Среда, 21 ноября 2018

Шаг вперед по «Лестнице успеха»

514

Канец вучэбнага года адзначаюць вучні не толькі школ. Святам дзіцячай творчасці «Лесвіца поспеху», якое ладзілася на гарадской плошчы ў нядзелю, падводзілі вынікі года ўсе тыя, хто шые, вышывае, спявае, танцуе і малюе — адным словам, займаецца творчасцю.
23 калектывы і салісты падымаліся ў гэты дзень на сцэну, каб падзяліцца сваёй творчасцю і добрым настроем, а таксама атрымаць граматы за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна.
Першымі свае работы прадставілі юныя майстры і ўмельцы: на гарадской плошчы была арганізавана выстава іх вырабаў, а жадаючыя маглі паўдзельнічаць у майстар-класах.
На сцэне спявалі і танцавалі артысты са Стараволі, Ружан, Клепачоў, Белавусаўшчыны, Калядзіч, Новых Засімавіч, Сухопаля, Навасёлак, Роўбіцка, Лінова, Харавы і Пружан. Атрымалі граматы і ўдзельнікі гурткоў «Дэкаратыўны беларускі роспіс», «Беларуская народная лялька» Пружанскага Дома рамёстваў, удзельнікі гурткоў роспісу па дрэве, тканіне, шкле, аквагрыму Навазасімавіцкай дзіцячай школы мастацтваў, прадстаўнікі студый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Творчы мікс» і «Шклянка-маляванка» Палаца культуры.
І юныя майстры, і юныя артысты абавязкова фатаграфаваліся з хэштэгам #яделаюшаг. Гэта рабілася не толькі для таго, каб усе здымкі пасля лёгка можна было знайсці ў сацыяльных сетках, але і для таго, каб падкрэсліць, што ўсе маладыя таленты зрабілі важны крок наперад.
Як зазначыла вядучая свята Паліна Лосева, «Лесвіца поспеху» дала пачатак мерапрыемствам для дзяцей, якія адбудуцца ў раёне гэтым летам.
У рамках мерапрыемства, дарэчы, правялі акцыю «Не пакідайце дзяцей адных» і работнікі МНС. Яны ў чарговы раз пазнаёмілі малых са спецыяльнай тэхнікай і нагадалі асноўныя правілы бяспекі, якіх неабходна прытрымлівацца, каб нішто не азмрочыла летні адпачынак.
Кацярына Пашкевіч.
Фота Андрэя Пашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *