Воскресенье, 24 июня 2018

Знакомьтесь, звезды телеканала «Пятерочка»

321

— Ой, хутчэй нас фатаграфуйце! — Мой Інстаграм сёння выбухне! — А я заняла трэцяе месца па шахматах! — А я набіў сабе «фінгал»! — А нас тройчы паказвалі па беларускім тэлебачанні! — А ў яе… — А ў яго…
Не ведаю, як было б у вас, а ў мяне ад гэтых шчырых і гучных рэплік, якія пасыпаліся з усіх бакоў, літаральна закружылася галава, і я адразу зразумела, што гутарка з гэтымі маленькімі вучнямі з СШ №5 атрымаецца цікавай. Бо ўсе яны — зоркі! Таленавітыя і неардынарныя зоркі школьнага тэлеканала «Пяцёрачка», які вось ужо амаль пяць гадоў выходзіць у эфір.
— Навіны, гутаркі, інтэрв’ю… Невялікая лічбавая камера і мікрафон — і ў эфіры наша «тэлесузор’е», якое ўжо дабілася каласальнага поспеху ў гледачоў! — пачала для мяне «лікбез» педагог-арганізатар школы Наталля Бармута. — Кожны год мы ўкараняем «свежыя» рубрыкі і адкрываем усё новыя «зоркі», якія добра ведаюць, як працаваць на камеру і заваёўваць любоў тэлеаўдыторыі.
Тры гады таму ў «тэлекампаніі» з’явілася ідэя паглядзець на школьнае жыццё вачыма вучняў пачатковых класаў. За аснову ўзялі папулярную гумарыстычную перадачу Івана Урганта «Погляд знізу», зрабілі яе на свой лад і атрымалі годны тэлепрадукт.
— Дзеці ў нас розныя, але ва ўсіх іх досыць насычанае творчае жыццё. Перадачы з іх удзелам рэгулярна трансліруюцца ў фае і на сайце школы, а таксама на асабістым канале ў ютубе, — працягвае Наталля Генадзьеўна. — Знаёмцеся: Аляксей Лабар, Раман Гваздзелка, Даша і Вераніка Дайнэкі, Сяргей Якутовіч і Яўген Максімовіч, а таксама наш нязменны аператар, мантажор і вядучы Кірыл Чарнякевіч.
І мы пазнаёміліся. Ды так весела правялі час, што тую сустрэчу я запомню надоўга: вельмі ўжо спраўна дзеці адпрацавалі на камеру і дыктафон! І дзякуй вялікі Кірылу, які своечасова спыняў палёты думак рэдкіх экстравертаў. На ўсе свае пытанні я атрымала выразныя і арыгінальныя адказы, прычым за словам у карман гэтыя вучні не лезлі.
Найперш па маёй просьбе дзеці пералічылі тыя рысы характару, без якіх, на іх погляд, немагчыма стаць зоркай тэлебачання. Запісвайце (так, на ўсялякі выпадак): фотагенічнасць і прыгожы голас, выразнае вымаўленне і адсутнасць страху перад камерай, весялосць натуры, эрудзіраванасць і сумленнасць. Усё гэта ў маіх маленькіх субяседнікаў ёсць, а апошняе — у асабліва вялікім памеры. Некаторыя з іх шчыра прызналіся, што часам адчуваюць сябе «зоркамі Венерамі», бо менавіта так іх называюць настаўнікі. Іншыя прадбачліва заявілі: «Ну, якія мы зоркі, калі на ўвесь свет яшчэ не заззялі!» Трэція канкрэтна рэзюмавалі: «Зорнасць — гэта не маё».
Расказалі дзеці і пра сваіх куміраў, на якіх хочуць быць падобнымі. Іх выбар мяне вельмі парадаваў: не ведаюць яны ні Максіма Галкіна, ні Яўгена Петрасяна. Раўняюцца толькі на сваіх лепшых сяброў і старэйшага калегу Кірыла Чарнякевіча. Таксама артысты пахваліліся, што ўжо ў розных школах маюць прыхільнікаў сваёй творчасці. Аднак «насы не задзіраюць» і трымаюцца з імі на роўных, як і належыць добрым і бескарыслівым людзям.
Давялося «тэлеартыстам» сустрэцца і з зайздроснікамі, якія спрабавалі кпіць з іх. Прызналіся і ў тым, што і самі, бывала, здзяйснялі ўчынкі, аб якіх пасля моцна шкадуюць. Рассакрэцілі дзеці і свае шкодныя звычкі. На шчасце, самай «страшнай» з іх аказалася… любоў да салодкага: цукеркаў і марожанага.
Радуе тое, што на сённяшнім этапе здзяйсняюцца ўсе мары школьных тэлезорак. За ўсё лепшае ў сваім бесклапотным дзяцінстве яны ўдзячныя сваім бацькам, падтрымку якіх адчуваюць заўсёды. Заглядваюць дзеці і ў далёкую будучыню: ёсць сярод іх і патэнцыяльныя журналісты, і афіцэры, і нават урачы, якія ўсе разам абавязкова здымуцца ў галівудскім блокбастары з Кіяну Рыўзам ці Джэйсанам Стэдхемам. А што? Здымкі для дзяцей ужо сталі звычайнай справай, і яны гатовы выступіць перад любой публікай, дык чаму б не памарыць?


На здымку: юныя «тэлеартысты» Сяргей Якутовіч, Яўген Максімовіч, Вераніка і Даша Дайнэкі, Аляксей Лабар, Раман Гваздзелка разам са сваім старэйшым сябрам Кірылам Чарнякевічам.
Алена Зялевіч.
Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *