Воскресенье, 20 сентября 2020

Накануне 22 июня в Пружанах прошел митинг-реквием

773

Колькі будзе існаваць чалавецтва, роўна столькі кароткая ноч 22 чэрвеня будзе вяртаць памяць людзей у страшны 1941 год. Год, які назаўжды змяніў гісторыю. А калі так здарыцца, што людзі праз стагоддзі пачнуць забываць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, дык сама прырода ўмомант – як было сёлета – узгадае ім пра той час сусветнага смутку і шматмільённых крывавых ахвяраў. 
У чацвер вечарам у Пружанах, як і ў многіх гарадах свету, адбыўся жалобны вечар-рэквіем. Трэці год запар самыя свядомыя жыхары горада, якім душэўны боль перашкодзіў заснуць, сабраліся ўздоўж алеі каля помніка “Спаленым вёскам”, каб аддаць даніну памяці і павагі ўсім, хто цаной свайго жыцця выканаў святы абавязак, абараняючы ад ворага сваю зямлю.
Члены грамадскіх арганізацый і ветэраны працы, навучэнцы каледжа і школьнікі, прадстаўнікі райвыканкама і проста неабыякавыя пажылыя людзі прыйшлі сюды, каб запаліць сваю свечку памяці і ўдзячнасці. Былі нават маленькія дзеці, якія з дзіцячай непасрэднасцю ўспрымалі пранізлівы “Рэквіем” Моцарта і не меней шчымлівую кампазіцыю з рэалістычнай кінастужкі на тэму Халакоста “Спіс Шындлера”. І толькі катэгарычныя глухія гукі метранома, які нібыта адлічваў апошнія хвіліны “мірнага” жыцця, прымусілі ўсіх сцішыцца і нарэшце пачаць памятную цырымонію.

Малітоўнай хваляй пранеслася над помнікам вядомае царкоўнае песнапенне «Спатоль мой смутак» у выкананні камернага хору пружанскага ГПК пад кіраўніцтвам Ірыны Буланьковай, а таксама лірычная песня “Два поля”. Мінорнаму настрою спрыялі і музычныя нумары ў выкананні выдатных пружанскіх артыстак – Карыны Шаманавай і Кацярыны Бусько.
Шчымлівымі і адначасова досыць пазнавальнымі атрымаліся гістарычна-паэтычныя хвіліны ад вядучых Алены Лосевай і Аляксандра Котава, якія нагадалі прысутным пра тую ноч сапраўды гарачага лета 1941 года, калі дарослыя мірна адпачывалі напярэдадні нядзелі, а тысячы выпускнікоў па ўсёй краіне рыхтаваліся сустракаць світанак і ў вясёлкавых думках ужо будавалі свае планы на светлую будучыню. Але гэтым марам не наканавана было споўніцца…
Вайна адабрала ад сем’яў тысячы моцных мужчынскіх рук, і ўвесь цяжар працы лёг на слабыя плечы жанчын, старых і дзяцей. Вайна пастукала ў дзверы ўсіх беларусаў і ў кожную трэцюю сям’ю прынесла жахлівую навіну.
Чатыры гады нягод і пазбаўленняў, 1418 сутак вынішчэння ўсяго жывога: в канцэнтрацыйных лагерах былі закатаваны мільёны пакутнікаў, спалена больш за 9200 вёсак, з іх 58 – на тэрыторыі Пружанскага раёна, разбурана 209 гарадоў, знішчана больш за 10 тыс. прамысловых прадпрыемстваў.
Увогуле ў тую вайну планета згубіла 55 мільёнаў чалавечых жыццяў. Усіх іх і ўспаміналі на жалобным вечары-рэквіеме, які доўжыўся – што вельмі сімвалічна! – менавіта 22 хвіліны. З кожнай з іх, здавалася, усё бліжэй і бліжэй падкрадалася пачуццё бяды і смутку. Сама прырода пачала ствараць жудасную рэтраспектыву апошніх мірных хвілін той ночы, калі на досвітку 22 чэрвеня 1941 года войскі фашысцкай Германіі парушылі дагавор аб ненападзе і перайшлі мяжу Савецкага Саюза: рэзка падняўся шквалісты вецер, грымоты парушылі цішыню ўздоўж усяго гарызонту, нагадваючы вогненна-чырвонае зарыва 77-гадовай даўнасці…

Усе прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памяць аб тых, хто, не шкадуючы свайго жыцця, заваяваў для будучых пакаленняў свабоду. Моўчкі паставілі ля падножжа помніка свечкі за вечны спачын загінулых і паспяшаліся дадому: набліжалася навальніца. 

Алена Зялевіч,
Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *