Воскресенье, 24 июня 2018

От улыбки станет всем светлей. В Пружанах прошла благотворительная акция

233

Паветраныя шарыкі колеру сонечных прамянёў, шчырыя ўсмешкі і вясёлы дзіцячы смех… У мінулую пятніцу прахожыя па вуліцах Урбановіча і Савецкай сталі сведкамі незвычайнага шэсця: ад цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі да галоўнай плошчы горада весела крочылі выкладчыкі ўстановы, іх юныя выхаванцы (дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця) і шматлікія валанцёры, гатовыя падтрымаць сваіх «асаблівых» сяброў у любую хвіліну. Такім арыгінальным чынам у горадзе стартавала дабрачынная акцыя «Усміхніся!», прымеркаваная да Міжнароднага дня сяброў, які адзначаўся ва ўсім свеце 9 чэрвеня.
Акцыя была арганізавана спецыялістамі карэкцыйнага цэнтра для таго, каб падтрымаць фарміраванне ў нашым грамадстве талерантнага і міласэрнага стаўлення да дзяцей з праблемамі развіцця і каб навучыць гэтых дзяцей бязбоязна наладжваць зносіны са сваімі здаровымі аднагодкамі.
Мерапрыемства праходзіла ў тры этапы. Першапачаткова, яшчэ па ходзе шэсця, яго ўдзельнікі распаўсюджвалі сярод жыхароў і гасцей горада тэматычныя лістоўкі, шарыкі-смайлікі і заклікалі прахожых падарыць дзецям шчырыя ўсмешкі. Прыемна, што магчымасць адарыць малых цяплом і ласкай не прапусціў ні адзін чалавек. «Асаблівыя» дзеці з удзячнасцю акуналіся ва ўзнятую хвалю пазітыўных эмоцый.
Далей на плошчы каля Палаца культуры быў арганізаваны вясёлы танец-флэшмоб «Усміхайся», да якога таксама падключыліся неабыякавыя людзі. Прыгожа апранутыя, вясёлыя, шчаслівыя дзеці – з гарэзнымі вяснушкамі на тварах, з тонкімі касічкамі, якія тырчалі ў розныя бакі, і сімпатычнымі чубкамі — танцавалі ад душы ў асяроддзі не менш шчаслівых і прыгожых дарослых.
Пасля ўдзельнікі «добрага» марафону пакрочылі ў гімназію, дзе да іх далучыліся выхаванцы летняга аздараўленчага лагера. Напярэдадні гімназісты вырабілі вясёлыя смайлікі, якія і падарылі сваім сябрам з карэкцыйнага цэнтра. А потым усе дружна весяліліся, гулялі і танцавалі з валанцёрамі.

Свята вялікай каштоўнасці ў жыцці чалавека — сапраўднага, адданага сяброўства, якое заўсёды нараджаецца незалежна ад фізічных магчымасцей і розных жыццёвых сітуацый — атрымалася на славу, і, здаецца, сапраўды літаральна за дзве гадзiны свет стаў дабрэйшым.
Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *