Среда, 21 ноября 2018

Белые ромашки, яблочный пирог, книги и друзья… Виктору Николаевичу Ковриге — 70!

589

Маленькая ўтульная альтанка, абвітая з усіх бакоў зялёнай вінаграднай лазой, духмяны пірог, з любоўю выпечаны гасціннай гаспадыняй, і жывы букет з белых рамонкаў на круглым стале, пакрытым такім жа бялюткім абрусам… Менавіта ў такой утульнай абстаноўцы адбылася наша сустрэча з паважаным у горадзе педагогам, былым дырэктарам сярэдняй школы № 5 Віктарам Мікалаевічам Каўрыгам, які заўтра будзе адзначаць 70-гадовы юбілей.
Дзяцінства «пад грукат цягнікоў»
Віктар Мікалаевіч нарадзіўся 24 чэрвеня 1948 года далёка адсюль, у в. Цялуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобл. Можна сказаць, усё дзяцінства прайшло каля чыгункі, на якой працаваў айчым.
— Гэты цудоўны чалавек цалкам замяніў мне бацьку, — са слязамі на вачах успамінае мой суразмоўца. — Айчым ставіўся да мяне лепш, чым іншыя ставяцца да роднага дзіцяці. Выгадаваў, выхаваў і стаў для мяне на ўсё жыццё прыкладам сапраўднага мужчыны: мужнага, працавітага, адданага, які ведае цану сяброўству і любові, словам і ўчынкам. Мама жыла за ім, як за каменнай сцяной…
У такой атмасферы любові і ўзаемаразумення яшчэ ў дзяцінстве выявілася паэтычна-рамантычная натура Віктара. З наступленнем цёплай пары, у вольны ад вучобы час, ён пасвіў уздоўж чыгункі карову, а заадно паспяваў чытаць кнігі і пісаць вершы. Ды яшчэ спяваў і сам сабе акампаніраваў. Таленавіты юнак у свой час нават стаў лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу салістаў.

Наперад у будучыню — за светлыя ідэалы
У цэлым, Віктар Каўрыга больш увагі надаваў гуманітарным навукам, таму і вырашыў пасля заканчэння школы паступаць на геафак, але не прайшоў па конкурсе. Аднак як сакратар камітэта камсамолу не застаўся без працы і ўладкаваўся старшым піянерважатым у школу, а праз год ужо быў дырэктарам Дома піянераў.
Магчыма, Віктар Мікалаевіч так і застаўся б на Бабруйшчыне будаваць светлую будучыню, калі б не тэрміновая вайсковая служба, на якую трапіў у Пружаны, у радыётэхнічныя войскі. А аднойчы, на адным з вечароў у вайсковай часці, сустрэўся з будучай жонкай Ірынай. Гэтая сустрэча стала лёсавызначальнай. З часам маладыя згулялі вяселле, выгадавалі і годна выхавалі двух дзяцей, дачакаліся трох унукаў. І, дасць Бог, праз два гады будуць святкаваць “залаты” юбілей свайго шчаслівага сямейнага жыцця.
Пасля службы ў войску Віктар Мікалаевіч некаторы час выкладаў спевы ў СШ № 4, а ў 1971 годзе па рэкамендацыі Міхаіла Аркадзьевіча Шульмана перайшоў у СШ № 1. І адразу паступіў на завочнае аддзяленне гістарычнага факультэта педінстытута ім. Горкага (сёння — універсітэт імя М.Танка), які паспяхова скончыў у 1975 г.
— На маё рашэнне звязаць сваё жыццё з гісторыяй паўплывала стаўленне да камсамолу і партыі. Як паказваў вопыт, партыя берагла сваіх людзей і падтрымлівала. Вось і захацелася вывучыць вытокі камуністычнага вальнадумства, — каментуе свой выбар Віктар Мікалаевіч, у нейкай ступені на яго паўплываў і Шульман, вядомы ў Пружанах краязнаўца і вышукальнік.

Капіталізм у дзеянні
Працуючы ў школе, Віктар Каўрыга працягваў пісаць вершы, вельмі шмат друкаваўся ў такіх газетах, як “На славу Радзіме”, “Паветраны вартавы”, “Зара”, “Настаўніцкая” і часопісе “Народная асвета”. Цікава, што ўнучка Віктара Мікалаевіча, якая заканчвае зараз Кракаўскі ўніверсітэт, паспрабавала неяк у рэспубліканскай бібліятэцы зрабіць выбарку ўсіх дзедавых артыкулаў — і не змагла. І не дзіўна: у свой час, пасля заканчэння ВНУ, Віктару Каўрыгу прапанавалі паступаць у аспірантуру БДУ. Паступіў і як знаўца польскай мовы атрымаў адпаведную тэму для дысертацыі. У пошуках “жывых” крыніц неаднаразова ездзіў у Польшчу. Балазе, далёкі сваяк па лініі жонкі правёз наваспечанага аспіранта па ўсім Вроцлаўскім ваяводстве.
— На кафедры мяне не зразумелі: не дуры, маўляў, з «жывым» матэрыялам, вывучай тэму па друкаваных ідэалагічна вывераных выданнях. Але мне было цікава сустракацца з працоўнай моладдзю, распытваць яе пра партыйны ўплыў. А моладзь у адказ адкрытым тэкстам заяўляла: «Якая ідэйная палітыка?! Давай грошы і будзем працаваць!» Вось што значыць капіталізм у дзеянні! У сацыялістычнай Польшчы наспяваў пераварот, і я, прадчуваючы гэта, прасіў кіраўніка памяняць мне тэму дысертацыі. Але гэта было няпроста: тэмы дысертацый зацвярджаліся ў Маскве. Хто будзе дзеля мяне гэтым займацца? І я вымушаны быў пакінуць аспірантуру, — сумна ўсміхаецца мой суразмоўца.
Вялікія карэктывы ў жыццёвы ўклад В.Каўрыгі ўнёс 1980 год, які запомніўся яму не столькі Алімпіядай у Маскве, колькі забастовачнай хваляй у Польшчы і стварэннем там незалежнага прафсаюза «Салідарнасць». У гэты ж год Віктар Мікалаевіч быў запрошаны ў ідэалагічны аддзел інструктарам райкама партыі, літаральна праз тры гады ён узначаліў ідэалагічны аддзел райвыканкама.

Выбар «правільнага» шляху
— Шчыра кажучы, я ніколі не думаў пра кар’еру, яе перспектыва мяне мала хвалявала. Але адзін блізкі сябар неяк сказаў: «Ніколі не адмаўляйся ад павышэння» — і я рызыкнуў: дзеля новых уражанняў нават пакінуў школу… Але праз некаторы час, у 1990 годзе, у ідэалогіі наступіў калапс: адбіліся наступствы гарбачоўскай перабудовы, і я вярнуўся ў школу, але ўжо ў новай, мабыць, самай вядомай маёй іпастасі — дырэктара СШ № 5.
Як было ў той цяжкі год дырэктару новай гарадской школы, вядома толькі яму.
— Прыйшоў, а ў нас яшчэ ганак не зроблены. Не паклеена, не пабелена. Работы шмат! А 1 верасня трэба ж лінейку ладзіць! Я да гэтага часу вельмі ўдзячны Яўгену Ціханавічу Галякевічу, майму намесніку па вучэбна-выхаваўчай рабоце, які меў велізарны вопыт па камплектаванні класаў і размеркаванні педагагічнай нагрузкі. Я ж аніякага ўяўлення аб гэтым не меў. Нізкі паклон Таццяне Міхайлаўне Дараховіч, Алене Фёдараўне Вакульчык, Таццяне Ільінічне Грошавай, Ліі Аляксееўне Неміровіч. Дзякуючы гэтым прыстойным людзям, у якіх я заўсёды быў упэўнены, з часам нам удалося правесці карэнную рэформу школьнай сістэмы, — успамінае Віктар Мікалаевіч сваіх калег, якія былі побач з ім на працягу доўгіх 20 гадоў і цяпер застаюцца добрымі сябрамі. Дзякуючы гэтай згуртаванай камандзе прафесіяналаў, СШ № 5 да 1995 года знаходзілася ў статусе школы-гімназіі, а сёння з’яўляецца адной з лепшых школ раёна з паглыбленым вывучэннем замежнай мовы.
Як дырэктар Віктар Мікалаевіч ніколі не трымаў на жорсткім кантролі настаўнікаў, абсалютна ім давяраў. І вельмі любіў дзяцей. Як сам кажа, усе праблемы з дарослымі і дзецьмі вырашаў з жартамі-прымаўкамі. Робячы стаўку на алімпіядны рух, за поспехі заўсёды прэміраваў спецыялістаў, усведамляючы каштоўнасць не толькі маральнага, але і матэрыяльнага стымулу. А з вучнямі размаўляў на роўных, як са сталымі асобамі. Можа, таму з кожным годам у школе колькасць выхаванцаў павялічвалася ў разы.
На пытанне, па якім прынцыпе ён адбіраў вучняў, дырэктар прызнаецца: «Бралі ўсіх жадаючых. Я заўсёды працаваў прыстойна і адкрыта, чым паспеў нажыць сабе ворагаў. Аднак у мяне ніколі не ўзнікала думкі, што я абраў няправільны шлях. Ніколі не трымаў у сабе крыўду. Усім дараваў. Жыў і радаваўся. Радасць жыццё падаўжае!» — шчыра ўсміхаецца Віктар Мікалаевіч Каўрыга.

Адданы садоўнік
У 2012 годзе ён пакінуў пасаду дырэктара школы і яшчэ трохі працаваў настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства. А сёння ў яго новае захапленне і новыя «выхаванцы» — саджанцы, якія ён вырошчвае ў сябе на дачы ў в. Вялікія Якавічы пад чулым кіраўніцтвам жонкі — вучонага-агранома.
— Яблыні, грушы, слівы, персікі, абрыкосы, вінаград! Працую з раніцы да вечара, затое, нягледзячы на шаноўны ўзрост, яшчэ адчуваю сілу ў руках. Бачу: прыжыўся саджанец, з’явіліся першыя лісточкі — і адразу атрымліваю неверагодную асалоду ад свайго хобі. Гэта раней не адразу бачыў плён сваёй працы… Толькі сёння, праз многія гады, калі сустракаю сваіх вучняў, пачынаю адчуваць, што ўсё ж такі прараслі закладзеныя мной зярняткі ведаў. Калі я чымсьці і ганарыўся ў жыцці, то сваімі вучнямі і кнігамі. Мы пойдзем адсюль, а памяць застанецца. А значыць, жыццё пражыта нездарма…

P.S. Кнігі Віктара Каўрыгі — гэта цэлая гісторыя яго працавітага жыцця, пра якую можна пісаць асобны артыкул. Найбольшай увагі заслугоўвае яго энцыклапедычнае выданне «Памяць», адно з першых падобных у вобласці. Віктар Мікалаевіч напісаў да яго практычна ўсе гістарычныя артыкулы: па эпохах старажытнасці і сярэднявечча, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Вялікай Айчыннай вайне і сучаснасці. З гэтай мэтай аўтар ездзіў нават у Ленінградскі медыцынскі архіў і ў ваенны архіў г. Падольска, дзе выявіў звесткі пра 300 воінаў і мірных жыхароў, якія загінулі на Пружаншчыне ў 1944 годзе падчас вызвалення, але не былі ўнесены ў спісы загінулых.
Алена Зялевіч,
фота Сяргея Талашкевіча

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *