Четверг, 19 июля 2018

Во Дворце культуры прошли торжества, посвященные Дню медика

593

У нядзелю сваё прафесійнае свята адзначалі медыкі. Урачыстае мерапрыемства з гэтай нагоды напярэдадні прайшло ў Палацы культуры. 

Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, пераацаніць працу людзей, якія прысвяцілі сябе медыцыне, складана. Словы ўдзячнасці, бадай, за самую гуманную справу ён адрасаваў усім, хто стаіць на варце здароўя людзей, — ад урачоў да малодшага медперсаналу. «У медыцыне няма людзей з халодным сэрцам. Няхай яно заўсёды застаецца гарачым, каб клапаціцца як пра блізкіх людзей, так і пра нас, пацыентаў», — пажадаў людзям у белых халатах Руслан Васільевіч. Дзяржаве важна, як працуе медыцынская галіна: дабрабыт краіны знаходзіцца ў прамой залежнасці ад якасці работы людзей у белых халатах, падкрэсліў ён.

Шмат цёплых слоў адрасаваў калегам і галоўны ўрач ЦРБ Віктар Дараневіч. «Прафесія медыка адна з самых высакародных, складаных і адказных. У вашых руках галоўная каштоўнасць — жыццё і здароўе людзей. Той, хто абраў гэты шлях, ведае сапраўдны кошт чалавечага жыцця, гатовы ў любы час, і днём, і ноччу, прыйсці на дапамогу, — зазначыў Віктар Міхайлавіч. — Іншы раз выгараючы самі, вы даяце надзею і ўсяляеце веру ў выздараўленне іншых». Ён пажадаў калегам здароўя, душэўнай цеплыні, прафесійных дасягненняў, радасці ад кожнага пражытага дня, аптымізму і дабрабыту.

Высокі прафесіяналізм работнікаў медыцынскай галіны Пружаншчыны як звычайна быў адзначаны не толькі на раённым узроўні. Шэраг узнагарод: ганаровыя граматы і падзячныя лісты райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, упраўлення аховы здароўя аблвыканкама, ЦРБ — сёлета атрымала каля паўтара дзясятка ўрачоў, медсёстраў і іншых работнікаў бальніцы: загадчыца Шчарчоўскага ФАПа І.У.Жэдзік, сястра-гаспадыня тэрапеўтычнага аддзялення Н.У.Мароз, загадчыца Навасёлкаўскай амбулаторыі Я.Р.Гарустовіч, урач-эндакрынолаг І.К.Кажэўнікава, урач—афтальмолаг Л.М.Шаўчэня, медстатыст Н.У.Раўнейка, урачы-тэрапеўты М.І.Пачынчык і Т.В.Шаблінская, старшая медсястра аддзялення анестэзіі і рэанімацыі А.М.Кот, урач-педыятр Ж.В.Пракапеня…


Граматы абкама прафсаюза работнікаў аховы здароўя творчаму калектыву бальніцы «Негожин и Ко» і вадзіцелю брыгады «хуткай дапамогі» Г.Г.Вільчыку ўручыла старшыня прафкама ЦРБ Наталля Кабрынец.
Заслужаным работнікам медыцыны і ветэранам працы, якія таксама прысутнічалі ў зале, адрасаваліся асобныя словы ўдзячнасці. Не забылі медыкі напярэдадні свайго прафесійнага свята згадаць і былых калег, якія пайшлі з жыцця: іх памяці прысвяцілі відэаролік. 

…Варта адзначыць, што работнікі Пружанскай ЦРБ не толькі лечаць сваіх пацыентаў. Яны яшчэ могуць быць і артыстамі. Канцэрт, які прайшоў на сцэне Палаца культуры, быў падрыхтаваны таксама медыкамі. Гэтак жа як і святочная праграма, арганізаваная старшай медсястрой траўматалагічнага аддзялення ЦРБ Ірынай Шэйко. Артыстычна выступілі Ірына Лапаценка, Вікторыя Смаль, Наталля Кулік, трыа «Негожин и Ко», Таццяна Клюкач, Ганна Шопік, Аляксандр Бушук. Апладысментамі праважалі са сцэны і юных танцораў з ансамбля «Рубікон».

Марына ВАКУЛЬСКАЯ,
Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *