Четверг, 16 августа 2018

Завершился районный этап военно-патриотической игры «Зарница». Команда СШ №3 представит район на областных соревнованиях

510

На тэрыторыі цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства прайшла ваенна-патрыятычная гульня «Зарніца-2018».
Сёлета ў Рудніках сабраліся каманды з 13 школ раёна. Як удакладнілі арганізатары — спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і райкама ГА «БРСМ» — сёлета ў гульні ўдзельнічалі дзеці ва ўзросце да 15 гадоў. Да слова, узроставыя абмежаванні будуць чаргавацца: у наступным годзе, напрыклад, удзельнікамі «Зарніцы» будуць выключна старшакласнікі.
Падлеткі на працягу двух дзён жылі ў ваенна-палявых умовах: спалі ў палатках, гатавалі ежу на вогнішчы. А галоўнае — спаборнічалі за званне лепшых.
Безумоўна, першачарговыя задачы, якія арганізатары паставілі перад удзельнікамі гульні, былі накіраваны на дэманстрацыю дапрызыўнай падрыхтоўкі. Адразу ж пасля ўрачыстага адкрыцця «Зарніцы» яе ўдзельнікаў чакалі спаборніцтвы ў страявой падрыхтоўцы, вынікі якіх прынеслі першыя балы камандам. Дзякуючы трапнасці, можна было стаць карысным сваёй камандзе падчас стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі.
А вось ваенізаваная эстафета, як звычайна, вылучалася насычанасцю складаных разнастайных этапаў: хто хутчэй пераадолее «мышалоўку», гэта значыць, прапаўзе па-пластунску ў процівагазе з аўтаматам па мясцовасці з перашкодамі, хто больш трапна кіне «гранатай» у мішэнь, хто больш спрытна пройдзе грэблю і пераадолее бум, хто хутчэй паставіць палатку… Агульнавайсковая паласа перашкод, якая налічвала каля дзясятка этапаў, дазволіла хлопцам і дзяўчатам адчуць сябе сапраўднымі супергероямі.
Зарабіць запаветныя балы камандам дапамагла і конкурсная праграма, згодна з умовамі якой традыцыйна ацэньваліся візітоўкі, «баявы лісток», быт у разбітым лагеры, выкананне патрыятычнай песні, а таксама веданне пажарнай справы. Дарэчы, не першы год перад удзельнікамі «Зарніцы» задачы ставяць супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія патрабуюць не толькі тэарэтычных ведаў, але і практычныя навыкі. Таму многія каманды загадзя трэніруюцца на базе бліжэйшых пажарных аварыйна-выратавальных часцей і пастоў, каб прынесці камандзе балы падчас пажарнай эстафеты.
Па колькасці балаў, набраных за два дні разнастайных конкурсаў і спаборніцтваў, абсалютнымі лідарамі аказаліся вучні СШ №3 г.Пружаны. СШ №1 імя ЧБВА г.Пружаны заняла другое месца. А замкнула тройку прызёраў каманда Слабадской СШ, якая адстала ад сярэбраных прызёраў усяго на два балы. Акрамя незабыўных уражанняў, прыемнага адпачынку на ўлонні прыроды і новых знаёмстваў, пераможцы атрымалі граматы і кубкі.
Каманда СШ №3 г.Пружаны 22 мая будзе адстойваць гонар раёна на абласной «Зарніцы».
З гісторыі:
Усесаюзная ваенна-спартыўная гульня «Зарніца» з’явілася ў СССР у 1967 годзе з мэтай ваенна-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. 10 студзеня 1967 года ў газеце «Піянерская праўда» быў надрукаваны Загад №1 першага камандуючага гульнёй Героя Савецкага Саюза маршала артылерыі Васіля Казакова, у якім ставілася задача па фарміраванні юнацкіх батальёнаў і навучанні юнармейцаў навыкам армейскага жыцця, выхаванню ў іх любові да Радзімы, гатоўнасці абараняць яе ад знешніх і ўнутраных ворагаў. Першы фінал Усесаюзнай гульні «Зарніца» прайшоў у тым жа годзе ў Севастопалі.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *