Понедельник, 10 декабря 2018

Пружанский тайский бокс, или Как за полгода тренировок получить разряд

442

Шчыра кажучы, да нядаўняга часу маё ўяўленне пра тайскі бокс было зусім недарэчным: барацьба ды барацьба, дзе сапернікі лупцуюць адзін аднаго. Менавіта таму я і адхіляла далёка не рамантычную прапанову наведаць трэніроўку новай спартыўнай секцыі “муай-тай”, якая нядаўна адкрылася ў Пружанах. І толькі гучныя перамогі нашых хлопцаў на абласных спаборніцтвах прымусілі мяне пераступіць парог спартыўнай залы…
Размінка праходзіла пад традыцыйную тайскую музыку, якая задавала рытм рухам і, здавалася, уводзіла маладых спартсменаў, а разам з імі і мяне, у нейкі транс. Музыка нібы імітавала ход паядынкаў: спачатку гучала плаўна і спакойна, а па ходзе бою рытм паскараўся і ў кульмінацыйныя моманты сутычак набываў апантаны характар.
— У Тайландзе, радзіме “муай-тая”, лічыцца, што падобныя гукі маюць магічныя ўласцівасці: дазваляюць вызваліць свядомасць барцоў ад лішніх думак і расслабляюць псіхіку, — сваім каментарыем умомант вывеў мяне з трансу трэнер па тайскім боксе Яўген Дзмітрыевіч Ціхановіч.
Гэта пад яго чулым кіраўніцтвам яны — Улад Неміровіч, Сяргей Ахрымчук, Аляксей Каўганка (усе трое з СШ № 4), выпускнік гімназіі Сяргей Тарасевіч і навучэнец каледжа Серафім Бугаёў – нядаўна навялі жах на сапернікаў на адкрытым першынстве г. Баранавічы, куды з’ехаліся славутыя баксёры з Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. У сваіх узроставых і вагавых катэгорыях хлопцы занялі лідзіруючыя пазіцыі.
Праз некалькі дзён на Адкрытым чэмпіянаце Брэсцкай вобласці, дзе сабраліся наймацнейшыя спартсмены з усёй краіны, Сяргей Ахрымчук пацвердзіў свой клас: у першым жа раўндзе накаўтаваў вопытнага саперніка з Белаазёрска, заняў I месца ў сваёй вагавой катэгорыі (да 51 кг) і атрымаў першы юнацкі разрад.
— Дзякуй маім выхаванцам: яны паказалі прыгожы тэхнічны бой! Нас пахвалілі нават мае былыя трэнеры, — зрабіўшы некалькі своечасовых заўваг спартсменам, працягнуў дзяліцца эмоцыямі Яўген Дзмітрыевіч, які чатыры гады таму, пасля заканчэння фізічнага факультэта Брэсцкага ўніверсітэта ім. Пушкіна, быў накіраваны на адпрацоўку ў Шаняўскую СШ, у якой выкладае і зараз.
Сам Яўген Ціхановіч родам з в. Роўбіцк, і першым сваім трэнерам, які прывіў яму асаблівую любоў да адзінаборстваў, ён лічыць настаўніка фізкультуры з Роўбіцкай СШ Уладзіміра Уладзіміравіча Чмака.
— Спачатку я захапляўся самба, але пасля з’яўлення праблем са спінай па рэкамендацыі ўрачоў вымушаны быў яго пакінуць. Пазней сябры і стрыечныя браты-тайбаксёры, адзін з якіх мае тытул чэмпіёна Брэсцкай вобласці, прыцягнулі мяне ў муай-тай. Так, гэта досыць жорсткі від спорту. Дарэчы, ён быў прыдуманы ў Тайландзе менавіта для сур’ёзнай абароны. Тут баксёры ў дасканаласці валодаюць усімі часткамі цела і самымі кароткімі прыёмамі абясшкоджваюць саперніка. Іх нездарма называюць “васьмірукімі”. Рукі-ногі, калені-локці — дазволены ўдары ўсімі часткамі цела, акрамя галавы.
Трэнер усё расказваў, а я ўсё назірала за відовішчнымі “скруткамі”, “джэбамі”, “кросамі”, “хукамі”, “аперкотамі” і іншымі фантастычнымі ўдарамі яго байцоў.
— Гэтыя баксёры – мой твар і гонар. Усіх іх аб’ядноўвае вельмі моцная матывацыя — навучыцца перамагаць. Секцыя ж існуе менш чым паўгода, а яны ўжо дамагліся сур’ёзных вынікаў і, як бачыце, годна прадставілі Пружаны на прэстыжных спаборніцтвах. Яны не прапусцілі ніводнай трэніроўкі. Працавалі старанна з дня ў дзень. Але самае галоўнае — гэтыя людзі ніколі не будуць прымяняць болевыя прыёмы за межамі спартыўнай залы. Я ў іх абсалютна ўпэўнены.
Згодна з кодэксам муай-тая, кожны з іх высакародны, сумленны і сціплы чалавек.
Дарэчы, пакуль гэтыя расхваленыя юнакі на маіх вачах змагаліся ў спарынгах, дзяўчаты адпрацоўвалі ўдарную тэхніку і вядзенне дыстанцыі на “лапах” (пенных падушках у руках партнёра) і мяшках.
У цэлым уся група падзелена на дзве падгрупы: адны працуюць больш жорстка і з вялікімі нагрузкамі, іншыя, пачаткоўцы, толькі робяць першыя крокі ў муай-таі і трэніруюцца ў сваё задавальненне. Нядзіўна: тайскаму боксу ўжо больш за дзве тысячы гадоў, а прыёмы і тэхніка ўвесь гэты час не мяняліся. І кожны, хто захоча сябе выпрабаваць у муай-таі, адчуе дачыненне да вялікага баявога майстэрства, шлях да якога пачынаецца з клятвы: “Я буду моцным і чыстым. Я буду заўсёды ўсё рабіць сумленна. Я ніколі не пачну хваліцца сваёй сілай і крыўдзіць слабых. Я буду падпарадкоўвацца сваім настаўнікам і буду верны сваёй нацыі. Мы ўсе, вучні і настаўнікі, заўсёды будзем дапамагаць адзін аднаму і будзем адзіныя ў сваіх мэтах і намерах”.
НА ЗДЫМКАХ: Сяргей Тарасевіч (II месца), Серафім Бугаёў (I месца), Аляксей Каўганка (II месца), Улад Неміровіч (I месца) і Сяргей Ахрэмчук (I месца); моманты трэніроўкі.
Алена Зялевіч, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *