Пятница, 18 сентября 2020

Новые имена Беларуси: Татьяна Леонидовна Линевич

710

Таццяна Леанідаўна Ліневіч — настаўніца пачатковых класаў Шарашоўскай СШ, першакласны спецыяліст, чалавек-ідэя і проста неардынарная творчая асоба. Літаральна з першых заняткаў яна вучыць дзяцей не толькі вырашаць матэматычныя задачкі, пісаць прыгожым почыркам і чытаць немудрагелістыя сказы. Пад яе чулым кіраўніцтвам маленькія дзеці вучацца тварыць прыгажосць з дапамогай акрылу, гіпсу, мелу, фаамірану і іншых “заморскіх” матэрыялаў. 
– Дзякуючы Таццяне Леанідаўне, якая працуе ў школе 12 гадоў, у нашых дзяцей ніколі не ўзнікае пытання: дзе ўзяць падарункі на 8-е Сакавіка, Новы год, юбілеі і іншыя школьныя святы. Яна вядзе ў школе гурткі творчасці, арганізоўвае для ўсіх майстар-класы і вучыць нас усяму, чаму навучылася сама, — з задавальненнем расказвае пра настаўніцу з залатымі рукамі дырэктар школы Аксана Іосіфаўна Пернач.
Сапраўды, у гэтай школе, куды ні глянь, усюды ўбачыш нешта незвычайнае: тут — дрэўца з бісеру і букет з шаўковых кветак, там — зваранае ўручную мыла ў выглядзе фігуркі птушкі і размаляваныя шкляначкі. Яшчэ далей — кошычкі, плеценыя з папяровай лазы, і мноства іншых вырабаў, выкананых з ювелірным майстэрствам. 
Яшчэ больш рукатворнай прыгажосці ў хаце настаўніцы-майстрыхі. Пераступаеш парог — і быццам у дзіцячую казку трапляеш. На сценах у калідоры — маляўнічыя пано, на адкрытых стэлажах у некалькі паверхаў размясціліся гіпсавыя міні-домікі з каляровымі стрэхамі. Побач з імі, бы вартаўнікі, коса паглядаюць вылепленыя шчанюкі. На фантастычны антураж працуюць арыгінальныя падсвечнікі і кветкі з бісеру…


– Маё захапленне пачалося шмат гадоў таму менавіта з бісерапляцення. Потым перайшла на халодны фарфор і цестапластыку, пазней захапілася фларыстыкай. Я не люблю спыняцца на адным. Дарэчы, і дзяцей да няспыннай творчасці прывучаю. У нас усе далучаныя да працы. Мы не можам сядзець без справы. Хтосьці адпачывае за фільмам, а мы з дочкамі рукадзельнічаем. Для гэтага нават выдзелілі спецыяльнае месца на кухні, — паказвае сваю маленькую “майстэрню” каля кухоннага стала Таццяна Леанідаўна.
Сапраўды, нядзіўна, што ў такой мамы і дзеці майстравітыя растуць. У мінулым годзе, аказваецца, старэйшая дачка Аляксандра перамагла на раённым этапе конкурсу інавацыйных тэхналогій “Тэхнаёлка” і абараняла гонар нашага раёна на рэспубліцы. Ужо ў гэтым годзе дзяўчынка лідзіравала ў намінацыі “Кераміка” на абласным конкурсе-выставе “Вясёлкавы калейдаскоп”. Падрасце і вельмі верагодна, што возьме за маму рэванш на рэспубліканскім прафсаюзным конкурсе творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны ў Беларусі”, на якім у пазамінулым годзе Таццяна Леанідаўна Ліневіч не змагла прабіцца ў фінал. Пажадаем сямейству Ліневічаў поспехаў на шляху ўпрыгожвання навакольнага свету!

Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *