Вторник, 18 сентября 2018

С начала года в Пружанском районе зарегистрировано 48 случаев укусов клещей

181

Эпідэміёлагі краіны б’юць трывогу: павялічваецца паток паведамленняў аб актывізацыі кляшчоў. А ў тых раёнах, дзе напады гэтага небяспечнага насякомага рэгіструюцца штогод, сітуацыя можа стаць наогул надзвычайнай.
Перакананы, што гэта заўважылі і многія пружанцы: я, напрыклад, сёлета ўбачыў кляшча ў вёсцы Альшаны, хаця ўжо два дзесяцігоддзі па некалькі разоў на месяц наведваю гэты населены пункт і ніводнага разу не сустракаў такіх насякомых. Каментуючы сітуацыю, урач-эпідэміёлаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі А.С. Сямёнава адзначае:
— З пачатку года зарэгістравана 48 выпадкаў укусаў кляшчоў, аналіз некалькіх з насякомых быў станоўчым на хваробу Лайм-барэліёз, прычым гэта статыстыка бярэ свой пачатак з сакавіка. Летась апошні выпадак быў зарэгістраваны ў снежні,— расказвае Анастасія Сяргееўна.— Калі прааналізаваць выпадкі ўкусаў па месцах, дзе гэта здарылася, то атрымліваецца, што большасць людзей пацярпела ад кляшчоў на сваіх падворках.
З аднаго боку, пачатак года не дае магчымасці аб’ектыўна прааналізаваць карціну ў цэлым, бо вясной людзі зрэдку наведваюць лясныя масівы. А летам, калі аматары адпачыць на прыродзе пачынаюць масава пратоптваць новыя сцяжынкі ў лясах, аналітыка можа памяняцца. Каб атрымаць максімальна поўныя звесткі для наступнага аналізу, на працягу года перыядычна праводзіцца абследаванне вызначаных пастоў назірання. Атрыманыя звесткі накіроўваюцца ў абласныя эпідэміялагічныя падраздзяленні, дзе падсумоўваюцца і разбіваюцца каляндарна. Так мы атрымліваем агульную статыстыку за год.
— Гэта азначае, што эпідэміёлагі плануюць сваю ахоўную дзейнасць, зыходзячы з састарэлых дадзеных?
— Паверце, што сітуацыя хаця і трывожная, але даволі стабільная, рэзкіх змен у ёй не назіраецца. І з улікам сродкаў і магчымасцей, што ёсць у раённага цэнтра, наша галоўная задача — стрымаць распаўсюджанне кляшчоў.
— У чым прычына актывізацыі небяспечных насякомых?
— Сярод асноўных фактараў — кліматычныя змены, што літаральна і ў прамым, і ва ўскосным сэнсе падаграваюць сітуацыю. Зімовыя маразы, якія звычайна значна скарачалі папуляцыю і распаўсюджанне кляшчоў, сталі ў нас рэдкасцю. А вось плюсавае надвор’е цяпер можа захоўвацца нават да навагодніх святаў. У выніку кляшчы засынаюць толькі на вельмі кароткі перыяд, пастаянна памнажаючы сваю армію і захопліваючы новыя тэрыторыі.
У той жа час на фоне спрыяльных умоў для распаўсюджання кляшчоў чалавек значна аслабіў барацьбу з небяспечным насякомым. Прызнацца, апошнія гады праводзіцца толькі «кропкавая» хімічная апрацоўка зялёных масіваў, якая, у асноўным, ахоплівае зоны летняга адпачынку: месцы аздараўлення дзяцей, прыбярэжныя ўчасткі вадаёмаў, дазволеных для купання, гарадскія паркі і скверы, пэўныя тэрыторыі лясоў. Той масавасці, што была раней, сёння няма, з чым таксама можна ўвязаць актывізацыю небяспечных насякомых.
Справа ў тым, што зараз людзі самі вырашаюць, ці патрэбна выкарыстанне ядахімікатаў у той мясцовасці, дзе яны жывуць. Нават калі мы праводзім апрацоўку вызначаных тэрыторый, то за некалькі дзён у аб’явах папярэджваем пра гэта. Таму асноўная ўвага работы эпідэміялагічнага аддзела і скіравана на інфармаванне аб аказанні платных паслуг па апрацоўцы прыватных падворкаў. Можна весці барацьбу і самастойна: дастаткова своечасова абкошваць не толькі свой падворак, але і тэрыторыю побач з ім.
— А як дорага абыходзіцца барацьба з кляшчом?
— Акрамя фінансавых затрат, у гэтую справу даводзіцца ўкладваць нямала сіл і тэхнічных сродкаў. За грошы, якія раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі зарабляе, аказваючы платныя паслугі, набываюцца спецыяльныя прэпараты для акарыцыднай апрацоўкі, якая абясшкоджвае або знішчае кляшчоў. Калі неабходна, то праводзіцца і абнаўленне аснашчэння «груп зачысткі» тэрыторый.
Неабходна завастрыць увагу і на тым, што ўваходзіць у комплекс ахоўных мерапрыемстваў. У абавязковым парадку праводзіцца абкошванне вызначаных мясцін, пасля добра-ўпарадкавання надыходзіць чарга хімічнай апрацоўкі. І гэтыя работы паўтараюцца цык-лічна на працягу года. Як бачыце, у дадатак затрачваецца яшчэ і нямала часу: у сярэднім на мерапрыемствы, напрыклад, толькі ў Ружанскай зоне выдаткоўваецца не менш за адзін працоўны дзень.
Паралельна мы можам аказваць паслугі такога характару для насельніцтва на платнай аснове. Дастаткова пакінуць заяўку, і праз некаторы час прыедуць нашы спецыялісты і апрацуюць падворак. Выконваюцца такія заказы даволі аператыўна — на працягу аднаго тыдня. Каштуюць яны каля 200 рублёў.
— Калі ацэньваць магчымасці раённага аддзела гігіены і эпідэміялогіі, то тэхнічна ўстанова ўласнымі сіламі змагла б ахапіць больш тэрыторыі, асабліва ў сельскай мясцовасці?
— Нават улічваючы часавыя затраты, мы маглі б пашырыць зону спецыяльнай акарыцыднай апрацоўкі. Лета доўгае, і калі актывізавацца, то гэта нам удалося б. Паралельна мы акцэнтуем увагу на прафілактычнай рабоце з насельніцтвам.
Гутарыў Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *