Четверг, 26 апреля 2018

Ирина Острейко: «Если бы в Пружанах был приют для бездомных животных, я бы пошла туда работать»

1 547

Ужо шмат гадоў, штодня,  прыблізна ў адзін і той жа час – з 11 да 15 гадзін,  Ірына Астрэйка займаецца звыклай справай. Ідзе па знаёмым гарадскім маршруце і… корміць бадзяжных катоў.
Нехта, гледзячы на маладую жанчыну, здзіўлена паціскае плячыма, хтосьці, ведаючы пра яе добрае сэрца, сам нясе рэшткі сняданку для коцікаў.  А Ірына па-ранейшаму, ахвяруючы ўласным часам і грашыма, варыць для іх кашкі і лечыць хворых.

… АСЯ, Федзя, Маркіз, Кузя, Рыжык, Фрося – у кожнага з гэтых чатырохлапых, некалі падабраных на вуліцы сяброў гаспадыні, свая гісторыя. Асю, напрыклад, яна прывезла з Брэста. Малое кацянё цялёпкалася ў мазуце, кінутае па пагібель. Федзю і Феню проста не здолела пераступіць, яны пішчалі прама пад нагамі на шматлюднай вуліцы… Такія каціныя гісторыі, падобныя адна на другую сваёй трагічнасцю, Ірына можа расказваць бясконца. Як бясконца можа ўспамінаць і мянушкі некалі выратаваных гадаванцаў. За многія гады ўсіх і не падлічыць. Але кожнаму ў свой час аддавала часцінку душы, выходжвала, гадавала, клапацілася. Знаёмыя жартавалі: “Некаторыя людзі так не жывуць”.

ІРЫНА ЛІЧЫЦЬ, што каты вельмі адчуваюць дабрыню і гэтым жа адорваюць чалавека. А яшчэ, як людзі, здольны зразумець.

— Мяне яны разумеюць з паўслова, — расказвае гаспадыня. – Адчуваюць нават  настрой. А калі нешта забаліць, агулам могуць легчы на хворае месца, — лечаць. Гэта сапраўдныя мае сябры!
Вельмі многіх з дапамогай ветурача вылечыла сама Ірына: ад траўм, ацёкаў, вірусных інфекцый.

— Жыльцы ў нас цудоўныя! – захапляецца Ірына. – Падкормліваюць небарак пастаянна. Цётка Алена Лагада, Яўген Цімафеевіч Пятручык, дзяўчаты з кафэ “Мухавец” і асабліва Юля Петруковіч – дабрэйшыя людзі. Усе пра гэтых “кватарантаў” па няшчасці непакояцца. Але, што дарослыя! Ні адно дзіця з нашага дома на ба-дзяжнага ката не замахнецца. Ужо відаць, якімі людзьмі гэтыя дзеці вырастуць. Бо хто можа пакрыўдзіць жывёліну яшчэ ў дзяцінстве, той і на чалавека ў будучым руку падыме. Так, разам, і кормім катоў, і лечым. І ніхто з нашага дома ніколі не захварэў ад зносін з катамі.

Дарэчы, чулыя людзі з гэтага двара не толькі катоў, бадзяжных сабак таксама накормяць. Аднойчы для аднаго з іх нават будку змайстравалі, і рабілі яе зноў жа дружна ўсе суседзі. Праўда, камунальнікі прымусілі будку прыбраць, а сабаку ўладкавалі на новае месца жыхарства на прыватную сядзібу. З таго часу, каб пакарміць падапечнага, ходзіць Ірына яшчэ і туды.

— НЕ ПАДУМАЙЦЕ, што я адна такая, — расказвае субяседніца. — Шмат ведаю людзей, якія возяцца з ба-дзяжнымі жывёламі, не шкадуюць грошай на іх кармленне і лячэнне. Але, на жаль, нямала і такіх, хто карыстаецца гэтым. Ведаюць, дзе людзі не могуць прайсці каля кінутага хатняга гадаванца, дзе падкормліваюць, і падкідаюць сваіх і катоў, і сабак. Аднойчы да майго пад’езда ў скрынцы прынеслі разам з толькі што нарадзіўшыміся кацянятамі і кошку… 

Ірына Астрэйка прызнаецца, што, каб была магчымасць стварыць у горадзе прытулак для бадзяжных катоў і сабак, працаваць туды яна пайшла б з задавальненнем. “Гэта – маё”, — гаворыць жанчына.

А ПАКУЛЬ вялікая аматарка катоў чакае толькі дабрыні да іх з боку лю-дзей. І хочацца верыць, што надыходзячы год Ката не застанецца ў даўгу перад тымі, хто іх любіць.
Галіна Каляда, Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *