Воскресенье, 24 июня 2018

49 пружанских семей приняли участие в фестивале «Мама, папа, я — футбольная семья»

954

Цудоўнае сонечнае надвор’е, якое стаяла ў мінулую суботу ў Пружанах, садзейнічала правядзенню сямейнага фестывалю па масавым футболе «Тата, мама, я — футбольная сям’я».
Свята пад эгідай асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» праводзілася ў нашым райцэнтры ўпершыню і сабрала 49 сем’яў.
Падчас урачыстага адкрыцця фестывалю да яго ўдзельнікаў са словамі прывітання звярнуліся старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец, менеджар па развіцці масавага футбола асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Г.І.Стахоўскі, каардынатар фестывалю, дырэктар РФСК «Мухавец» В.П.Ляўчук.


Пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю пачаліся футбольныя баталіі на пяці пляцоўках. Па кругавой сістэме 18 каманд на працягу двух таймаў па 10 мінут (акрамя самых маленькіх, якія гулялі таймы па пяць мінут) выяўлялі мацнейшых. У пяці групах спаборнічалі таты, мамы, дзеці 5-7 гадоў, 8-11 гадоў і 12-16 гадоў. Назвы каманды прыдумалі, зыходзячы з колераў маек, якія атрымалі ў падарунак ад арганізатараў фестывалю. Так на пляцоўцы з’явіліся чырвоныя «Памідоры», зялёныя «Агуркі», жоўтыя «Кураняты», белыя «Снегавікі» і фіялетавыя «Баклажаны».
Неабходна адзначыць, што практычна ўсе гульні праходзілі ў напружанай і захапляльнай барацьбе. Найбольш эмацыянальнымі яны выдаліся на тых пляцоўках, дзе спаборнічалі дзеці ва ўзросце 5-7 гадоў і мамы.
І вось надышоў урачысты момант закрыцця сямейнага футбольнага свята. Перад прысутнымі выступілі салісты эстраднай студыі «Меладзін» гарадскога Палаца культуры: Кацярына Бусько, Дар’я Казмярчук, Аліса Асіпчук, Ірына Курусь, Паліна Жукоўская, узорны ансамбль танца «Круцёлачкі».
Па тры лепшыя каманды ў кожнай з груп былі ўзнагароджаны медалямі. Так, сярод дзяцей 5-7 гадоў перамаглі «Кураняты», 8-11 гадоў — «Памідоры», 12-16 гадоў — «Снегавікі». У турніры мам мацнейшымі сталі «Баклажаны», а татаў — «Кураняты».
Усе сем’і, якія бралі ўдзел у фестывалі, атрымалі ў падарункі футбольныя мячы. Спецыяльнымі прызамі адзначаны самыя старэйшыя тата і мама (Уладзімір Саўчук і Таццяна Пракопчык), а таксама самыя юныя ўдзельнікі (Канстанцін Магільны і Агата і Злата Рэпіхі).
Падарункі атрымалі сем’і, якія ўдзельнічалі ў фестывалі з дзецьмі-блізнятамі: Мацаюкі, Рэпіхі, Крэстапчукі, Краўцы, Касцюкі.

Лепшыя футбольныя сем’і Пружаншчыны вызначаліся ў залежнасці ад занятага камандай месца кожнага з яе членаў. Кожны з удзельнікаў фестывалю прынёс запаветныя ачкі ў сямейную скарбонку.
Па выніках фестывалю першае месца заняла каманда Андрэя і Наталлі Рэпіхаў (дочкі Дар’я, Злата, Агата). Другое месца дасталося сям’і Дзмітрыя і Аляксандры Касцюкоў (дочкі Валерыя і Уладзіслава, сын Арцём), трэцяе — сям’і Юрыя і Анастасіі Краўцоў (сын Міхаіл, дачка Соф’я).
Лепшыя футбольныя сем’і атрымалі кубкі, спецыяльныя прызы дзіцячага фонду ЮНІСЭФ, салодкія падарункі, сертыфікаты на наведванне аквапарка. Менавіта яны і будуць прадстаўляць наш раён на рэспубліканскім фестывалі «Тата, мама, я — футбольная сям’я».
На маю думку, фестываль удаўся і стаў значнай па-дзеяй у спартыўным і культурным жыцці Пружанскага раёна. У гэтым, безумоўна, вялікая заслуга яго арганізатараў. Такі сямейны адпачынак варта было б ладзіць у раёне штогод.

Г.І.Стахоўскі, менеджар па развіцці масавага футбола асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола»:
— Галоўная мэта фестывалю «Тата, мама, я — футбольная сям’я» — садзейнічанне развіццю футбола ў райцэнтрах і ў сельскай мясцовасці. Вось і ў сённяшнім свяце, акрамя сем’яў з горада, бяруць удзел вясковыя сем’і.
Увогуле мы гатовы супрацоўнічаць і аказваць дапамогу ў правядзенні падобных фестываляў у любым з райцэнтраў рэспублікі. Самае галоўнае, каб самі людзі былі зацікаўленыя ў гэтым.
Пружаны, дарэчы, месцам правядзення фестывалю былі выбраны невыпадкова. Дырэктар РФСК «Мухавец» Вольга Ляўчук прайшла спецыяльныя навучальныя курсы і стала каардынатарам фестывалю.
Што датычыцца арганізацыі і правядзення свята, то, на маю думку, усё прайшло на выдатным узроўні. Працавалі валанцёры і дзіцячая пляцоўка, былі абсталяваны пункты харчавання.
Мікола Архуцік, Сяргей Талашкевіч (фота).

Один комментарий

  • Сегодня в нашей группе в ВК появится БОЛЬШОЙ альбом с фотографиями с мероприятия!

    Рейтинг комментария:Vote +1+5Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *