Понедельник, 24 сентября 2018

В ружанском музее открылась выставка работ именитых республиканских художников

362

Восьмага чэрвеня ў музеі «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў» адкрылася мастацкая выстава «Ружанскі вянок».


Ужо не першы год мастацкае аб’яднанне «Абуджэнне» прымае ўдзел у арганізацыі выстаў у Ружанах. Мастакі Андрэй Лычкоўскі (г. Узда), Фёдар Ладуцька і Яўген Шунейка (г. Мінск) — ініцыятары творчых праектаў у рэгіёнах краіны, якія вабяць творчых асоб багатым гістарычным мінулым і сучаснай рэчаіснасцю. Іх жаданне прыехаць і папрацаваць у Ружанах раздзялілі мастакі суполкі «Арт-Слонім»: Васіль Грыневіч, Казімір Кулеш, Аляксандр і Тамара Сцяцэнкі, а таксама мастак з Бярозы Анатоль Маразюк.


Кожны з аўтараў работ, створаных для выставы, «уплёў» у «Ружанскі вянок» сваю арыгінальную задуму, каляровае суквецце, шчыры настрой. Мастакі знайшлі пра што расказаць на палатне жыхарам і гасцям непаўторнага месца Брэстчыны. Усе іх творы — перададзеныя праз самыя розныя сродкі творчага самавыказвання аповеды пра ўчарашні і сённяшні дзень роднага краю. І гледачы вельмі дакладна могуць адчуць тыя жывыя і светлыя ўражанні, што спачатку атрымалі мастакі, якія не спыняюцца на дасягнутым, імкнуцца быць адкрывальнікамі новага і запамінальнага.
Акрамя аматараў мастацтва, наведвальнікаў музея, на ўрачыстым адкрыцці выставы прысутнічалі і аўтары прадстаўленых работ. Адзін з іх, Яўген Шунейка, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, звярнуў увагу на плённасць наладжанага супрацоўніцтва паміж творчым аб’яднаннем «Абуджэнне» і музеем у Ружанах. Як зазначыў Васіль Грыневіч са Слоніма, усе замалёўкі былі навеяны жывой атмасферай палацавага комплексу.


Падчас агляду работ наведвальнікі выставы скарысталіся магчымасцю пагутарыць з аўтарамі карцін. Варта адзначыць, мастакі не перастаюць захапляцца Ружанамі і веліччу палаца, рэшткі якога тут захаваліся. Каб зберагчы свае пачуцці, яны правялі пленэр.
Жадаючыя змогуць наведаць выставу да восьмага жніўня.
Крысціна Глушко, дырэктар музея
«Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *