Вторник, 18 сентября 2018

Наш опрос: как вы спасаетесь от жары?

344

Сёлета спякотнае надвор’е ўсталявалася нават хутчэй, чым наступіла каляндарнае лета. Хтосьці пакутуе ад пякучага сонца, а нехта наадварот любіць спёку.
Як ратуецеся ад спёкі?
З такім пытаннем мы звярнуліся да прахожых на вуліцах горада.

Ірына:
— Магчыма, якія-небудзь гіпертонікі і не любяць спякоту, а вось я не шукаю паратунку ад летняга сонца: мне ў такое надвор’е наадварот камфортна. На ўласным вопыце ведаю, што летам вельмі дарэчы зялёны чай — добры танізуючы сродак, які цудоўна спатольвае смагу.
Увогуле сёлета ў Маскве, адкуль мы толькі прыехалі пагасціць, нябесная канцылярыя не надта радуе: у той час, калі ў Пружанах ужо стаяла спёка, мы здавольваліся халаднаватым надвор’ем.

Соф’я:
— Я люблю лета. Бо летам можна есці шмат марожанага і купацца. А ратавацца ад сонца можна рознымі спосабамі: ну, вось хаця б у цяньку альбо на возеры. А яшчэ лепш — ехаць на адпачынак, дзе ёсць і мора, і басейн. Я з бацькамі ўжо не раз ездзіла на розныя курорты, і добра было б, каб і гэты год не быў выключэннем.

Дзмітрый:
— У мяне ёсць два спосабы астудзіцца: халодны душ альбо, калі ёсць магчымасць, купанне ў возеры.
І нягледзячы ні на што, сонца не перашкаджае мне штодзень прабягаць па дзесяць кіламетраў. Ад бегу я не адмоўлюся ні ў дождж, ні ў спякоту: вельмі ўжо я люблю спорт.
Алена:
— Мяне спёка не дапякае: дома ёсць вентылятар, а на рабоце і без кандыцыянераў памяшканне халоднае. А вось яшчэ і прастыла з-за скразнякоў…
Увогуле ёсць агульнавядомыя спосабы не аказацца пацярпелым ад яркага летняга сонейка: насіць галаўны ўбор і піць паболей вады (галоўнае, не ледзяной).
Асабіста наша сям’я, калі ёсць час, ездзіць на возера (любім выбірацца ў суседні Кобрынскі раён на Катышы) альбо купаемся ў каркасным басейне, які мы набылі для дачы.

Аляксандр:— У нашай брэсцкай кватэры цяпер, вядома, складана перасядзець спякоту. Таму амаль усё лета праводжу на малой радзіме, у вёсцы Янаўцы.
У драўляным доме ўсё-такі не так спякотна, як у кватэры. На возера ездзіць няма калі: спраў у вёсцы хоць адбаўляй, таму, калі хочацца астудзіцца, я на пяць хвілін проста спускаюся ў склеп.

Ілья:
— Мы жывём у прыватным доме, а не ў душнай кватэры, таму маем магчымасць пасядзець на двары ў цяньку пад навесам. Напэўна, як усе, у летнюю спёку шмат п’ю ахаладжальных напояў.
Сёлета яшчэ ні разу не быў, але звычайна езджу з сябрамі на возера: гэта добры спосаб астудзіцца.

Думкамі цікавіліся Марына Вакульская і
Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *