлінае». Сёлета на гэтых прадпрыемствах ужо працуюць тры студэнцкія атрады з 21 навучэнца. Мы пабывалі ў акцыянерным таварыстве «Жураўлінае» і ўвачавідкі пераканаліся ва ўмовах працы будучых спецыялістаў.

Камандзір студэнцкага атрада з сямі навучэнцаў трэцяга курса пружанскага каледжа Вадзім Мацько правёў нам своеасаблівую экскурсію па працоўных участках. Усе яго сябры навучаюцца на аддзяленні «Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельгасвытворчасці», пасля заканчэння якога атрымаюць спецыяльнасць механіка. Гэта ўлічыла кіраўніцтва гаспадаркі, калі размяркоўвала маладых работнікаў. Пяцярым з іх, хто мае вадзіцельскія пасведчанні трактарыстаў, выдзелілі трактары. Але не проста перадалі тэхніку, а даручылі самастойна правесці яе падрыхтоўку да будучых работ. Для Вадзіма, як і яго сяброў, гэта першы працоўны вопыт. «Унутранасці» трактара навучэнцы дакладна ведаюць, дзякуючы выкладчыкам каледжа. Цяпер трэба прымяніць свае тэарэтычныя веды і абслужыць тэхніку так, каб яна паехала і потым працяглы час працавала без паломак. Менавіта ад гэтага і будзе потым залежаць заработак маладых людзей. Як адзначае слесар 5 разраду А.В.Грынчанка, які курыруе работу студэнцкага атрада, хлопцы справіліся на «выдатна», але ж галоўную адзнаку выставяць палеткі, на якіх ім давядзецца працаваць. Свае веды і навыкі настаўнік з багатым вопытам перадаў юным падначаленым. Цяпер застаецца праверыць, наколькі адказна яны засвоілі навуку. 

— Карысць ад такой практыкі значна большая, чым ад вучобы за партай ці ў вучэбных майстэрнях,— дзеліцца сваімі ўражаннямі камандзір атрада.— Тут не спішаш, не папросіш настаўніка паўтарыць яшчэ раз. І ніхто не стаіць над табой, падказваючы далейшы крок. Такая работа прывучае да адказнасці за свае ўчынкі.

Відавочна, што абібокам, якія мяркуюць атрымаць адзнакі і характарыстыку толькі за тое, што проста з’явіліся на мехдвары, тут рабіць няма чаго. Гаспадарцы патрэбны працоўныя рукі, а яшчэ кіраўніцтва прадпрыемства прыглядаецца да тых, хто праз пару гадоў прыйдзе сюды працаўладкавацца. І нядобрасумленнага работніка наўрад ці прымуць сардэчна.

Знаходзіцца работа і для тых, хто не сядзе за штурвал: у майстэрнях пастаянна кіпіць рамонтная работа, а значыць, практыкі хопіць і будучым слесарам, якія працуюць пад кантролем свайго куратара.

Што да «былой рамантыкі», то сучасныя студатрадаўцы з ёй не сустракаюцца. Навучэнцаў каледжа гаспадарка размясціла ў гасцініцы аг. Клепачы. Як расказвае першы сакратар райкама БРСМ, тыя, хто працуе ў межах горада, жывуць у інтэрнаце сваёй навучальнай установы. А з навакольных вёсак арга-нізуецца падвоз. Таму ніякіх «палатак» не прадугледжана. Як  і «кастроў для гатавання ежы»: маладая брыгада, што працуе ў ААТ «Жураўлінае», харчуецца ў сталоўцы гаспадаркі тры разы на дзень. Пры гэтым кошт, напрыклад, абеду не перавышае рубля. Таму хлопцы спадзяюцца на тое, што і зарабіць за лета ім удасца даволі важкія сумы.

— Як паказвае практыка мінулых гадоў, даволі часта ў гаспадарцы навучэнцы каледжа затрымліваюцца на ўсё лета,— расказвае Аляксандр Бабігорац.— А некаторыя, калі дазваляе вучэбны графік, нават на верасень застаюцца. Думаю, што і гэты атрад не зменіць традыцыю.

На здымку: камандзір атрада Вадзім Мацько і яго напарнікі Дзмітрый Кот, Іван Трафімчук, Вадзім Студзенічнік і Мікіта Кананкоў з нецярпеннем чакаюць загаду на выезд у поле; нялёгкую навуку рамонту складанай тэхнікі пад кіраўніцтвам куратара А.В. Грынчанкі асвойвае Аляксандр Дзенісюк.

Алег СІДАРЭНКА,
фота Сяргея Талашкевіча

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *