Суббота, 5 декабря 2020

«ЮНІМІЛК Пружаны» і яго дырэктар

2 455

Днём нараджэння сумеснага беларуска-расійскага адкрытага акцыянернага таварыства (СААТ) «ЮНІМІЛК Пружаны» лічыцца 31 жніўня мінулага года, калі цэх па выпуску натуральнамалочнай прадукцыі ААТ «Пружанскі малочны камбінат» быў перададзены ў арэнду расіянам. Тут было ўстаноўлена новае абсталяванне па выпуску малака. Пацярпела рэканструкцыю і гасцініца «Верас». Цяпер на яе другім паверсе размешчаны офіс новага прадпрыемства. Малочныя прадукты пачалі дастаўляць у раён з Бярозы, Кобрына, Ваўкавыска, Баранавіч. Многія пружанцы незадаволены іх якасцю і катэгарычна выказваюцца за вяртанне «смачнага пружанскага малака». Хвалююцца акцыянеры малочнага камбіната: маўляў, што будзе з нашымі акцыямі?.
А тым часам напярэдадні Каляд «ЮНІМІЛК Пружаны» выдаў сваю першую прадукцыю. Гэта і стала падставай для сустрэчы карэспандэнтаў «раёнкі» з дырэктарам прадпрыемства В.В.Кузняцовым.
— Валерый Вітальевіч, перш чым пачаць гутарку, давайце пазнаёмімся.
— Мне 41 год. Родам з Ліпецка — абласнога цэнтра Расійскай Федэрацыі, там і цяпер пакуль што жывуць мае жонка і трое дзяцей. Працоўная біяграфія звязана з вядомай у Расіі малочнай кампаніяй «ЮНІМІЛК». У апошні час працаваў аперацыйным дырэктарам. Курыраваў заводы ў Ліпецку, Арле, Смаленску, Кастраме, Цверы, Уладзіміры, Стаўрапалі, Разані. Займаўся пастаўкай сыравіны, вытворчасцю, тэхнічным забеспячэннем… У жніўні атрымаў заданне паднімаць новае падобнае прадпрыемства ў Беларусі. І вось 13 верасня прыехаў у Пружаны.
— Вы кажаце, «ЮНІМІЛК» — гэта вядомае ў Расіі малочнае прадпрыемства?
— «ЮНІМІЛК» — гэта малочная кампанія, якая аб’ядноўвае 40 заводаў па вытворчасці малака і малочнай прадукцыі ў розных гарадах Расійскай Федэрацыі. Па аб’ёмах яна займае ў Расіі другое месца: практычна, забяспечвае выпуск 20% малочнай прадукцыі. Цэхі «ЮНІМІЛКа» паспяхова дзейнічаюць ў Казахстане і Украіне. У Беларусі яшчэ адзін завод нашай кампаніі будуецца ў Шклове. Мяркуецца адкрыццё нашых прадпрыемстваў і цэхаў і ў іншых гарадах рэспублікі. Многае будзе залежыць ад эфектыўнасці першага, пружанскага, вопыту. Калі на «ЮНІМІЛК Пружаны» будзе працаваць тры-чатыры змены, пачне адгружаць у гадзіну па фуры малака, а рабочыя будуць радаваць свае сем’і добрымі заработнымі платамі, то ўсе абавязкова зразумеюць выгаду гэтага прадпрыемства для раёна.
— Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна, што такое «ЮНІМІЛК» у Пружанах.
— 31 снежня мінулага года Рассельгаснагляд уключыў наш завод у пералік прадпрыемстваў, якія маюць права на пастаўку малочнай прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю. Цяпер мы дастаўляем пружанскае малако ў Санкт-Пецярбург і Маскву, з дня на дзень пачнем вазіць у Ліпецк, ужо заключаны дамоўленасці з Украінай. Вытворчая магутнасць завода — 400 тон малака ў суткі. Пакуль што мы вырабляем яго 160 тон. З 1 красавіка будзе запушчана новая лінія па выпуску 30-40 тон малака ў кардоннай ўпакоўцы з закруткай. А з 1 ліпеня пачнем перапрацоўваць яшчэ 160 тон малака. Аб’ём інвестыцый «ЮНІМІЛКа» у сумеснае прадпрыемства складзе 7-8 мільёнаў еўра.
— А ў нашым раёне знойдзецца столькі малака?
— Сапраўды, цяпер мы адчуваем недахоп сыравіны. Але да 2011 года ў Пружанскім раёне плануецца пабудаваць 18 малочнатаварных фермаў. Пагалоўе кароў павялічыцца ў два разы, а з ім вырастуць і аб’ёмы выпрацоўкі.
— Тэхналагічнае абсталяванне адпавядае патрэбнасцям?
— Атрымліваць высакаякасную сыравіну, якая б высока каціравалася ў Маскве, дзе нямала канкурэнтаў і ідзе сапраўдная вайна за рынкі збыту, безумоўна, можна толькі на экстракласным абсталяванні. У нас устаноўлена лінія італьянскай вытворчасці. Дзякуючы новай тэхналогіі перапрацоўкі, якая патрабуе перш за ўсё ідэальнай стэрыльнасці, выключае выкарыстанне хімічных дабавак, забяспечана высокая якасць малака. Тэрміны рэалізацыі яго павялічаны да 10 сутак.
— Якім відам прадукцыі аддадзены прыярытэт?
— Толькі двум: пастэрызаванае малако 2,5% і малако «Адборнае». Пастэрызаванае робім знарок для тых, хто не любіць тлустага малака. Назва малака «Адборнае» гаворыць сама за сябе: якое малако атрымалі ад каровы (маецца на ўвазе тлустасць), такое і ідзе да пакупніка. Атрымалі тлустасць 3,2% — на крышачцы маркіруем 3,2%… Прыярытэт на заводзе атрымае менавіта малако «Адборнае».
— Як я зразумела, вы збіраецеся працаваць толькі з высакаякаснай сыравінай?
— Усе каровы (безумоўна, выключаючы хворых) даюць малако толькі класа «экстра». Зніжаецца класнасць у працэсе дойкі. Калі даяркі будуць, як належыць, мыць трубы, прытрымлівацца неабходнай чысціні на ферме, не ліць у малако ваду, а кіраўніцтва не шкадаваць ім за гэта належных надбавак да заработнай платы, усё будзе як трэба. Варта адзначыць, што многім прыйдзецца карэнным чынам памяняць свае адносіны да прафесійных абавязкаў. «ЮНІМІЛК Пружаны» працуе па расійскіх стандартах, дзе лічбы на крок вышэй: вышэйшы сорт беларускага малака адпавядае першаму расійскаму, першы беларускі — другому расійскаму…
— На якіх умовах вы супрацоўнічаеце з ААТ «Пружанскі малочны камбінат»?
— Мы маем практычна аднолькавую з малочным камбінатам колькасць акцый. Гэта абавязкова будзе ўлічвацца пры размеркаванні прыбытку: акцыянеры малочнага камбіната, якія аўтаматычна сталі і нашымі акцыянерамі, ні ў якім разе не будуць забыты. У залежнасці ад узроўню рэнтабельнасці прадпрыемства ў канцы года яны абавязкова атрымаюць дывідэнты. Калі «ЮНІМІЛК Пружаны» ствараўся, малочны камбінат ўнёс у якасці долі статутнага фонду будынак цэха натуральнамалочнай прадукцыі. Нашай доляй з’яўляецца яго новае абсталяванне.
— А як абышліся з рабочымі?
— Былі скарочаны толькі тыя рабочыя, якіх малочны камбінат наняў на сезон вялікага малака — з красавіка да верасня. Іх мы не працаўладкавалі. Вось што наконт гэтага сцвярджаюць лічбы: у сувязі са скарачэннем на малочным камбінаце стратнага цэха па вытворчасці натуральнамалочнай прадукцыі было скарочана 90 чалавек, а мы ўзялі на работу 130.
— Завод ужо забяспечаны кадрамі?
— Акрамя электрыка. Але, я думаю, у бліжэйшы час мы прымем чалавека і на гэтую пасаду. Былі спачатку апасенні, што ў Пружанах не знойдзецца дастаткова кваліфікаваны персанал. Але яны аказаліся дарэмнымі. Працягваем працаваць у цесным кантакце з райвыканкамам, каб трымаць на кантролі тых, хто вучыцца і ў бліжэйшы час заканчвае тэхнічныя ВНУ. Будзем запрашаць іх на работу і самі рыхтаваць патрэбных спецыялістаў.
— А што ў адказ гарантуе «ЮНІМІЛК Пружаны» маладым спецыялістам?
— Перш за ўсё дастойны заробак. На заводзе практычна няма пасад, дзе заработная плата менш як 1 мільён рублёў. Гэта адно. Другое заключаецца ў тым, што ў кампаніі вялікія перспектывы для прафесійнага росту: напрыклад, добры начальнік цэха «ЮНІМІЛК Пружаны» можа вырасці да начальніка вытворчасці на якім-небудзь іншым заводзе кампаніі і г.д. Безумоўна, і патрабаванні да падначаленых у нас належныя: чалавек, які падвядзе адзін-два разы, працаваць на заводзе не будзе.
— Валерый Вітальевіч, дазвольце задаць пытанне, якое, я пераканана, вельмі хвалюе чытачоў нашай газеты. Вы расказваеце аб пастаўках малака ў Маскву, Санкт-Пецярбург. А ці збіраецца «ЮНІМІЛК Пружаны» ў рэшце рэшт пачаставаць ім і жыхароў роднага раёна?
— Замежны гандаль выгадны тым, што дасць бюджэту раёна валюту. А наконт рэалізацыі малака ў Беларусі мы якраз вядзем цяпер перамовы. Затрымка за некаторымі фармальнасцямі. Яшчэ належыць прайсці дадатковую сертыфікацыю і атрымаць дазвол Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Так што, малако «ЮНІМІЛК Пружаны» ўсё ж з’явіцца і на прылаўках мясцовых магазінаў.
— Ходзяць чуткі, што «ЮНІМІЛК» мае намер забраць пад сваё крыло і вытворчасць сыру ў Пружанах?
— Не забраць. Мы ствараем сумеснае з ААТ «Пружанскі малочны камбінат» прадпрыемства. Калі ў яго склад увойдзе і сырцэх, то гарантуем, што само прадпрыемства ад гэтага толькі выйграе, і раён ад нашай сумеснай дзейнасці атрымае толькі выгаду. Урэшце, ніякіх рашэнняў наконт сырцэха яшчэ не прынята. Усё знаходзіцца пакуль што на ўзроўні размоў.

3 комментариев

  • Webjourn

    Интересно, а продукция «ЮНІМІЛК» продается в Минске?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Katrin

    Нет, всё идёт в Россию. Но нам (пружанцам) чуть-чуть обещали выделить.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • xmapa

    Цікава, што раней юнімілк быў просты піцерскі малаказавод «Петмол»! Таму гэта выклікае нейкія ассацыяцыі.
    А ў студзенскім нумары ФОРБС за бягучы год у спісе самых лепшых брэндаў, якія зарабілі шмат грошай на продажы.
    «Место №3
    Простоквашино
    Moлочные продукты
    ВЛАДЕЛЕЦ ЮНИМИЛК ГОД ЗАПУСКА 2002 ПРОДАЖИ 24.2 млрд рублей
    В первый рейтинг брендов (декабрь 2006 года) «Простоквашино» не попало — тогда это была региональная марка питерского завода «Петмол».
    Позже компания «Юнимилк», владелец завода, решила превратить «Простоквашино» в национальный бренд. Задача выполнена: «Простоквашино» стало самой продаваемой молочной маркой в стране, обогнав прежнего лидера, «Домик в деревне» от «Вимм-Билль-Данн». На 2010 год «Юнимилк» наметила перезапуск бренда «Летний день», благодаря кото¬рому надеется потеснить «Веселого молочника» — еще одну марку компании-конкурента.»

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *