Воскресенье, 24 июня 2018

Таямніцы «Белай» турмы ў Пружанах. Частка 1.

401

Частка 1. Загадка вуліцы Замкавай
Калі вывучала паўстанне 1863–1864 гг., з пачатку якога ў гэтым годзе споўнілася 155 год, мне трапіліся ўспаміны мясцовага ўраджэнца Аляксандра Акінчыца (1839–1886), у якіх звярнуў на сябе ўвагу ўрывак з апісаннем зняволення ў пружанскім астрозе. Зацікавіўшыся эпізодам, выявіла, што адкрыўся невядомы пласт гісторыі Пружан — існаванне турэмнага замка, больш вядомага як «белая» турма.

 

 

Замак і вуліца
Дакладная дата з’яўлення замка — менавіта так у дакументах найчасцей называўся будынак, што знаходзіўся на месцы сучаснай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Засіма, — пакуль не высветлена. Хутчэй за ўсё, падзея адбылася ў кан. 10-х гг. ХІХ ст. Даследчык А. Шаркоў сярод населеных пунктаў, у якіх да 1820 г. былі пабудаваны турмы, называе Пружаны. Гэта пацвярджае Ведамасць аб стане паліцыі ў Пружанах за 1821 г., якая згадвае ў горадзе толькі «два каменныя казённыя будынкі — астрог і казначэйства». Хутчэй за ўсё, такая «значная» падзея, як з’яўленне першай мураванай пабудовы — турэмнага замка, стала прычынай узнікнення назвы вул. Замкавай (вул. Савецкая ад р. Мухавец да «Пружанскага палацыка» называлася так да кан. ХІХ ст.).
Аб наяўнасці турмы ў пач. ХІХ ст. сведчаць таксама мемуары нашага земляка Леана Зянковіча (1808–1870) «Вечары ляха з Ляхоў, ці Гутаркі пры каміне старога польскага літаратара». Успамінаючы дзяцінства, ён пісаў: «…З вокнаў дома маіх сваякоў бачна было павятовае мястэчка з вострымі вежамі каталіцкага касцёла, акруглымі купаламі ўніяцкай царквы, руінамі палаца і белымі высокімі мурамі новапабудаванага астрога». Менавіта тынкоўка з белай афарбоўкай дала турме народную назву «белая».
Трэба адзначыць, што з’яўленне астрога ў Пружанах было невыпадковым. Актыўнае ўзвядзенне турэмных замкаў выклікаў шэраг дзяржаўных пастаноў. У 1802 г. імператар Аляксандр І загадаў губернатарам узяць пад кантроль арыштанцкія справы, а ў 1808 г. — палепшыць умовы ўтрымання зняволеных і пабудаваць астрогі трох разрадаў. У 1811 г. быў зацверджаны ўзор новых турмаў. Вядома, што ў сяр. ХІХ ст. у Гродзенскай губ. ужо існавала 9 астрогаў — у губернскім і ўсіх павятовых гарадах. Найбольш падобнай па планіроўцы і выглядзе да пружанскай турмы была кобрынская (1821 г.), будынак якой захаваўся.
Як выглядаў турэмны замак
Паводле плана 1825 г., замак уяўляў сабой уласна будынак турмы (у дакуменце названы “казарма”) і прылеглую тэрыторыю, абнесеную па перыметры высокай каменнай сцяной. “Казарма” была аднапавярховай з гарышчам. Пры ўваходзе знаходзіўся ганак з прыступкамі і дзвюма калонамі, якія падтрымлівалі павець. У будынку былі сенцы для ахоўніка, па два пакоі (для мужчын і жанчын) з нарамі для злачынцаў першага і другога разрадаў, кухня, пакой для хворых, камеры для адзіночнага ўтрымання (з 1853 г.). За астрогам каля агароджы знаходзіліся дзве прыбіральні. Трапіць на тэрыторыю замка можна было праз высокую каменную браму, абапал якой змяшчаліся каравульня і камора. Браму зачынялі вароты, каля якіх стаялі дзве будкі для вартаўнікоў.
Турэмны побыт
Кіраўніцтва астрога павінна было клапаціцца аб фізічным здароўі і маральным выхаванні арыштаваных. Паколькі пры пружанскім замку не было царквы ці асобнага пакоя для набажэнстваў, зняволеныя маліліся ў камерах. Прадугледжваліся абавязковыя штодзённыя маленні раніцай і ўвечары, павучальныя размовы са святарамі, чытанне рэлігійнай літаратуры.
Некаторыя старонкі турэмнага побыту Гродзенскай губ. 1860-х гг. адлюстравала даследчык Н. Лісейчыкава. У той час пры кожным замку існавалі «сакрэтныя камеры» для неспакойных арыштантаў, пакоі для перасыльных, камеры для мясцовых зняволеных паводле іх узросту, полу, а таксама віду здзейсненага злачынства. Падсудныя і хворыя ўтрымліваліся асобна. Пры ўсіх турмах дзейнічалі шпіталі і аптэкі. Навядзенне парадку і чысціні было абавязкам саміх зняволеных. Аднак перапоўненасць камер, недастатковы абагрэў ад печак, нерэгулярныя праветрыванне, мыццё і сушка бялізны з’яўляліся прычынамі пастаяннага бруду, вільгаці, цяжкага паветра. Самым брудным месцам з’яўлялася прыбіральня. Дрэнны пах ад яе распаўсюджваўся па калідорах. У Пружанах лазні пры замку не было, таму зняволеныя мыліся ў прыватных і інвалідных. Кіраўніцтва турмы было абавязана забяспечваць арыштантаў адзеннем і абуткам (часта зусім нізкай якасці), нарамі і поўным камплектам ложка, але, калі іх не хапала, людзі спалі на падлозе, падклаўшы лямец ці вопратку. Галоўнай прычынай такой сітуацыі было слабое фінансаванне астрогаў. Харчаваліся арыштанты ў залежнасці ад сацыяльнага стану на сродкі мясцовых казначэйстваў. Норму грошай вызначала Міністэрства ўнутраных спраў, зыходзячы з умоў рэгіёна. Меню было неразнастайным: хлеб (2,5 фунта на чал. у дзень), ячныя крупы, 615 гр. буракоў, капусты, шчаўя ці гароху, сала (у посныя дні — алей), соль, па серадах і пятніцах — селядзец на 10 чал., на святы — ялавічына. Стравы гатаваліся на агульнай кухні арыштаванымі, якіх утрымлівалі за нязначныя злачынствы. Зняволеныя простага саслоўя штодзень займаліся гаспадарчымі працамі ў астрозе: прыбіралі, мылі і рамантавалі адзенне, насілі ваду, калолі дровы, даглядалі агарод пры пружанскай турме. Як сведчаць дакументы, выдаткі на ўтрыманне астрога пастаянна раслі, але не прыносілі значных змяненняў у яго стан. Паводле некаторых звестак, на рубяжы ХІХ–ХХ стст. пры замку існаваў невялікі завод па вырабе тратуарнай пліткі, маркіраванай літарамі «ПТ», якую выкарыстоўвалі для добраўпарадкавання горада.
Успаміны паўстанцаў
Многія з гэтых фактаў пацвярджаюцца ва ўспамінах. У 1863–1864 гг. у час паўстання К. Каліноўскага колькасць зняволеных, асабліва шляхціцаў, павялічылася. Некаторыя з іх занатавалі факты ўласнага жыцця на паперы. Напрыклад, доктар А. Акінчыц. Паводле мемуараў, ён далучыўся да паўстання ў красавіку 1863 г., нягледзячы на тое, што Шарашова, дзе жыў урач, і Пружаны былі аднымі з першых населеных пунктаў Беларусі, якія падначалілі паўстанцы. Атрад Рагінскага здзейсніў сюды рэйд 31 студзеня (11 лютага) — 1 (12) лютага 1863 г. У горадзе інсургенты захапілі зброю, порах, амуніцыю, грошы, абяззброілі варту і інвалідную каманду, распусцілі рэкрутаў і зняволеных з астрога, які падпалілі. Акінчыц сцвярджаў, што на «непрацяглы час» ён далучыўся да атрада і «займаўся лячэннем хворых». Тым не менш, 22 (14) лістапада 1863 г. акруговага ўрача Пружанскага і Слонімскага паветаў даставілі ў пружанскую турму.
Ва ўспамінах Акінчыц апісвае побыт арыштантаў пружанскага турэмнага замка: «…Рэдка які рэгіён так жорстка праследаваўся, як Пружаны. Не толькі турма не магла ўтрымаць усіх зняволеных, але і тры будынкі, якія рускімі выкарыстоўваліся з гэтай жа мэтай. Цывільныя будынкі былі лепшыя: там не было жудаснага турэмнага паху, з вокнаў былі бачныя прахожыя. … 23 лістапада 1863 г. … турэмныя вароты зачыніліся за мной. … Дзякуючы падтрымцы сяброў, з якімі зведаў у астрозе розныя моманты, я не страціў надзеі. … Мой брат кожны дзень прысылаў ежу, … бацькі перапраўлялі адзенне і рэчы. Пры патуранні рускіх салдат, якія не грэбавалі хабарам, мы мелі зносіны са знешнім светам. Нягледзячы на пазбаўленне волі, атрымлівалі кнігі, паперу, алоўкі, лісты і алкаголь. Нас зачынялі на ключ толькі ноччу, … таму не было нудна доўгімі вечарамі. Амаль усю шляхту павета зняволілі ў турме. … Пакуль ішло следства, забаранялі сустракацца з роднымі і сябрамі. Але мы знаходзілі спосаб бачыцца. У сотні крокаў ад турмы быў калодзеж, з якога пад наглядам двух вартавых арыштанты бралі ваду. На некалькі хвілін мы маглі сустрэцца з блізкімі. Гэтыя кароткія імгненні, за якія мы плацілі ахоўнікам, былі каштоўнымі і жаданымі. … Кожную суботу нас вадзілі праз вуліцу ў лазню, якая была вельмі бруднай. Ішлі групамі пад аховай дзесяці жаўнераў. … У апошні месяц у турме мне дазволілі ў суправаджэнні афіцэра наведваць хворых у Пружанах, Стараволі, Шарашове, Белавежскім лясніцтве. … Бывалі выпадкі, калі я адсутнічаў 2–3 дні. … Таварышы з нецярпеннем чакалі майго вяртання, таму што я прыносіў навіны і ежу. Я заставаўся ў гэтай турме да 1 красавіка 1864 г. — да пераводу ў гродзенскі астрог…». Суд пастанавіў «шляхціца Аляксандра Акінчыца, … за знаходжанне ў шайцы мяцежнікаў добраахвотна, … пазбавіўшы ўсіх правоў стану па 3-й ступені, саслаць на катаргу на руднікі на 15 гадоў». З сібірскай ссылкі доктар уцёк у Францыю, дзе пражыў да канца жыцця.
Вязні і ахоўнікі
Захаваліся афіцыйныя крыніцы аб дзейнасці замка. Вядома, што на працягу 1848–1857 гг. у Пружанах утрымліваліся 974 мужчыны і 108 жанчын. Найбольш было асоб 20–40 гадоў. Дваран налічвалася 36, ніжэйшых чыноў — 195, мяшчан — 23, сялян — 499, яўрэяў — 173 і інш. За гэты час у замку памерла 19 і збег 1 чалавек. Сярод злачынстваў пераважалі крадзяжы, махлярствы, сваркі, бойкі, забойствы.
Дакументы 1870–1909 гг., якія знаходзяцца ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык», дазваляюць даведацца пра імёны людзей, звязаных з замкам: наглядчыкаў, вартавых, арыштантаў. Крыніцы сведчаць, што ў гэты час у астрозе ўтрымлівалася ад 7 да 61 чал. У асноўным — мясцовыя людзі, але іх стан, жыхарства, прычыны затрымання не пазначаны. Найбольш было мужчын 25–45 гадоў, некалькі юнакоў да 16 гадоў і сталых людзей, якім было больш за 70 (С. Стасюк, С. Ляўчук, І. Варушыла, С. Шышко, Р. Хінко, Д. Рэчыц, А. Люкевіч, М. Кавалевіч). У 1875 г. у турме знаходзілася асоба, пазначаная як “Иван бродяга”. За кратамі сядзелі жанчыны (не больш 4), некаторыя, з дзецьмі.
У крыніцах знойдзены імёны турэмных наглядчыкаў (з 1888 г. — начальнікаў турмы): з 1860 па 1914 гг. гэтую пасаду займалі Г. С. Іваноўскі, П. А. Афанасьеў, А. П. Ажэ, І. І. Звераў, І. В. Маліноўскі, В. І. Навіцкі, М. Я. Жыдкоў, А. А. Буржынскі, А. Ф. Нядзвецкі, Е. Я. Бізюк, М. А. Крылоў. Пад 1907 г. згадваецца пасада наглядчыка арыштнага дома, якую да 1909 г. займаў Ф. Р. Параскевіч. У 1909–1915 гг. арыштным домам кіраваў Б. М. Залеўскі. Хутчэй за ўсё, арыштны дом — гэта так зв. «чырвоная» турма ў Пружанах (на месцы сучаснай стаматалагічнай паліклінікі).
У пачатку ХХ стагоддзя
Шэраг крыніц адзначае ўздым сялянскага і рабочага руху на Пружаншчыне падчас расійскай рэвалюцыі 1905–1907 гг., які праявіўся ў забастоўках і хваляваннях. Аб адным з такіх выпадкаў гродзенскі губернатар Блок 3 снежня 1905 г. дакладваў віленскаму генерал-губернатару: «…У мястэчку Мальча … натоўп з крыкам і шумам стаў патрабаваць вызваліць зняволеных, а затым частка натоўпу кінулася на валасное праўленне, пабіла вокны і вызваліла 3 арыштаваных, нягледзячы на ваенны каравул. … Ноччу … арыштаваныя былі … адпраўлены ў пружанскую турму. … Лічу доўгам хадайнічаць аб неадкладным прадстаўленні мясцовым уладам асаблівых паўнамоцтваў у адносінах да Пружанскага павета». У ліпені 1906 г. газета «Северо-Западный голос» паведамляла з Пружан, што з прыбыццём войскаў пачаліся «арышты сялян і сялянак з дзецьмі. Не бывае дня, каб не прыводзілі ў гарадскую турму 30–40 чал. Арышты і прывод у турму не спыняюцца». Дакументаў за 1906 г. у фондах музея няма, але іншыя крыніцы не адзначаюць значнага павелічэння зняволеных: у 1905 г. у замку было 27 чал., 1907 г. — 31.
Як склаўся лёс арыштантаў і іх вартаўнікоў падчас Першай сусветнай вайны, не вядома. Хутчэй за ўсё, іх перавезлі на Усход, калі адступала руская армія летам 1915 г. Не мог пуставаць будынак «белай» турмы і ў перыяд нямецкай акупацыі 1915–1918 гг.
Працяг будзе.

На здымках:

Сучасны стан будынка былой турмы 1821 г. у Кобрыне, вельмі падобная да якой была пружанская «белая» турма. Люты 2018 г.
Фасад агароджы астрога ў Пружанах. 1825 г.
Фасад пружанскага турэмнага замка. 1825 г.

У двары старога кобрынскага астрога. Люты 2018 г.

Наталія Пракаповіч, галоўны захавальнік фондаў ДУК «Музей-сядзіба Пружанскі палацык»

Один комментарий

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *