Четверг, 19 июля 2018

«Сдай кровь — поделись жизнью»: в Пружанах отметили Всемирный день донора

293

Сусветны дзень донара крыві адзначылі ў Пружанах. Лейтматывам урачыстай сустрэчы, прысвечанай донарам, стала важнасць справы, якой займаюцца людзі, што здаюць кроў, і бязвыплатнага донарства ў прыватнасці.

Дзень донара — свята агульнасусветнага значэння. Упершыню яго адзначылі ў 2005 годзе. Дэвіз 2018 года — «Падумай пра іншых, здай кроў, падзяліся жыццём». Варта адзначыць, што з кожным годам у нашай краіне павялічваецца колькасць тых, хто праяўляе міласэрнасць і гатовы здаваць кроў бясплатна. Дзякуючы такім людзям, да 2020 года Беларусь плануе цалкам перайсці на атрыманне прадуктаў крыві шляхам бязвыплатнага донарства. 

Ганаровымі гасцямі мерапрыемства, якое прайшло ў актавай зале Пружанскай ЦРБ, сталі загадчык аддзялення пералівання крыві ЦРБ І.І.Сямашка, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Л.А.Лелікоўская, Ганаровы донар СССР П.П.Барадзюк і людзі, якія сваім непасрэдным удзелам дапамагаюць тым, хто мае патрэбу ў пераліванні крыві. 

Пра тое, як зараджалася донарства, расказаў Іван Сямашка. У сваім слове ён зазначыў, наколькі важна тое, што сёння сярод нас ёсць людзі, для якіх здача крыві стала традыцыйнай місіяй. Менавіта такія донары ў гэты дзень заслужылі асаблівай пашаны: яны рэгулярна прыходзяць у аддзяленне пералівання крыві, каб добраахвотна зрабіць справу, якая можа дапамагчы выратаваць нечыя жыцці. Сёлета колькасць Ганаровых донараў у раёне павялічылася яшчэ на тры чалавекі: ужо больш за сорак крывадач на рахунку Наталлі Жэдзік, Сяргея Дайнэкі і Сяргея Мацеюка. Да слова, у верасні яшчэ тры жыхары Пружаншчыны: Марына Гучок, Марына Трускова і Наталля Храпаль — будуць удастоены медаля «Ганаровы донар». 

Асобныя словы ўдзячнасці былі адрасаваны і маладым людзям, якія занялі актыўную пазіцыю ў пытаннях донарства. Да гуманнага кроку іх падштурхнула абласная акцыя «Кропля крыві», накіраваная на прапаганду бязвыплатнага донарства. Пасля першага яе этапу, калі ў Пружанскім аграрна-тэхнічным каледжы прайшла сустрэча з навучэнцамі, маладыя людзі былі вельмі ўражаны важнасцю бязвыплатнага донарства, і сярод іх знайшліся добраахвотнікі, якія вырашылі ўступіць у рады донараў. У выніку адзінаццаць маладых людзей бясплатна здалі кроў. Андрэй Маеўскі, Андрэй Шыян, Дзмітрый Яроміч, Юрый Фядзеня, Арцём Пятрань падчас мерапрыемства атрымалі граматы і падарункі з рук старшыні раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Людмілы Лелікоўскай. 

Да слова, за кошт срокаў, атрыманых дзякуючы бязвыплатнаму донарству, сёлета ў Пружанскую ЦРБ быў набыты камп’ютарны аптычны тапограф, які дазваляе без рэнтгеналагічнай нагрузкі выяўляць парушэнні апорна-рухальнага апарата ў дзяцей.

Святочная атмасфера мерапрыемства была створана і дзякуючы выступленням юных артыстак: Ірыны Курусь, Валянціны Іванцовай, Ангеліны Шумскай і Дар’і Казмярчук.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ,   Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *