Вторник, 22 мая 2018

Кукла Маша от сестры Саши. Рассказываем об представительнице большой талантливой семьи

264

Не ведаю, як у вас, а ў мяне вязанне асацыіруецца са спакойнай, манатоннай работай. Таму, калі падчас гутаркі настаўніца пачатковых класаў Аляксандра Стэльмах расказала пра анлайн-спаборніцтвы па вязанні, я была вельмі здзіўлена! Дарэчы, Аляксандра не проста прымае ў іх удзел, але і перамагае. Зразумела, з дапамогай сям’і.

Як і многія, Саша навучылася вязаць яшчэ ў дзяцінстве. Цікава, што яе першым настаўнікам быў дзядуля, хаця ўся сям’я мае творчыя здольнасці. Другое дыханне хобі набыло падчас дэкрэтнага адпачынку. Хоць першынец Арсеній і не пакідаў маме шмат вольнага часу, першыя зробленыя сваімі рукамі рэчы былі менавіта для яго.

Больш пакладзісты характар малодшага Амвросія дазволіў Аляксандры засвоіць усходнюю тэхніку «амігурумі» — вязанне на прутках або кручком маленькіх фігурак. Спачатку ў кватэры Стэльмахаў пачалі з’яўляцца звязаныя па схемах жывёлы і чалавечыя фігуркі, пасля Аляксандра пачала ўвасабляць у жыццё ўласныя фантазіі. Першай мадэллю для партрэтнай лялькі стала Сашына сястра Маша. Уявіце толькі: з дапамогай нітак і кручка зрабіць невялічкую ляльку, рысы твару і постаць якой будуць вельмі падобныя на свой жывы прататып! Гэты від лялек стаў асабліва папулярным сярод сябровак Аляксандры, таму здымаць нашаму фатографу амаль не было што: усе вырабы адразу ж знаходзяць сабе новых гаспадароў.
Аляксандра вядзе сваю старонку ў Instagram (www.instagram.com/aleksandra_stelmakh), дзе выстаўляе свае работы, знаходзіць новыя ідэі для творчасці і спаборнічае. Падчас адных з такіх спаборніцтваў была задзейнічана амаль уся сям’я. Арганізатары конкурсу кожны дзень прапаноўвалі па кавалачку схемы для вязання. Што ж атрымаецца ў выніку, не было вядома да самага апошняга задання. І вось калі Саша ўжо вязала апошнюю дэталь, перастаў працаваць тэлефон. Мужу давялося тэрмінова ўсталёўваць Instagram на другі апарат, а маме пісаць «гісторыю». Дарэчы, напісанне «гісторый» лялькі — адна з умоў падобных спаборніцтваў. Так для іншаземкі Ійі Аляксандра напісала сапраўдную казку, а для Містара Гамбургера і яго сябровак нават зняла міні-мультфільм!
Дзеці з задавальненнем гуляюць з мамінымі добрымі лялькамі, а малодшы пазнае свет з дапамогай бізіборда (развіваючай дошкі, на якой знаходзяцца разнастайныя замочкі, кнопачкі, дзверцы), які распрацавалі і змайстравалі бацькі.
Да слова, кватэру Стэльмахаў упрыгожваюць не толькі рэчы, зробленыя рукамі Аляксандры: значны ўклад унесла і яе сястра мастачка Марыя. Маша не першы год шые развіваючыя кнігі для дзяцей. Часта сёстры працуюць у тандэме. Хто ведае, магчыма, у хуткім часе іх рэчы з’явяцца пад агульным брэндам і будуць радаваць не толькі сяброў і знаёмых!
Фота Сяргея Талашкевіча і з асабістага архіва Аляксандры Стэльмах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *