Воскресенье, 24 июня 2018

Наш опрос: кто для вас лучший друг?

329

Сёння каляндар стракаціць разнастайнымі святамі, якія не пазначаны чырвоным колерам і нават не адносяцца да прафесійных: Сусветны дзень кошак, Міжнародны дзень прыгажосці, Дзень нараджэння «смайліка», Сусветны дзень усмешкі… А яшчэ дзявятага чэрвеня адзначаецца і Сусветны дзень сяброў.
А хто для вас лепшы сябар? Ці шмат у вас знаёмых, на чыю сяброўскую падтрымку можна разлічваць? На гэтыя пытанні адказвалі прахожыя на вуліцах Пружан.
Кацярына:
— Шчыра прызнаюся, не разумею, як можна пазнаёміцца з чалавекам, а праз тыдзень-другі ўжо лічыць яго сапраўдным сябрам. Мае лепшыя сябры — гэта людзі, якія прайшлі праверку часам, з якімі я знаёмая яшчэ з дзяцінства, са школьных часоў. Яны пазнаваліся ў бядзе, ім магу патэлефанаваць у любы час сутак.
Дарэчы, шчыра лічу, што сяброўства паміж жанчынай і мужчынам не бывае. Выключэннем можа стаць толькі муж: у мяне па жыцці гэта самы блізкі сябар.
Алена Віктараўна:
— Як паказвае жыццёвы вопыт, добры сябар іншы раз замяняе і родзіча: здараецца, што чалавек, з якім няма ніякай роднаснай сувязі, хутчэй прыйдзе на дапамогу, чым сваяк. Вядома, за сваё жыццё набыла сяброў, але толькі аднаго з іх магу назваць лепшым.
Увогуле складана з кімсьці сябраваць: сёння людзі не заўсёды здольныя на ўзаемавыручку — не кожны парадуецца за чужы поспех.

Валянціна Дзмітрыеўна:
— Проста знаёмых у мяне шмат, але вось сапраўдных сяброў — адзінкі. Напэўна, таму, што лічу сябрамі толькі даўніх знаёмых, якія зарэкамендавалі сябе як надзейныя людзі, якія не падвядуць, дапамогуць не толькі словам, але і справай.

Віктар:
— Сапраўдныя сябры заўсёды былі на вагу золата. У мяне іх таксама няшмат: школьны сябар, сябры па службе і былой рабоце — вось, бадай, і ўсё. На жаль, мы жывём не побач, але і праз столькі часу знаходзім магчымасць, каб сустрэцца.
Як зразумець, што гэта твой сапраўдны сябар? Зыходзячы з уласнага вопыту, скажу: з сябрамі і інтарэсы аднолькавыя, і погляды на жыццё, і рознагалоссяў няма.

Яўгенія:
— Сярод маіх добрых сяброў ёсць і мужчыны, і жанчыны. Іх не так шмат, але я ведаю, што магу разлічваць на іх падтрымку: і маральную, і матэрыяльную. З маім лепшым сябрам нас звязвае чатырохгадовае знаёмства.

Леанід Ігнатавіч Раўнейка:
— Мае лепшыя сябры — пераважна былыя калегі: Кухцін, Астапюк… Нягледзячы на тое, што я ўжо больш за дзесяць гадоў знаходжуся на заслужаным адпачынку, ёсць некалькі чалавек, з якімі пазнаёміўся дзякуючы рабоце і падтрымліваю адносіны да сённяшняга дня.
Існуе сяброўства паміж сем’ямі. Мы, напрыклад, сябруем з сям’ёй, якая жыве ў Шарашэве. Няхай сабе і бачымся не так часта, як хацелася б, але падтрымліваем сувязь: разам і бульбу капаем, і шашлыкі смажым.
Яна:
— Са сваёй лепшай сяброўкай я пазнаёмілася на працы. За чатыры гады яна столькі разоў выручала мяне: і з рамонтам дапаможа, і дзяцей паглядзіць… Добра, што мы жывём побач.
А вось тыя, з кім сябравала з дзяцінства, не раз прымушалі мяне расчароўвацца. Так што не заўсёды лепшы сябар — школьны сябар.
Думкамі цікавіліся Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *