Воскресенье, 23 сентября 2018

В пружанском парке открыли памятную скамью в честь Антона Токаревского

689

Апошнім часам, здаецца, наш цудоўны пружанскі парк канчаткова вярнуў сабе былую славу галоўнага месца культурнага адпачынку жыхароў і гасцей горада. Вось і ў мінулую пятніцу пад шатамі векавых дрэў сабраліся тут гараджане ўсіх узростаў, каб на вечары керамікі ўшанаваць памяць нашага слаўнага земляка, народнага майстра, ганчара Антона Такарэўскага.


Шыкоўная насычаная імпрэза пад агульнай назвай «Захаваная полымем» пачалася з урачыстага адкрыцця памятнай лавы ў гонар гэтага знакамітага майстра. Незвычайны арт-аб’ект размясціўся недалёка ад флігеля музея-сядзібы «Пружанскі палацык», дзе трыма месяцамі раней з’явілася ганчарная майстэрня, у якой прайшлі навучанне ўладальнікі аграсядзіб, дзеці, моладзь і беспрацоўныя жыхары раёна.
Ганаровае права адкрыць лаву для агляду гледачам было дадзена нявестцы майстра Яўгеніі Мікалаеўне Такарэўскай і намесніку старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновічу. 

Яны скінулі белае палатно — і перад прысутнымі «распасцёрла» крылы вялізная птушка з бетону, упрыгожаная рознакаляровай мазаікай. Яе тулава нагадвае горн (печ для абпалу), а галава стылізавана пад сонца, якое сімвалізуе агонь у ганчарнай печы. Дэкор крылаў — «елачкі», «сетачкі», «палосачкі» — цалкам перадаюць тыя ўзоры, якімі Такарэўскі з любоўю ўпрыгожваў свае глянцаваныя гаршкі. А маленькая птушка, якая нібы «прысела» на лаву, — гэта вобраз яго душы, якая быццам прыляцела на свята, каб з усімі парадавацца адраджэнню ганчарства на сваёй радзіме.
Ідэя і досыць незвычайны дызайн лавы належаць мясцовай мастачцы Наталлі Грыцко, а ўвасобіць ідэю ў жыццё аўтару дапамаглі 16 удзельнікаў керамічнага пленэра «Буслянка», які ў гэтыя дні праходзіць у в. Залессе на базе экасядзібы «Арт-прастора «Птах».


Мастакі-керамісты з Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, а таксама з Мінска пад кіраўніцтвам народнага майстра Беларусі Васіля Логвіна папярэдне збудавалі на сядзібе вулічную печ, у якой і абпалілі да свята свае вырабы — варыянты знакамітай пружанскай задымленай керамікі. Дарэчы, усе гэтыя «свежыя» збаны, глякі, спарышы, макотры і іншыя фігурныя гліняныя рэчы былі паказаны гасцям мерапрыемства на выставе, якая адкрылася падчас імпрэзы ў флігелі і будзе дзейнічаць там да канца чэрвеня.


—Мы шчыра імкнуліся ў Год малой радзімы такім арыгінальным чынам увекавечыць памяць пра Антона Рыгоравіча, і ў нас гэта атрымалася, — адзначыла на керамічнай вечарыне галоўны яе арганізатар, старшыня раённага экалагічнага грамадскага аб’яднання «Агратур» Алена Ляўчук. — Цудоўная выстава! Цудоўная лаўка! Як бачыце, атрымаўся маленькі шэдэўр, сапраўднае ўпрыгажэнне для горада і парку. Веру, што сёння дзеці і дарослыя не проста прыйдуць і пасядзяць на лаве, а ўспомняць чалавека, які шмат зрабіў для Пружан. Антон Такарэўскі быў апошнім вядомым майстрам, які валодаў старадаўняй тэхналогіяй чарнаглянцавай керамікі, унікальнага рамяства, гісторыя якога на Пружаншчыне налічвае, як мінімум, пяць стагоддзяў. Мы ўсе разам вяртаем гораду гэта старадаўняе рамяство!..

Пасля ўсіх гледачоў паклікалі на майстар-класы, якія распачаў вядомы ў краіне кераміст, старшыня Брэсцкага аддзялення саюза мастакоў Павел Рабаў. За ім і іншыя майстры прадэманстравалі публіцы магчымасці сучаснага ганчарнага электрычнага круга, пакруціць які змог кожны жадаючы. Асабліва радаваліся такой магчымасці дзеці: выпацканыя глінай, яны і збанкоў наляпілі, і ўдосталь наскакаліся разам з клоўнам Віцем падчас гульнёвай праграмы, якая разгарнулася перад палацыкам.


Заключным акордам на вечары прагучалі цудоўныя народныя спевы ад народнага фальклорнага гурта Аранчыцкага СДФ
«Бабіна лета», аматарскага аб’яднання Навасёлкаўскага СДК «Смаляначка» і вакальнага гурта Сланімцоўскага СКБ «Надзея».

***

Адкрыццё ганчарнай майстэрні стала магчымым, дзякуючы мясцовай ініцыятыве «Адраджэнне аўтэнтычнага рамяства керамікі як каталізатара развіцця камернага турызму на Пружаншчыне» ў рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН.
Ініцыятыва накіравана на садзейнічанне павышэнню турыстычнага патэнцыялу Пружанскага раёна.

Алена Зялевіч,
фота Сяргея Талашкевіча

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *