Понедельник, 24 сентября 2018

Сезон праздников деревень открыли жители и уроженцы д. Березница

586

Добрай нагодай для аднавяскоўцаў сабрацца ўсім разам, а для тых, хто пакінуў сваю малую радзіму, наведаць родны куточак з’яўляюцца святы вёсак, якія так трывала ўвайшлі ў жыццё сельскіх населеных пунктаў. Сёлета аднымі з першых сезон гэтых святаў адкрылі жыхары і ўраджэнцы Бярэзніцы. 
Сёння ў Бярэзніцы засталося каля шасцідзесяці жыхароў. На першы погляд, яшчэ не так і мала. Але як кіпела тут жыццё яшчэ з дзясятак гадоў таму! Сёння гэта складана ўявіць, гледзячы на апусцелыя дамы з забітымі вокнамі. А яно тут не проста кіпела — бурліла: мяркуйце самі, магчымасць сустрэцца з аднавяскоўцамі знайшлі людзі, якія раз’ехаліся не толькі па Беларусі, але і па гарадах неабсяжнага былога Савецкага Саюза, — усяго больш за 250 чалавек!
Значнасць святу надала прысутнасць мноства ганаровых гасцей, якія, як і належыць у такіх выпадках, прыехалі не з пустымі рукамі. Акрамя віншаванняў, падарункі атрымалі юбіляры, шчырыя працаўнікі, самыя пажылыя жыхары… Сем’і Асташэняў, Маркевічаў і Рыпінскіх, напрыклад, прымалі добрыя словы і падарункі ад старшыні раённага Савета дэпутатаў М. П. Кудраўца з нагоды юбілеяў сумеснага жыцця — 65, 55 і 50-гадовага адпаведна. 
Працалюбівых работнікаў, якія сёння знаходзяцца на заслужаным адпачынку, ушаноўвалі прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў: М. П. Асташэню, А. Ф. Казлоўскую, З. Ф. Пракапеню — прафкам ААТ «Ружаны-Агра», В. Ф. Барысевіч, мужа і жонку Тоўсцікаў — адміністрацыя Варанілавіцкай школы, Г. М. Макарэвіч і Н. В. Маркевіч — прадстаўнікі гандлёвай і паштовай галін. Дзесяць сямейных пар, якія сёння жывуць у Бярэзніцы, атрымалі караваі, выпечаныя ружанскімі хлебапёкамі — падарунак ад мясцовага дэпутата Т. П. Юдчыц. Л. Р. Пракапеня і М. Ф. Суцько былі адзначаны Ружанскім сельвыканкамам як самыя руплівыя гаспадынькі: іх падворкі прызнаны аднымі з лепшых у вёсцы. Больш за дваццаць чалавек старэй 80-гадовага ўзросту атрымалі прадуктовыя наборы… Адным словам, без памятных сувеніраў, падарункаў і прэзентаў не застаўся ніхто, нават госці свята. 
Вядома, якое ж свята без артыстаў!? Настрой гледачам стваралі культработнікі з Калазубскага, Варанілавіцкага, Магілявецкага СДК, Ружанскага цэнтра культуры і вольнага часу, падвоз якіх арганізавала мясцовая гаспадарка.
Афіцыйную частку мерапрыемства завяршыла асвячэнне настаяцелем Варанілавіцкай Спаса-Праабражэнскай царквы айцом Уладзімірам паклоннага крыжа ў Бярэзніцы.
… За танцамі, конкурсамі, гульнямі, песнямі час праляцеў незаўважна. І завяршыўся Дзень вёскі ажно ў чатыры гадзіны раніцы.
«Пакуль у вёсцы будуць праводзіцца святы, якія здольны сабраць столькі людзей, Бярэзніца будзе жыць», — салідарнымі ў гэтым меркаванні былі людзі, калі разыходзіліся па дамах.

Марына Вакульская

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *