Пятница, 25 сентября 2020

Наш опрос: Верите ли вы в приметы?

746

Чорныя кошкі і пустыя вёдры, чортавы вароты і нешчаслівыя нумары… Пагадзіцеся, прымхі вельмі трывала ўвайшлі ў наша жыццё. Таму здараецца, што нават самыя адукаваныя і разважлівыя людзі пры сустрэчы з імі чамусьці спрабуюць сплюнуць праз левае плячо… «А вы верыце ў іх?» — з гэтым пытаннем журналісты «раёнкі» звярнуліся да жыхароў і гасцей горада.

Наталля:
— Шчыра кажучы, я лічу сябе адносна забабонным чалавекам. Бо жыццё, у пэўным сэнсе, паказвала, што ў прыкметы варта верыць. Ва ўсякім выпадку, супа-дзенні былі. Чорная кошка пяройдзе дарогу — і чамусьці пачынаецца чарада непрыемнасцей. Бывала, што і соль рассыпаная прымушала панервавацца. Можа, я сама сябе так настройваю, але ўсё роўна баюся.

Ганна:— Я веру толькі ў прыродныя прыкметы. Вось, напрыклад, ластаўкі нізка лётаюць — будзе дождж, з бярозы цячэ шмат соку — да дажджлівага лета. На жаль, вельмі шмат людскіх фантазій і здагадак ідзе побач з рэальнымі народнымі прыкметамі. Не буду крывіць душой: адна прыкмета — калі птушка дзюбай стукае ў акно — можа моцна засмуціць. Нават тлумачэння гэтаму не знаходжу.

Пётр:— Прабачце, але буду катэгарычны. Ні ў якія прыкметы, ні ў якія гараскопы верыць нельга. Так напісана ў Бібліі. Адно з двух: альбо ты верыш у Бога, альбо — у лухту, але не сумяшчай! Невыпадкова само старажытнае славянскае слова “суеверие” літаральна азначае “дарэмная, пустая вера”. Гэта ж сорамна: асяняць сябе крыжам, біць паклоны і пры гэтым верыць невядома ў што, у нейкую чорную кошку, напрыклад. У Свяшчэнным Пісанні сказана, што ні адзін волас не ўпадзе з нашай галавы без волі Бога.

Вольга:— Дакладна ведаю, што вяртацца дадому — дрэнная прыкмета, асабліва калі наперадзе нейкая важная і адказная падзея. І тады ўмомант з’яўляецца дзіўнае хваляванне. Ужо і не ведаеш дакладна, ці то прыкмета “працуе”, ці то ты сам пачынаеш прыцягваць непрыемнасці. А яшчэ я веру ў адну добрую прыкмету — шчырую ўсмешку на твары сустрэчнага чалавека. Усміхайцеся самі — і ўсё будзе добра.

Алена Вітальеўна: — Я не забабонны, а сучасны чалавек, і веру ў прагрэс і сілу чалавечай думкі. І лічу, што ўсе выпадкі, пра якія шэпча народ, заўсёды можна растлумачыць з навуковага пункту гледжання. Што зробіш, людзі, не думаючы, прыслухоўваюцца да розных прымхаў: катоў абыходзяць, па дрэве стукаюць. Але, упэўнена, ніякія забабоны не перашкаджаюць лавіць поспех. Мы вышэй за іх: як вырашым, так і будзе, што запраграміруем, тое і здарыцца ў нашым жыцці.

Яўгенія: — Як нам тлумачылі ў школе, прыкметы — гэта некаторыя супадзенні сітуацый, запісаныя ўважлівымі людзьмі на працягу доўгага часу. Справа ў тым, што заўсёды людзі спрабавалі незразумелыя рэчы растлумачыць па-свойму. Адсюль і забабоны. Але з развіццём навукі, забабоны павінны знікнуць. Сорамна адукаваным людзям верыць ва ўсякую лухту. Адным словам, пустым вядром мяне не спыніш.

Думкамі цікавілася Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *