Суббота, 17 ноября 2018

Главный зоотехник Сергей Давыдик: «Хозяйство «Журавлиное» — моя судьба»

271

Апошнім часам шмат размоў ідзе пра замацаванне спецыялістаў аграрнай галіны на вёсцы. Нават называюцца ўмовы, якія неабходна стварыць для гэтага. На жаль, не ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах гэта атрымліваецца. У нашым раёне прыкладам можа служыць ААТ «Жураўлінае», дзе большасць спецыялістаў пасля абавязковай адпрацоўкі застаецца ў гаспадарцы. 
Галоўны заатэхнік Сяргей Давыдзік нарадзіўся ў 1984 годзе ў Ваўкавыску. Трэба адзначыць, заняткі бацькоў не былі звязаны з сельскай гаспадаркай: маці працавала поварам у дзіцячым садку, а бацька — мулярам у адной з будаўнічых арганізацый горада.
У сям’і Давыдзікаў выхоўвалася яшчэ і старэйшая сястра Сяргея, якая звязала свой жыццёвы шлях з медыцынай.
А чаму ж Сяргей, гарадскі жыхар, аддаў перавагу вёсцы? Аказваецца, усё даволі проста…
— Усё маё дзяцінства прайшло ў бабуляў і дзядуляў, якія жылі ў вёсках, — гаворыць Сяргей Валер’евіч. — А гэта — каровы, свінні, куры і іншая свойская жыўнасць.
Так любоў да жывёл прывяла юнака ў ваўкавыскі дзяржаўны аграрны каледж на аддзяленне заатэхнія. Пасля атрымання дыплома аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі Сяргей Давыдзік працягваў навучанне ў дзяржаўным аграрным універсітэце ў Гродне. Тут ён сур’ёзна захапляўся спортам, у прыватнасці валейболам.
— Падчас вучобы ва ўніверсітэце выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту па валейболе, — кажа Сяргей Валер’евіч.
Тады ж малады чалавек пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Аленай, якая вучылася з ім у адной групе. Пасля заканчэння ўніверсітэта Сяргей і Алена раз’ехаліся працаваць па розных гаспадарках: кожны на сваю малую радзіму.
У 2007 годзе іх злучыла ААТ «Жураўлінае», дзе маладая сям’я атрымала работу і дом прыся-дзібнага тыпу ў вёсцы Мокрае. Алена Іванаўна атрымала пасаду заатэхніка-селекцыянера, а Сяргей Валер’евіч — начальніка МТК «Мокрае».
Вядома, што працаваць на сучасным комплексе і асвойваць новыя тэхналогіі было няпроста. Але малады спецыяліст справіўся з усімі цяжкасцямі паспяхова. Больш за тое, МТК «Мокрае» па выніках работы за мінулы год па прадукцыйнасці дойнага статка стаў адным з лепшых у раёне (у разліку на карову атрымана 8101 кілаграм малака).
І невыпадкова, што ў лютым бягучага года Сяргей Давыдзік стаў галоўным заатэхнікам ААТ «Жураўлінае».
За апошнія дзесяць гадоў шмат чаго адбылося і ў асабістым жыцці Давыдзікаў. Сям’я стала шматдзетнай: цяпер там выхоўваецца трое дзяцей. Старэйшыя два хлопчыкі — школьнікі, а дачка Дар’я наведвае дзіцячы садок.
Не мог я не запытацца аб далейшых планах галоўнага спецыяліста. Сяргей Валер’евіч без разваг адказаў, што пакуль усё задавальняе і лепшага месца шукаць не даводзіцца.
— У Мокрым практычна ўсё як у горадзе: і басейн, і стадыён, і нават рэстаран, — гаворыць Сяргей Валер’евіч. — Дзеці таксама могуць атрымаць трывалыя веды ў нашай школе.
І сапраўды, сям’я Давыдзікаў можа смела будаваць планы на перспектыву.

Бліц-апытанне
— Пра што марыў у дзяцінстве?
— Хацеў стаць ветэрынарным урачом.
— Самыя яркія ўспаміны дзяцінства?
— Дапамога дзядулям і бабулям па гаспадарцы.
— Самае галоўнае, чаму ў дзяцінстве навучылі бацькі?
— Слухацца і паважаць дарослых.
— Любімая мясціна на зямлі?
— Гэта вёска Мокрае.
— Самы памятны дзень у жыцці?
— Нараджэнне дзяцей.
— На што не шкада патраціць грошы?
— На дзяцей.
— Як праводзіце выхадныя дні?
— Выязджаем з дзецьмі ў горад або на прыроду.
— Любімая свойская жывёла?
— Карова.
— Сава ці жаўрук?
— Жаўрук, таму што прачынаюся вельмі рана.
— «БМВ» або «Мерседэс»?
— «Мерседэс», але сам езджу на «Аўдзі».
— Кніга ці кіно?
— Кніга.
— Любімы занятак у вольны час?
— Рыбалка.
— Задавальненне ад працы ці памер зарплаты?
— 50 на 50.
— Любімы пісьменнік або паэт?
— Аляксандр Пушкін.
— Любімы від спорту?
— Валейбол.
— Адзінота або кампанія?
— Кампанія.
— Чорны ці белы?
— Белы.
— Дарыць ці атрымліваць падарункі?
— Атрымліваць
— Калі б усё давялося пачаць з самага пачатку?
— Паўтарыў бы свой жыццёвы шлях.
Мікола АРХУЦІК,
Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *