Вторник, 16 октября 2018

Учительница физкультуры Татьяна Гордиевская занимается не только спортом, но и наукой!

513

Таццяна Васільеўна Гардзіеўская ў гімназіі горада Пружаны працуе восьмы год. За гэты перыяд настаўніца фізічнай культуры і здароўя паспела заваяваць павагу і аўтарытэт сярод сваіх калег, вучняў і іх бацькоў.
Шлях у прафесію настаўніка для Таццяны пачынаўся з любові да спорту і дзяцей. Вучаніца Бакунскай СШ-1 ужо з восьмага класа была пастаяннай удзельніцай раённых спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы. Прычым асабліва добра даваліся дзяўчыне доўгія дыстанцыі: 1000, 1500 і 3000 метраў, дзе патрэбна было праявіць не толькі вынослівасць, але і характар.
— Значны ўплыў на выбар прафесіі аказаў мой бацька Васіль Мікалаевіч, які з’яўляецца вялікім аматарам футбола, — гаворыць Таццяна Васільеўна. — А паколькі ў сям’і выхоўваліся дзве дзяўчынкі, то ён вельмі хацеў, каб хоць адна з нас звязала свой лёс са спортам.
Пасля заканчэння школы з сярэбраным медалём Таццяна стала студэнткай Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Выбрала факультэт фізічнага выхавання, каб у далейшым стаць выкладчыкам фізічнай культуры.
Так вясковая дзяўчына акунулася ў гушчыню студэнцкага жыцця. Тут яна таксама была адной з лепшых. І невыпадкова ўжо на другім курсе за выдатную вучобу, узорныя паводзіны і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці здольная студэнтка атрымала стыпендыю аблвыканкама ў намінацыі «Фізкультура і спорт». Таццяна працягвала актыўна займацца лёгкай атлетыкай і была ўдзельніцай самых разнастайных абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Дарэчы, пра гэта цяпер нагадваюць медалі і кубкі, якіх сабралася даволі многа.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Таццяна Васільеўна атрымала дыплом з адзнакай, і як лепшай студэнцы ёй было прапанавана працягваць вучобу ў магістратуры. Год вучобы праляцеў непрыкметна, і дзяўчына атрымала званне магістра педагагічных навук. Далей можна было вучыцца ў аспірантуры, але Таццяна Васільеўна выбрала іншы шлях: яна вярнулася на малую радзіму, каб стаць выкладчыкам фізічнага выхавання.
— Спачатку было вельмі няпроста пачынаць педагагічную дзейнасць, паколькі не хапала вопыту, — успамінае Таццяна Васільеўна. — Я вельмі ўдзячная за метадычную дапамогу свайму калегу па працы Генадзю Мікалаевічу Сцепаненку.
Паралельна з педагагічнай дзейнасцю маладая настаўніца працягвае актыўна займацца спортам. Яна неаднойчы абараняла гонар нашага раёна на спаборніцтвах абласнога ўзроўню па плаванні, шматбор’і, лёгкай атлетыцы, лыжных гонках, брала ўдзел у вядомых марафонах, якія праводзіліся ў Варшаве, Беластоку, Гайнаўцы, Мінску, Баранавічах, Іванаве, Маларыце. Таццяна Васільеўна, да слова, з’яўляецца сябрам бегавога клуба «Бег у радасць» горада Гродна.
Настаўніца з гімназіі працягвае займацца і навуковай работай. Сумесна з вучаніцай 10 класа Ірынай Строк сталі лаўрэатамі завочнага тура V Усерасійскай навукова-інавацыйнай канферэнцыі «Адкрый у сабе вучонага». Артыкулы Таццяны Гардзіеўскай неаднойчы друкаваліся ў часопісе «Здаровы лад жыцця». Цесна супрацоўнічае настаўніца і з кафедрай лёгкай атлетыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.
Таццяна Васільеўна вядзе ўрокі фізкультуры як у пачатковых класах, так і ў сярэднім звяне, і выпускным класе гімназіі.
— Патэнцыял дзіцяці можна ўбачыць ужо тады, калі яно вучыцца ў першым-другім класе, — зазначае настаўніца. — І вельмі важна дапамагчы таленту развіцца.
Вядома, што далёка не кожны з вучняў Таццяны Васільеўны звяжа свой лёс са спортам і стане прафесійным спартсменам. Але, бадай, гэта і не самае галоўнае. Важна прывіць вучням любоў і цікавасць да заняткаў фізічнай культурай і паспрыяць таму, каб захапленне спортам дзеці пранеслі праз усё сваё жыццё.
Мікола АРХУЦІК, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *