Среда, 21 ноября 2018

В рамках акции «Добрые дела для малой родины» в Ружанах обновят аллею боярышника и создадут композицию из роз

396
Суботнікі, месячнікі па добраўпарадкаванні — традыцыйныя штогадовыя мерапрыемствы па падтрыманні парадку на тэрыторыі населеных пунктаў. Але сёлета, калі ў краіне аб’яўлены Год малой радзімы, нас, беларусаў, заклікаюць правесці не проста ўборку, азеляненне тых месцаў, дзе мы нарадзіліся, жывём. Якія ідэі збіраюцца ўвасобіць у жыццё на Ружаншчыне, каб прыняць удзел у гэтай маштабнай рабоце?
Аксана Уладзіміраўна Манчык прыступіла да абавязкаў старшыні Ружанскага сельвыканкама якраз тады, калі пачыналіся вясеннія мерапрыемствы па навядзенні парадку. Таму невыпадкова, што гэтае пытанне аказалася ў яе на парадку дня на першым месцы.
— Напэўна, яшчэ з савецкіх часоў мы прывыклі, што безумоўна павінны падтрымліваць парадак на зямлі: у дварах, на тэрыторыях агульнага карыстання — з дапамогай суботнікаў пару разоў на год, на ўласных, бацькоўскіх сядзібах — самастойна на працягу года. Таму сказаць, што ўдзел у радавой акцыі — гэта наша справа ў рамках Года малой радзімы, нават сорамна, — зазначае А.У.Манчык. — Неабходна зрабіць канкрэтную справу, якая застанецца, якая атрымае матэрыяльнае ўвасабленне.
Ідэю правесці акцыю, якая ў выніку атрымала назву «Добрыя справы для малой радзімы», падтрымалі і на пасяджэнні сельвыканкама.
Што можна зрабіць, каб гэта засталося не на месяц і нават не на год? Мясцовая ўлада распрацоўвае цэлы план мерапрыемстваў. У яго ўвайшла ідэя стварыць кампазіцыю з руж — кветак, якія з’яўляюцца сімвалам пасёлка. Да ўвасаблення гэтай ідэі ў жыццё мяркуецца прыцягнуць мясцовага каваля-самародка. Тым часам падбіраецца месца для каванай кампазіцыі: яе плануюць «прапісаць» у мясцовым скверы альбо на адным з уездаў у пасёлак. Акрамя таго, плануецца аднавіць алею глогу — менавіта гэтыя невялікія дэкаратыўныя дрэўцы, што з’явіліся тут, дзякуючы паважанаму чалавеку, заслужанаму настаўніку БССР, педагогу-энтузіясту Уладзіміру Іванавічу Рэкуцю і яго вучням, некалі ўпрыгожвалі Ружаны і былі яго візітоўкай.
— Зразумела, на рэалізацыю многіх спраў неабходны сродкі. Таму мы падыходзім да гэтага пытання па-асабліваму: у адных арганізацый ёсць фінансы, у другіх — рабочыя рукі, некаторыя калектывы вылучаюцца фантазіяй і творчымі здольнасцямі… Зыходзячы з гэтага, і размяркоўваем задачы. Мясцовыя бібліятэкары, напрыклад, паабяцалі скласці буклет пра ўчарашні і сённяшні дзень Ружан. Чаму б і не?! З улікам турыстычнай прываблівасці пасёлка гэта патрэбная работа, — разважае Аксана Уладзіміраўна. — Арганізацыя, якая мае фінансавую магчымасць, праспансіруе друк літаратуры.
Падчас сходу з сельскімі старастамі было прапанавана скласці падобны план мерапрыемстваў: на думку старшыні Ружанскага сельвыканкама, добрую справу для малой радзімы павінен зрабіць кожны жыхар, зыходзячы са сваіх магчымасцей.
Што немалаважна, асобная ўвага — грамадзянска-патрыятычнаму, працоўнаму выхаванню падрастаючага пакалення. У прыватнасці, перад школьнікамі і настаўнікамі з Ружанскай СШ стаіць задача забяспечыць расадай пасялковыя клумбы, падтрымліваць парадак каля пахаванняў пад чырвонай зоркай.
— Уклад моладзі ў агульную работу таксама павінен быць. І пакуль ён такі.
Увогуле абсалютна кожны: ад кіраўніка да рабочага, ад малога да дарослага — павінен унесці свой уклад, зрабіць добрую справу, пераканана Аксана Уладзіміраўна.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *