Четверг, 19 июля 2018

Волки, бродячие собаки и другие препятствия на пути «почтальона Печкина» из д. Лозовка

340

– Эх, Лазоўка, ты, Лазоўка,
Вёска мілая мая.
Як ты смутна выглядаеш:
І травою зарастаеш, і свой век ты аджываеш, даражэнькая…

Вось з такой шчымлівай паэтычнай прадмовы пачаў нашу гутарку Аляксандр Данілавіч Шчэрба, самы пажылы жыхар в.Лазоўка, якую сёння і вёскай цяжка назваць: некалькі старых дамоў, і ў тых ледзь-ледзь цепліцца жыццё. І толькі самотны каменны ідал, які невядома з якіх часоў, не зварухнуўшыся, стаіць пры ўездзе ў вёску, быццам з гонарам заяўляе, што застанецца тут навечна… 
Гутарка з гэтым паважаным чалавекам, які больш за 40 гадоў адпрацаваў сельскім паштальёнам у былым Старавольскім сельсавеце, пачалася з успамінаў. У свой час за выкананне ўсіх планавых заданняў і за распаўсюджванне друкаваных выданняў Аляксандр Данілавіч неаднаразова ўзнагароджваўся ганаровымі граматамі ад кіраўніцтва раёна, за працоўныя дасягненні быў нават занесены ў кнігу гонару пружанскага раённага вузла сувязі. 
Ударнік сацыялістычнай працы, ветэран працы, неаднаразовы пераможца сацспаборніцтваў “Лепшы па прафесіі”, ён нават сёння з гонарам апранае свой стары кіцель, абвешаны медалямі і значкамі, і цёмна-сінюю фуражку паштальёна. Летам на ровары, узімку пешшу (рэдка калгас даваў каня) Аляксандр Данілавіч нёс у кожны дом Лазоўкі, Абруба і Зарэчча па пяць-шэсць газет і часопісаў. А такіх дамоў тады амаль тры сотні было, у адной толькі роднай Лазоўцы ў 60–70-х гадах некалькі соцень жыхароў чакалі навін. І ніколі ні ў кога не было нараканняў на работу Аляксандра Шчэрбы.
– Так, мяне паважалі людзі і як ганаровага госця клікалі і на вяселлі, і на радзіны, — апраўдана хваліцца 88-гадовы паштальён. — А я ж, калі спачатку працаваў калгасным паштальёнам, праз дзень пошту насіў: араць і баранаваць, касіць і скірдаваць у калгасе даводзілася, бо рабочых рук не хапала. Гэта пазней, з лістапада 1965 года, усіх калгасных паштальёнаў перавялі ў раённы вузел сувязі — і стала крыху лягчэй. Пайшоў на пенсію ў 1992 годзе. Добрая і прэстыжная была ў мяне прафесія.
Можа, і добрая, але, як аказалася, цяжкая і небяспечная. Шмат перашкод сустракаў Аляксандр Данілавіч на сваім шляху. То зграя бадзяжных сабак яму дарогу пераходзіла, а аднойчы, дзякуючы свайму двухколаваму памочніку-ровару, змог уцячы ад двух ваўкоў.
– Маглі разарваць. Колькі сілы было, круціў педалі — з непрыхаваным хваляваннем стары ўспамінае перажытае. А я ўважліва слухаю яго і, спыніўшы погляд на скалечаных руках гэтага чалавека, не магу ўтрымацца ад пытання: што з ім здарылася? 
Як аказалася, пакалечыўся мой суразмоўца падчас вайны, яшчэ падлеткам. Быў сувязным у партызанскім атрадзе, у якім ваявалі два яго старэйшыя браты. Па іх просьбе ён збіраў у лесе кінутую зброю.
– Калі немец напаў, то многія салдаты ўцякалі і кідалі свае вінтоўкі. Я каля дзесяці вінтовак знайшоў, аднойчы натрапіў нават на кінуты кулямёт, схаваў у кустах і ноччу перадаў братам… А неяк знайшоў вялікую гільзу і адкалупнуў ножыкам верхнюю частку… Памятаю толькі, як агнём апякло руку… Стрыечны брат на кані завёз у Шарашоўскую бальніцу, там мне забінтавалі кісці і адправілі ў Пружаны, у ваенны шпіталь. Дзевяць тыдняў ляжаў у бальніцы!
З-за атрыманай траўмы Аляксандр Данілавіч так і не змог атрымаць спецыяльную прафесійную адукацыю. Па заканчэнні шасці класаў вячэрняй школы адразу пайшоў працаваць у калгас. Але жыццёвыя цяжкасці на гэтым не скончыліся. Аляксандра Шчэрбу літаральна падкасіла страшная душэўная траўма: амаль трыццаць гадоў была прыкавана да ложка яго дачка, якая ў дзяцінстве перанесла энцэфаліт, услед за ёй захварэла і жонка… 
– Вось ужо 18 гадоў я жыву ў адзіноце ў гэтым асірацелым доме. Нікому не нашу і ні ад кога ўжо не чакаю вестак. Эх, Лазоўка, ты, Лазоўка…

Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *