Воскресенье, 24 июня 2018

Пружанские туристы планируют пешком отправиться в Татры и покорить реки Карелии

375

Напэўна, большасць асацыіруе адпачынак толькі з пуцёўкай на прыморскія курорты замежных краін ці, як мінімум, з паездкай туды «дзікунамі». А што вы скажаце на тое, што не меншы багаж уражанняў, загар, душэўны рэлакс і выдатны настрой можна атрымаць і на сваёй радзіме? А ў дадатак набыць яшчэ і эксклюзіўныя фотаздымкі, якія рэдка сустракаюцца ў сямейных фотаальбомах. Пацвярджэннем гэтаму можна лічыць прыклад некалькіх дзясяткаў пружанцаў, якія кожны год з нецярпеннем чакаюць адкрыцця новага турыстычнага сезона.
Сёлета, як расказвае ініцыятар стварэння групы такіх апантаных турыстаў Сяргей Зелянееў, пачатак сезона стаў вельмі ўдалым, дзякуючы незвычайна цёплай вясне. Таму апошнія дні красавіка, калі пружанцы арганізавалі першы ў гэтым годзе байдарачны сплаў, пакінулі даволі прыемныя і вясёлыя ўспаміны.
— Мы сплаўляліся дзвюма групамі па 16 і 13 чалавек адпаведна,— расказвае Сяргей Валер’евіч.— Маршрут праходзіў па левым прытоку Нёмана — рацэ Моўчадзь, ад кропкі каля аграгарадка Дварэц да пасёлка Гезгалы Дзятлаўскага раёна.
Гэты адрэзак быў выбраны нездарма: аматары экстрэмальнага адпачынку называюць той участак ракі Моўчадзь «спартыўным». Тут сустракаюцца рэзкія павароты, часта мяняецца глыбіня, ёсць водмелі і нават прыродныя перашкоды з дрэў, што прымушае байдарачнікаў праяўляць кемлівасць пры іх пераадоленні.
Пачынаецца сплаў са скрупулёзнай падрыхтоўкі. Паход доўжыцца некалькі дзён, і на гэты час трэба забяспечыць сябе ўсім неабходным. Пры гэтым важна граматна падлічыць вагу рэчаў, якія патрэбна ўзяць з сабой. Напрыклад, грузападымальнасць або водазмяшчэнне байдаркі не перавышае 250 кілаграмаў. І калі выключыць вагу саміх «пасажыраў», то на карысны груз застаецца ў лепшым выпадку 100 кілаграмаў, а часцей і менш за тое.
Адразу трэба адзначыць, што тым, хто не ўяўляе свайго жыцця без пастаяннага доступу да тэлевізара, гарачай вады і мяккага матраца, у такіх паходах будзе вельмі цяжка. Хаця пры пэўным спрыце многае з вышэйназванага можна ўдала замяніць і атрымаць ад падарожжа шмат карыснага.
Па-першае, краявіды нашай прыроды вясной не пакінуць нікога раўнадушным. Паабапал гэтай рэчкі не так многа слядоў чалавечай цывілізацыі і тут можна ўбачыць многае з таго, што для гараджан будзе ў навінку. Прычым у любым узросце.
Па-другое, дзённы сплаў — напружанне ўсіх сіл, максімальная канцэнтрацыя і магчымасць праверыць свае здольнасці ў «баявой» абстаноўцы. Рэдка якая вандроўка абыходзіцца без пазаштатных сітуацый: сёлета адзін экіпаж таксама перакуліўся. Вось тут адразу бачна, хто выдатна падрыхтаваўся і зможа пазбегнуць страт у грузе. У дадатак даводзіцца літаральна прапілоўваць сабе дарогу сярод дрэў, якія ўпалі ў раку.
Па-трэцяе, шмат асалоды прыносіць сам вечар, калі можна адпачыць ад цяжкай дарогі. Для прыпынку звычайна выбіраецца месца, якое адпавядае дакладным умовам: высокі бераг, пясчаны пляж, свабодны ад лесу ўчастак, на якім можна разбіць стаянку.
— Безумоўна, ежа гатуецца толькі на агні, што надае стравам неперадавальны смак,— дзеліцца ўражаннямі Сяргей Зелянееў.— Гатуем юшку, лагман, шурпу, плоў і многае іншае. А яшчэ больш смаку надае… стомленасць.
На стаянцы абавязкова робіцца турысцкая лазня. Для гэтага ў зямлі выкопваецца яма, дзе з камянёў складваецца печка своеасаблівай канструкцыі. Яна добра прапальваецца, а значыць, ёсць магчымасць не толькі як след сагрэцца. Паверх нагрэтых камянёў ставіцца спецыяльная палатка, якая служыць у якасці парылкі. А бярозавыя венікі заўсёды «пад рукой», як і вадаём для астуджвання.Турыстычныя выпрабаванні даводзіцца пераадольваць на працягу некалькіх дзён, пасля якіх застаюцца непараўнальныя ўражанні і сотні фотаздымкаў. Вельмі верагодна, што працяг турыстычнага сезона 2018 года будзе такім жа, як і яго пачатак. Калі аформяць візы, то пружанскія турысты мяркуюць адправіцца пешшу ў Татры. Пасля плануецца байдарачны сплаў па складаных рэчках і азёрах Карэліі да берага Белага мора, на што па самых сціплых падліках спатрэбіцца не менш за два тыдні. А на завяршэнне сезона турысты хочуць сплавіцца яшчэ і па Нёмане праз коласаўскія мясціны.
Што тут яшчэ можна дабавіць? Толькі адно — далучайцеся!

Алег Сідарэнка.
Фота з архіваў пружанскіх турыстаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *