Суббота, 30 мая 2020

Мы помним. Фоторепортаж с празднования Дня Победы

1 028

Адзначаць такую радасную і светлую падзею, як Дзень Перамогі, пружанцы пачалі яшчэ 8 мая. Святочна апранутыя людзі з кветкамі ў руках сабраліся на мітынг каля брацкай магілы на гарадскіх могілках, каб ушанаваць памяць аб тых, хто цаной уласнага жыцця здабыў нам мір.
Са слоў падзякі ветэранам, адкрываючы мітынг, пачаў сваё выступленне старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч. Ён гаварыў аб велічы і значнасці Вялікай Перамогі, якая была здабыта, дзякуючы дружбе народаў, і аб цане, якую заплацілі за гэта нашы слаўныя дзяды і прадзеды. Цяжка знайсці ў Беларусі сям’ю, якую не закранула б чорным крылом Вялікая Айчынная вайна. І гэта трэба памятаць заўсёды. Аб неабходнасці захавання памяці пра тых, хто здабыў незалежнасць нашай краіне, выступаючы на мітынгу, гаварылі начальнік групы тэрытарыяльнай абароны райваенкамата Д.М.Кавальчук, былы вязень фашызму С.С.Карпей, вучаніца 9 класа СШ №1 імя ЧБВА Юлія Усік. Адзначыў подзвіг савецкіх воінаў і мірных жыхароў, якія заваявалі Вялікую Перамогу, настаяцель Свята-Праабражэнскай царквы айцец Ігар. Аддаючы даніну памяці загінулым, ён правёў памінальную ліцію. Кіраўніцтва раённай улады, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскасць усклалі кветкі да Брацкай магілы вызваліцеляў.
Старт афіцыйным урачыстасцям 9 Мая дало ўскладанне кветак ад працоўных калектываў да помнікаў і абеліскаў горада. Практычна ні адно месца пашаны загінулых герояў і памятных падзей часоў Вялікай Айчыннай вайны не было пакінута па-за ўвагай нашчадкаў.
Нямала людзей сабралася для ўдзелу ў святочным шэсці, якое пачыналася ад плошчы каля райвыканкама і сёлета асабліва ўражвала сваёй масавасцю. Зразумела, самае ганаровае месца ў шэсці было адведзена тым, хто пажадаў прыняць удзел у акцыі «Бессмяротны полк», а таксама аўтамабілю з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Сумна, што колькасць жывых сведкаў тых трагічных падзей штогод толькі меншае. Менавіта такія словы шкадавання выказаў старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч падчас адкрыцця мітынгу каля помніка «Спаленым вёскам».
— Мы павінны памятаць герояў-беларусаў, якія здолелі паказаць сваю мужнасць у ваенным ліхалецці. Шкада, што час не праяўляе да іх літасці і забірае ад нас,— зазначыў у сваім выступленні Міхаіл Мікалаевіч.— Нізкі паклон і шчыры дзякуй вам, паважаныя ветэраны, за тое, што далі магчымасць жыць нам, вашым нашчадкам.
Здаецца, мінула ад таго першага пераможнага 9 Мая ўжо 73 гады, але памятае яго дасканала ветэран
Вялікай Айчыннай вайны І.М.Алякумаў. Ён расказаў удзельнікам мітынгу, з якім нецярпеннем людзі чакалі таго моманту, калі прагучыць самае важкае слова — «Перамога!».


Пранікнёныя словы ўдзячнасці вызваліцелям гучалі з вуснаў і іншых выступоўцаў. Напрыклад, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» І.А.Грышкевіч асабліва адзначыла подзвіг жанчын-салдат, якія нароўні з мужчынамі ішлі пад кулямі ў атаку, выцягвалі літаральна з таго свету параненых. Нельга забыць і пра гора ўдоў і мацярок, якія атрымлівалі з франтоў страшныя паведамленні, што муж ці сын «загінуў смерцю мужных». Ці можна забываць такое? Ніколі! Каб больш не паўтарылася вайна, мы паві-нны шанаваць мір, заклікаў навучэнец аграрна-тэхнічнага каледжа Ілья Магілёў. Аб гэтым, а таксама аб яднанні нацый і краін гаварылі інспектар Гайнаўскага павета Давід Войцюк ад імя польскай дэлегацыі, якая прымала ўдзел ва ўрачыстым мітынгу, і настаяцель Свята-Аляксандра-Неўскага храма айцец Міхаіл Носка.
Мінута маўчання, гукі метранома, які папярэджваў жыхароў блакаднага Ленінграда аб тым, што з неба ім яшчэ пагражае смерць… Цяпер жа для нас гэта — кожны ўдар сэрцаў тых, хто жыве ў мірнай Беларусі, і кожная кропля памяці, якая напаўняе мора чалавечай удзячнасці. Тым, хто не вярнуўся, тым, хто не дажыў.
Традыцыйна напрыканцы мітынгу ўскладаліся вянкі і кветкі да помніка «Спаленым вёскам». Прыемна, што і пасля заканчэння ўрачыстасці запрошаным на яе ветэранам доўга не давалі разыходзіцца, многія хацелі сфатаграфавацца з жывымі сведкамі вайны на памяць. На тую памяць, што застанецца наступнаму, таксама мірнаму пакаленню.
Свята працягвалася доўга, аб чым сведчылі і гукі музыкі з гарадскога парку, дзе размясцілася музычна-гульнёвая пляцоўка «Ваенны прывал», і пахі духмянай «салдацкай» кашы, бясплатную раздачу якой усім жадаючым арганізавалі повары райспажыўтаварыства, і крыкі балельшчыкаў з гарадскога стадыёна, дзе праводзіліся спартыўна-масавыя мерапрыемствы. Нямала гледачоў сабрала і летняя сцэна, на якой быў арганізаваны конкурс лепшых агітбрыгад ад устаноў культуры раёна «Моладзь за здаровы лад жыцця».

Музыка, песні сучаснага рэпертуару і ваенных часоў гучалі практычна ўвесь светлавы дзень, які потым змяніў вечар танцаў пад духавы аркестр «Майскі вальс». А кульмінацыяй па-сапраўднаму народнага свята стаў салют Перамогі, бачны з усіх куткоў горада.
Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *