Среда, 23 сентября 2020

В канун сезона отпусков рассказываем, как не лишиться автомобильного номера

461

Адным з папулярных відаў махлярства з’яўляецца крадзеж дзяржаўных нумароў з аўтамабіляў і выманьванне грошай за іх вяртанне. Разлік злодзеяў даволі просты: уладальнік аўто пашкадуе свой час на афармленне новых рэгістрацыйных знакаў і абавязкова заплаціць грошы, каб вярнуць старыя. Тым больш, што праваахоўныя органы неахвотна займаюцца расследаваннем падобных спраў, аб чым сведчыць і статыстыка іх раскрыцця.
Безумоўна, праблема можа падацца не такой і злабадзённай, калі непрыемнасць здарылася на тэрыторыі той краіны, дзе пражываеш. А што рабіць аўтаўладальніку, калі нумары з машыны ўкралі за мяжой?
Такая гісторыя здарылася і з жыхаром нашага раёна, які разам з сям’ёй паехаў на сваім аўто адпачыць у Адэсу. Як паведамлялі летась сродкі масавай інфармацыітолькі паводле афіцыйных звестак, у 2017 годзе трое жыхароў Брэстчыны сталі ахвярамі падобных злодзеяў. У іх лік, як аказалася, трапіў і пружанец.
— Я пакінуў сваю машыну на стаянцы каля рынку, куды мы ўсім гуртом адправіліся па пакупкі. Калі ж вярнуліся, то заўважылі, што з аўтамабіля адкручаны дзяржнумары, а пад «дворнікамі» пакінута запіска,— расказвае наш чытач.Адразу ўзнікла паніка: што рабіць, як выйсці з гэтай сітуацыі, каго клікаць па дапамогу? Зварот да ўкраінскіх паліцэйскіх нічога не даў: у бліжэйшым участку хоць і быў складзены пратакол, але беларусу прамым тэкстам сказалі, што нічога шукаць не будуць, бо трэба было самастойна клапаціцца аб захаванасці сваёй маёмасці. У Генеральным консульстве Беларусі ў Адэсе нашаму земляку параілі ўсё-такі настойліва папрасіць у паліцэйскіх даведку аб тым, што аўтамабільных нумароў яго пазбавілі зламыснікі. Але і пасля атрымання гэтага дакумента праблем менш не стала: практычна кожны дзень па дзясятку разоў машыну пружанца спынялі дарожныя інспектары, якія карпатліва правяралі яго аўтамабіль нават пры прад’яўленні выдадзенай даведкі. У выніку мужчына праз некалькі дзён такіх пакут проста паехаў дадому: сямейны адпачынак быў сапсаваны.
Набліжаецца чарговае лета, і зноў дзясяткі пружанцаў на сваіх аўто пацягнуцца на прыморскія курорты, якія, на жаль, знаходзяцца выключна за межамі Беларусі. Што рабіць, калі трапіце ў пераказаную вышэй сітуацыю? Магчыма, большасць падумае такім чынам.
Варыянт першы — пакласці грошы на пакінуты зламыснікамі нумар і патэлефанаваць ім. Але ж, як правіла, ніхто не чакае гэтага званка, а нумары аўтамабіля хутчэй за ўсё даўно выкінутыя на бліжэйшы сметнік. Некаторым ахвярам злодзеі могуць падказаць месца пошуку прапажы, але такое бывае зрэдку. Ды і адшукаць «іголку ў стозе сена» будзе вельмі складана.
Варыянт другі — стаць цярплівым і не перапыняць адпачынак, пакінуць аўтамабіль на стаянцы і выбраць іншыя спосабы руху.
Варыянт трэці — неадкладна вярнуцца дадому і задумацца аб тым, як у чарговы раз не стаць ахвярай «нумарных махляроў».
А спосабы пазбегнуць гэтага ёсць, і даволіпростыя. Па-першае, прыміце ўсе намаганні для таго, каб злодзеям было вельмі складана скруціць дзяржнумары без прымянення спецыяльных інструментаў. Для мацавання нумароў выкарыстоўвайце заклёпкі, балты без шліцаў, кантрагайкі. Некаторыя ўвогуле выводзяць канцавікі сігналізацыі непасрэдна пад рэгістрацыйны знак.
Па-другое, за мяжой пакідайце свой аўтамабіль толькі на ахоўных пляцоўках. Безумоўна, гэта не з’яўляецца 100-працэнтнай гарантыяй, але вартаўнік дасць зняць нумар з вашай машыны толькі ў тым выпадку, калі сам уступіў з махлярамі ў змову. Такое бывае зрэдку, бо «нумарныя злодзеі» — звычайна заезджыя гастралёры, якія «працуюць» самастойна. Аднак калі такое ўсё ж здарыцца, то без прыцягнення паліцыі можна паспрабаваць «разруліць» сітуацыю і вярнуць аўтамабільны нумар.
Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *