Воскресенье, 24 июня 2018

Таямніцы «Белай» турмы ў Пружанах. Частка 3.

331

Частка 3. Зніклыя сведкі мінулага

ЗАКАНЧЭННЕ.
Агульная турма НКУС
Пасля прыходу ў Заходнюю Беларусь савецкай улады ў верасні 1939 г. “белая” турма адразу стала выкарыстоўвацца па сваім непасрэдным прызначэнні. У гэты час яна атрымала назву Агульная турма НКУС БССР № 25 і з’яўлялася месцам зняволення для людзей, якія былі звязаны з польскімі ўладамі, розных “ненадзейных элементаў”: заможных сялян і сераднякоў, асаднікаў, леснікоў, чыноўнікаў, ваенных і інш. Многія з іх пазней былі рэабілітаваны, лёс другіх — невядомы. Для пружанскай турмы, як і для іншых астрогаў, была характэрна вялікая перапоўненасць. Таксама ў Пружанах знаходзілася раённае аддзяленне ўпраўлення НКУС БССР па Брэсцкай вобл. і падначаленая ёй турма № 3.
Як сведчаць дакументы, ахову пружанскай турмы № 25 (разам з кобрынскай і пінскай) ажыццяўляла 1-я стралковая рота (на 22 чэрвеня 1941 г. камандзір — старшы лейтэнант У. Е. Паўлаў) 132-га асобнага канвойнага батальёна (штаб і інш. падраздзяленні знаходзіліся ў Брэсце і крэпасці) 42-й брыгады канвойных войскаў НКУС СССР.
Рэпрэсіі
Пра з’яўленне новай улады ў горадзе відавочца падзей Стэфан Вейдэнфельд пісаў: “…Праз некалькі дзён пасля прыходу Чырвонай Арміі кіраванне тэрыторыямі, занятымі СССР, поўнасцю перайшло ў рукі савецкіх улад, якія падтрымліваліся мясцовымі, раней падпольнымі, прыхільнікамі камунізму. Жыццё ў Пружанах было нібыта добрым, але, з’яўляючыся тут новым чалавекам, я не мог судзіць аб гэтым. Навіны і чуткі хутка распаўсюджваліся па горадзе, а імёны арыштаваных і таямніча зніклых людзей мне нічога не гаварылі, мой свет быў абмежаваны домам сям’і Насбаум”. Вядома, што аднымі з першых былі ўзятыя пад варту астаўленыя ў горадзе для нясення службы супрацоўнікі польскай паліцыі: У. Вайтовіч, А. і У. Новацкія, М. Сецяховіч, Д. Сямашка, А. Стройчык, В. Тата, Я. Дронжык і Я. Зас, якіх хутка расстралялі.
З мясцовай турмы ва ўстановы ГУЛАГа этапіравалі вялікую колькасць жыхароў Пружаншчыны і суседніх раёнаў. Сярод іх — Ф. Т. Харавец (в. Круглае), М. І. Шаўчук (в. Доўгае), Р. М. Басак (в. Залессе), І. І. Лапука (в. Навасёлкі), Ф. П. Барташ (в. Мазалі), настаяцель храма Св. Георгія Пераможцы ў в. Яглевічы Васіль Альшэўскі (лёс невядомы) і многія інш. Даволі паказальнай у справе выкрыцця і расправы над так званымі “ворагамі народа” падаецца гісторыя арышту жыхароў в. Сасноўка восенню 1939 г.: Кліменція Станішэўскага, якога абвінавацілі ў закліках да звяржэння ўлады, Мікалая Амельянчука, Андрэя Баса, Рыгора Краўчука і Паўла Полюха, якія нібыта вялі барацьбу супраць савецкай улады і інш. Ганна Полюх распавяла: “Восенню 39-га ў дзверы пастукалі. Увайшлі чацвёра ці пяцёра мужыкоў, адзін з якіх назваўся: “Следчы Патапаў”. Муж назваўся. Да яго падышлі двое, астатнія пачалі вобыск. Вядома, нічога не знайшлі. Калі Паўла выводзілі з хаты, ён папрасіў развітацца з памерлым бацькам сваім, які ляжаў на покуце. Але яму не дазволілі. У гэтую ж ноч з Сасноўкі забралі яшчэ чацвярых, «чорны варанок» накіраваўся ў бок горада. Я даведалася, што мужыкі сядзяць у турме ў Пружанах, суда чакаюць. Добры там начальнік быў, Шышкін яго прозвішча. Бывала хлеб, яйкі ў хустку завяжаш, зойдзеш у яго кабінет: “Родненькі, не адмоўце перадаць мужу”. Ніводнага разу не адмовіў. Запісачку напіша, дазваляю, маўляў”. Станішэўскі і Полюх у 1947 г. вярнуліся дамоў, Амельянчук і Бас загінулі ў лагеры, Краўчук памёр па дарозе ў лагер на станцыі Аранчыцы, але цела родным не аддалі. Большасць імёнаў людзей, якія ўтрымліваліся ў пружанскай турме, па сённяшні дзень застаюцца невядомымі.
Летам 1941-га…
Напярэдадні і ў пачатку вайны паміж Германіяй і СССР савецкі ўрад не выдаваў ніякіх загадаў аб эвакуацыі турмаў. Пасля з’яўлення інфармацыі аб баях на мяжы турэмнае ўпраўленне НКУС абмежавалася перадачай па тэлефоне загаду начальнікам астрогаў перайсці на казарменнае палажэнне і ўзмацніць ахову. Кіраўніцтва ў Мінску і Маскве нават не магло ўявіць сабе, што 22 чэрвеня 1941 г. вораг прасунецца на дзясяткі кіламетраў у глыб савецкай тэрыторыі.
Адным з першых вечарам 22 чэрвеня змог звязацца з Мінскам начальнік ваўкавыскай турмы і паведаміць, што да горада падыходзяць немцы. Пасля гэтага было вырашана пачаць эвакуацыю астрогаў заходніх абласцей, але з-за праблем з сувяззю толькі 9 (з 21) турмаў гэты загад атрымалі. 24 чэрвеня каля 10.00 у Мінск прыбылі начальнікі шэрага астрогаў і паведамілі, што “ўсе гарады Баранавіцкай, Беластоцкай і Брэсцкай абл. эвакуіраваны і частка іх ужо занята немцамі”. Пад “эвакуацыяй” яны мелі на ўвазе вываз партыйных, міліцэйскіх і турэмных начальнікаў. Ніхто з вязняў і мясцовых жыхароў не быў адпраўлены на Усход.
Гэтыя падзеі даволі хутка сталі аб’ектам разбіральніцтва, у ходзе якога высветліліся многія абставіны першых дзён вайны. Напрыклад, у “Дакладной запісцы аб эвакуацыі турмаў НКУС БССР” намесніка начальніка Турэмнага ўпраўлення НКУС БССР лейтэнанта дзяржбяспекі Опалева начальніку Турэмнага ўпраўлення НКУС СССР маёру дзяржбяспекі Нікольскаму 3 верасня 1941 г. паведамлялася: “…Турэмная адміністрацыя з аховай збеглі, кінуўшы падшэфны кантынгент без нагляду зачыненымі ў камерах. … Начальнікі турмаў г. Кобрына — Кулікоў і г. Пружаны — Чыжоў пакінулі зняволеных у карпусах турмаў зачыненымі на замкі”. Аналагічныя факты ўскрыліся ў Лідзе і Слоніме.
Ахвяры “новага парадку”
У перыяд нямецкай акупацыі ў пружанскіх турмах трымалі парушальнікаў “новага парадку”, палонных, партызан, падпольшчыкаў і спачуваючых ім, многіх расстралялі. Там таксама збіралі моладзь, якую рыхтавалі да адпраўкі на працу ў Германію. Відавочца падзей М. М. Мамус успамінаў: “…У райцэнтры было дзве турмы — белая і чырвоная. Дарога адсюль была адна: на расстрэл. Быў выпадак, калі вязні змаглі вырвацца на волю. Гэта было 18 верасня 1943 г. Зняволеным стала вядома, што на днях намячаецца чарговая адпраўка на растрэл. Уцячы было амаль немагчыма. Вакол трывалая цагляная сцяна вышынёй каля 10 метраў, узмоцненая варта. Падзеі разгарнуліся так, што сам турэмны наглядчык дапамог зняволеным. Ён не грэбаваў паслугамі вязняў. А тут сапсаваўся веласіпед. Наглядчык перадаў у камеру веласіпед і стары ножык замест адвёрткі. Веласіпед адрамантавалі, а задаволены наглядчык забыўся пра нож. На прагулцы ў двары турмы арыштанты падабралі некалькі вострых каменьчыкаў, прынеслі ў камеру. Кішэнны сцізорык набыў выгляд пілачкі-нажоўкі. З вялікай цяжкасцю паддаваўся жалезны прут… Апоўначы з камеры ў двор выбраліся Іван Вашчук, Лявон і Фёдар Шавелі і яшчэ 3 таварышы. Шасцёрка асцярожна накіравалася да брамы. Неабходна было мінуць вартавы пост. У адным пакоі быў наглядчык, у другім — нямецкі салдат. Уцекачы раздзяліліся на дзве групы — па 3 чалавекі на кожны пакой. Неўзабаве вартаўнікі былі абяззброены і замкнёны ў асобную камеру. Уцекачы выпусцілі зняволеных з астатніх камер. Захапіўшы трафейную зброю, яны пакінулі турэмны двор і накіраваліся ў бліжэйшы лес”.
Спробы ўцёкаў адбываліся не толькі ў турме, але і па дарозе да месцаў расстрэлу. Так 15 жніўня 1941 г. у Слабудскі лес вывезлі 27 вязняў, якія падчас капання магілы паспрабавалі ўцячы, некалькім удалося выратавацца.
Е. К. Шарсцюк расказвала: “…У чэрвені 1942 г. партызаны разграмілі камендатуру ў Рудніках. 3 ліпеня ў вёску прыехалі фашысты, арыштавалі 15 чалавек. Іх завезлі ў турму ў Пружанах. На спатканне з мужам мяне не пускалі. Толькі праз дзіркі ў варотах маглі ўбачыць арыштаваных. Перадаваць што-небудзь забаранялася. Муж сядзеў у чырвонай турме. 20 ліпеня я прыйшла да варот. Такіх, як я, было многа. Усе спадзяваліся, што змогуць як-небудзь перадаць родным бялізну і харчы. Паліцэйскі вартаўнік сказаў нам, што ім ужо нічога не спатрэбіцца. У 9–10 гадзін раніцы з турмы выехаў крыты брызентам грузавік з арыштаванымі. Ззаду на другім ехала ахова. Нечакана адзін з арыштаваных скочыў з машыны і кінуўся бегчы. Ахова адкрыла агонь. Труп забітага ўкінулі назад у машыну і паехалі далей. Праз паўгадзіны машыны вярнуліся ўжо без людзей і заехалі ў турму. Майго мужа і групу зняволеных запхнулі ў машыну і павезлі… Іх расстралялі ў лесе каля Слабудкі”.
Лёс большасці пружанскіх зняволеных незайздросны — пасля катаванняў у турме іх расстралялі ў лесе каля Слабудкі, на Песчыне ці ў горадзе. Сярод іх былі бацькі вядомага беларускага перакладчыка Васіля Сёмухі — Сяргей Савіч і Марыя Васільеўна, якіх летам 1942 г. арыштавалі на хут. Ясенец; бацька і маці паэта-партызана Міколы Засіма з в. Шані — Арцём Якаўлевіч і Еўдакія Сільвестраўна, якіх забілі ў снежні 1943 г.
Аб апошніх днях функцыянавання “белай” турмы распавяла Ніна Фёдараўна Сямашкіна: “…У час вайны мы жылі на Хватцы. Перад вызваленнем Пружан ад фашыстаў нашу маці, Кацярыну Лабуда, забралі немцы. Сказалі, што забіраюць работнікаў капаць акопы. Мноства людзей сагналі ў “белую” турму. У камерах яны стаялі шчыльным натоўпам, нават не было дзе сесці. А раніцай у нядзелю прачнуліся — мама ў хаце. Аказваецца, яна прыйшла на досвітку. Маці расказвала, што немцы спрабавалі ўзарваць турму разам з людзьмі, але не разлічылі зарад, ці як там выйшла, і зруйнавалася толькі частка сцяны. Пасля гэтага наглядчыкі адчынілі зняволеным вароты. … Я з Федзем пазней бегала глядзець: не такія ўжо вялікія былі там разбурэнні”.
Новае жыццё на старым месцы
Адразу пасля вайны турма працягвала выконваць свае функцыі. Але ўжо ў канцы 1940-х гг. там размяшчаліся міліцыя і пашпартны стол. Пазней у былым турэмным будынку працавалі розныя бытавыя майстэрні і знаходзілася сховішча кінаапаратуры. У 1960-я гг. памяшканні і двор выкарыстоўвала раённая газавая служба. У 1966–1967-х гг. старую турму пачалі разбіраць. Як успамінаюць мясцовыя жыхары, у гэты час разваліны сталі месцам, дзе дзеці гулялі “ў вайну”. У 1970-я гг. тут ужо была пустэча, якую потым засадзілі дрэўцамі. У пач. 1980-х гг. на месцы “белай” турмы распачалі вялікую будоўлю. Паводле аповедаў яе ўдзельнікаў, пад руку пэўны час траплялі кавалкі старой цэглы, а вось рэшткаў падвалаў, аб наяўнасці якіх можна было б меркаваць, там не назіралася. Затое на тэрыторыі, дзе раней стаяў турэмны замак, было некалькі крынічак, якія папросту былі закіданы будаўнічым смеццем і заліты бетонам. Як сведчаць тэхнічныя дакументы, у 1982 г. на гэтым месцы з’явіўся трохпавярховы Дом быту. Праўда, мемуары Ежы Міхалеўскага, які наведаў Пружаны летам 1983 г., гэты факт не пацвярджаюць: “…Белая турма разабрана. На яе месцы ёсць скверык, а далей — міліцыя (у баку парку па колішняй вул. Пацэвіча)”. Сёння ў будынку былога Дома быту на месцы ранейшай турмы знаходзіцца цэнтральная раённая бібліятэка імя Міколы Засіма.
Аўтар выказвае асаблівую падзяку І. У. Сядовай за дапамогу ў зборы матэрыялаў.

Наталія Пракаповіч, галоўны захавальнік фондаў ДУК «Музей-сядзіба Пружанскі палацык»

На здымках:

Былыя вязні каля турмы. 1966 г. (злева направа: В. Супруновіч, М. Стручысты, А. Ільяшук, С. Пацяруха, А. Стасевіч, А. Саханевіч).

Разбурэнне “белай” турмы. 1966 – 1967 гг.

Дом быту. перш. пал. 1980-х гг.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *