Вторник, 22 мая 2018

Велопробег Bike4SDGs-2018 впервые прошел и по Пружанскому району

302

Здавалася, што дзяжурныя кантрольна-прапускнога пункта «Ашчэп», які знаходзіцца ў Белавежскай пушчы на мяжы паміж Свіслацкім і Пружанскім раёнамі, яшчэ не бачылі такога наплыву важных гасцей: на мосце праз раку Нараў адбылася ўрачыстая сустрэча шматлікіх удзельнікаў інклюзіўнага валанцёрскага велапрабегу Bike4SDGs-2018 у рамках кампаніі ПРААН у падтрымку Мэтаў устойлівага развіцця. Падобнае мерапрыемства ў Беларусі праходзіла ўжо ў трэці раз, на Пружаншчыне — упершыню.
Старт масавага велапрабегу быў дадзены 24 красавіка ў г. Гродна, і вось, праехаўшы добрую сотню кіламетраў па Гродзенскай вобласці, 27 красавіка яго ўдзельнікі нарэшце ступілі на пружанскую зямлю. Па даўняй беларускай традыцыі з хлебам-соллю і песнямі ад народнага хору «Вербніца» гарадскога Палаца культуры іх сустракала прадстаўнічая пружанская дэлегацыя на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў М.П. Кудраўцом. У сваім прывітальным слове Мікалай Пятровіч распавёў гасцям пра знакамітых людзей, якія нарадзіліся на пружанскай зямлі, пра архітэктурныя помнікі раёна і рэалізацыю ініцыятыў у рамках праекта ПРААН, на якія Еўрасаюз выдзеліў больш за 150 тысяч еўра.
Прымаючы з рук старшыні Свіслацкага райвыканкама Уладзіміра Сяргеевіча Анішчыка вымпел эстафеты, Мікалай Пятровіч Кудравец пажадаў гасцям шчаслівай дарогі. І ўдзельнікі велапрабегу рушылі ў далейшы шлях.
У спартыўнай акцыі планаваўся ўдзел каля чатырохсот веласіпедыстаў, але раку Нараў перасекла не такая ўжо шматлікая калона — крыху больш за 60 чалавек. Сябры веласіпедных клубаў Гродна, Кобрына і Брэста, а таксама веласіпедысты-аматары пажадалі падтрымаць прапаганду ПРААН па абароне лясоў і біяразнастайнасці. Сярод іх немалая частка — людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якія адважыліся пераадолець увесь маршрут.
Паколькі арганізатары акцыі імкнуліся звярнуць увагу на неабходнасць больш актыўнага прыцягнення людзей з інваліднасцю ў жыццё грамадства, на спартыўнае мерапрыемства прыехала і каманда веласіпеднага клуба трох узростаў «РаДея» Брэсцкай абласной грамадскай арганізацыі «Інвалід і асяроддзе».
На працягу ўсяго шляху ўсеагульную ўвагу звяртаў на сябе вядомы падарожнік з г. Ліда Аляксандр Аўдзейчык, які перамяшчаўся на спецыяльна сканструяваным веласіпедзе на ручным прывадзе. У свой час менавіта на гэтай трохколавай цуда-машыне інвалід-калясачнік, пераадольваючы боль і жыццёвыя цяжкасці, самастойна здзейсніў падарожжа па еўрапейскіх краінах.
Адметна, што ўзначальвалі дружную калону веласіпедыстаў прадстаўнікі многіх дыпламатычных місій у Рэспубліцы Беларусь. Паслы Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Венесуэлы, Швецыі, Польшчы на чале з пастаянным каардынатарам ПРААН у Беларусі грамадзянінам Шры-Ланкі Санакам Самарасінхам выступілі ў велапаходзе на роўных з астатнімі.
— Няма лепшай працы, чым праца, якая звязаная з сузіраннем цудоўных беларускіх пейзажаў, — адзначыў на сустрэчы з пружанцамі Самарасінха, з твару якога не сыходзіла ўсмешка. Энергічны, адкрыты, камунікатыўны госць настолькі зараджаўся энергіяй простых людзей, з якімі даводзілася сустрэцца, што, здавалася, і не заўважаў стомленасці.
А ехаць па гравійнай дарозе ад Ашчэпа да Папялёва (а потым ад Папялёва да Гален), ды яшчэ пад раптоўным ліўнем, аказалася нялёгкім выпрабаваннем. Але, як адзначылі самі веласіпедысты, пушчанская экзотыка таго вартая. У разнастайнасці флоры яны пераканаліся ўвачавідкі, а пра багацце жывёльнага свету і развіццё ляснога турызму ім па шляху распавёў навуковы супрацоўнік нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Мікіта Якубоўскі. У дадатак да яго паслуг кампанія МТС распрацавала мабільны аўдыягід па пушчы, даступны са смартфона на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.

Працяглы прыпынак у в. Папялёва запомніўся веласіпедыстам не толькіі смачным гарачым абедам, які прыгатавалі для іх работнікі філіяла «Прадтавары», але і нечаканым візітам Санакі Самарасінхі ў дом састарэлай жыхаркі вёскі, знаёмства і цёплая гутарка з якой расхвалявалі высокага госця амаль да слёз. Як аказалася, падобныя незапланаваныя сустрэчы з простымі жыхарамі невялікіх вёсачак і нават спантанныя паездкі на беларускім трактары, як гэта здарылася ў в. Клятное, — арыгінальныя «пункты» праграмы Мэтаў устойлівага развіцця ў Беларусі, якія любіць рэалізоўваць спадар Самарасінха.
Для грамадзяніна Шры-Ланкі нашы маляўнічыя пейзажы, гутаркі і нават танцы з вясковымі жыхарамі — так, так, было і такое! — гэта сапраўдная экзотыка, а сам велапрабег Bike4SDGs — добрая магчымасць паказаць важную ролю партнёрства міжнародных арганізацый і мясцовых супольнасцяў у працэсе дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця ў Беларусі.
Акрамя таго, па ходзе маршруту прадстаўнікі ПРААН зрабілі канкрэтныя крокі па больш актыўным прасоўванні ідэі грамадства роўных магчымасцяў. У в. Малы Краснік высокія госці наведалі шматдзетную сям’ю Тарасевічаў і ўручылі ноўтбук гаспадару Віктару Іванавічу (пасля інсульту атрымаў інваліднасць). А старэйшы яго сын Мікалай, інвалід 3-й групы, ад пружанскага райвыканкама атрымаў у падарунак веласіпед (трое малодшых дзяцей вучацца ў Антопальскай дапаможнай школе-інтэрнаце). Сваё ўменне «круціць педалі» юнак прадэманстраваў тут жа пад чулым кіраўніцтвам сына венесуэльскага пасла.
Дабрачынная акцыя працягнулася ў в. Котра, дзе ўдзельнікі велапрабегу наведалі 96-гадовага Аляксея Пятровіча Бялесту, які мае статус былога вязня фашызму, і ўручылі яму прадуктовы набор. Восенню 1941 года ва ўзросце 19 гадоў А.П. Бялеста быў адпраўлены ў Германію на прымусовыя работы. Пасля вызвалення ўладкаваўся заатэхнікам у калгас «Чырвоны партызан», пазней, ужо калі быў на пенсіі, загадваў фермай у в. Котра.

Вельмі насычаная праграма — сапраўдная «экажамчужына», арганізаваная раённым экалагічным грамадскім аб’яднаннем «Агратур» (кіраўнік — А.М. Ляўчук) у супрацоўніцтве з сябрамі арт-прасторы «Птах» і ўладальнікамі аднайменнай сядзібы, — чакала гасцей у в.Залессе. Але, на жаль, з-за ўнесеных высокімі гасцямі карэктыў у графік велапрабегу яго ўдзельнікі не паспелі азнаёміцца з многімі пунктамі праграмы. Праўда, веласіпедысты з задавальненнем паслухалі аўтэнтычныя народныя песні ў выкананні пажылой жыхаркі вёскі Залессе Марыі
Лук’янаўны Сіплівай і салісткі вядомага беларускага гурта «KRIWI» Настассі Хмель. Таксама паспелі паласавацца духмяным мёдам і, пагрэўшыся каля вогнішча, адправіліся на турыстычны комплекс «Дзікое» ў в. Клятное, дзе для іх быў арганізаваны культурна-фальклорны вечар з песнямі ад вядомых музычных калектываў («Бабіна лета», «Смаляначка» і «На-дзея»), майстар-класы па народных танцах, ткацтве і роспісе па шкле…
Фінальны тур велапрабегу Bike4SDGs праходзіў па самых прыгожых мясцінах Белавежскай пушчы і завяршыўся на Царскай паляне, дзе яго ўдзельнікі наведалі кірмаш Мэтаў устойлівага развіцця, выставу творчасці мясцовых майстроў, майстар-клас ад знакамітага кераміста Паўла Рабава і проста адпачылі душой на «царскім» канцэрце.
Даведка:
Велапрабег Bike4SDGs-2018 быў арганізаваны ў адпаведнасці з Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Гродзенскім і Брэсцкім аблвыканкамамі, Пасольствам Рэспублікі Польшча ў Беларусі, кіраўніцтвам справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, адміністрацыяй дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Нацыянальны парк «Белавежская пушча», мінскімі, гродзенскімі і брэсцкімі веласупольнасцямі, СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы».
Алена Зялевіч, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *