Пятница, 17 августа 2018

Ушел на фронт добровольцем, участвовал во взятии дачи Геринга, получил ранение. 93-летний ветеран Владимир Жук рассказал, как сражался за Победу

437

Заўтра — 9 мая. І Уладзімір Іванавіч Жук рыхтуе свой парадны пінжак. Увесь у ордэнах, медалях, значках, ён, быццам аўтабіяграфічная кніжка, расказвае пра самыя важныя старонкі з жыцця 93-гадовага ветэрана.
Сам Уладзімір Іванавіч не скардзіцца на цяжкасці, якія выпалі на яго долю, але заўважае, што ўжо з першых гадоў жыцця было зразумела: лёс не надта будзе яго песціць.
Хлопчык Валодзя вельмі рана стаў сіратой: быў зусім малым, калі памерла маці, бацька ажаніўся другі раз, але неўзабаве не стала і яго. А вось з мачыхай пашанцавала: жанчына гадавала пасынка, як роднага. Праўда, час тады быў такі, што цану кавалку хлеба давалі зведваць з малых гадоў. І Валодзя не стаў выключэннем: у 12-гадовым узросце адпраўляўся не на заняткі ў мясцовую польскую школу, а пасвіць жывёлу да заможных сялян.
У пошуках лепшай долі хараўскі хлопец пайшоў вучыцца ў Гайнаўскую школу фабрычна-заводскага навучання. Адпраўляўся туды яшчэ за польскім часам, а вось заканчваў ужо пры савецкай уладзе. Тады папрацаваць на мірныя патрэбы спецыялісту так і не давялося: у 1940 годзе Уладзіміра Жука ў ліку іншых выпускнікоў адправілі ў Новасібірск на ваенны завод.
Многае сцёрлася з памяці пажылога чалавека, але той момант, калі па радыё перадалі, што фашысцкая Германія вераломна напала на Савецкі Саюз, не забудзе ніколі. Уладзімір Жук не раз хадзіў у ваенкамат і прасіўся на фронт, але з-за брані, якую мелі работнікі заводаў і прадпрыемстваў, што ўяўлялі сабой асаблівую стратэгічную важнасць ва ўмовах ваеннага часу, яму штораз адмаўлялі. «Не адправіце вы — паеду сам. На даху ваеннага эшалона», — заявіў Уладзімір Іванавіч, калі ў чарговы раз пачуў адмову. Так у 1944 годзе У.І.Жук добраахвотнікам трапіў не проста на фронт: апынуўся ў прамым сэнсе на перадавой.
«Ды чаму нас там вучылі?! — успамінае пра падрыхтоўку, якую давалі навабранцам, былы франтавік. — Аддаваць чэсць ды разбіраць-збіраць затвор вінтоўкі — вось і ўся навука». Куды больш увагі ў камандавання выклікалі тыя, хто вылучаўся кемлівасцю і знаходлівасцю. Дзякуючы гэтым якасцям, закладзеным самой прыродай, Уладзіміра Жука накіравалі служыць у разведку.
Як праходзіў адбор у гэтае вайсковае звяно, як і належыць сапраўднаму разведчыку, Уладзімір Іванавіч доўга не расказваў ні сябрам, ні родным. Цяпер успамінае пра гэта так: «Калі наш эшалон прыйшоў ва Усходнюю Прусію, вайсковец, які сустракаў, сказаў: «Хто хоча трапіць у разведку — за мной». Адабралі ўсяго некалькі чалавек, прывялі ў нейкую хату быццам бы на начлег, набірацца сіл перад заданнем: маўляў, распранайцеся і кладзіцеся адпачываць». Скеміў, што разведчык заўсёды напагатове, спіць на хаду, не распранаючыся, толькі адзін навабранец — Уладзімір Жук.
Не раз жыццё чырвонаармейца У.Жука было на валаску: разведваючы перадавую лінію праціўніка, трапляў і пад абстрэлы (пры гэтым сам не меў права ўступаць у бой), і абясшкоджваў міны… У лютым 1945-га яго знайшоў медаль «За адвагу»: за месяц да гэтага разведчык узвода пешай разведкі на тэрыторыі тагачаснай Усходняй Прусіі кінуўся ў траншэю праціўніка, дзе, як напішуць ва ўзнагародным дакуменце, гранатай знішчыў двух нямецкіх салдатаў і яшчэ двух узяў у палон.
З-за таго, што не хапала байцоў, разведчык нярэдка хадзіў у атакі і з пяхотай. Так яму давялося ўдзельнічаць ва ўзяцці дачы бліжэйшага падзельніка Гітлера Германа Герынга.
Усяго паўтара месяца не хапіла Уладзіміру Іванавічу, каб разам з баявымі таварышамі дайсці да Берліна ў пераможным маі. Падчас выканання чарговага задання 449 полк, у якім ён служыў, трапіў пад артылерыйскі агонь праціўніка. Асколак ад міны, якая выбухнула непадалёку ад разведчыка, трапіў у руку. Параненага адправілі ў шпіталь. Малады хірург зрабіў усё магчымае, каб У.І.Жук вярнуўся з фронту з рукой, а не з пустым рукавом. Менавіта там, у Чувашскім шпіталі, яго і застала такая радасная, доўгачаканая вестка. Здаецца, сівавалосы ветэран і сёння, праз 73 гады, памятае, як усе разам радаваліся, калі па радыё перадалі, што вайна закончылася: як абдымаліся, як танцавалі, як плакалі, як спявалі.

Напрыканцы лета 1945 года Уладзімір Жук вярнуўся ў родную Хараву. Працоўную дзейнасць пачаў сакратаром мясцовага сельскага Савета. Пазней закончыў бухгалтарскія курсы і некаторы час працаваў бухгалтарам у калгасе імя Леніна, пакуль не запрасілі на службу ў міліцыю. Некалькі гадоў змагаўся са злачыннасцю ў Пружанах, а затым быў назначаны ўчастковым тагачасных Хараўскога, Дабучынскага і Смаляніцкага сельсаветаў.
Варта адзначыць, што Уладзімір Жук адзначаны шматлікімі ўзнагародамі і ў мірным жыцці: «За бездакорную службу», «Ветэран працы», «За шматгадовую добрасумленную працу», безліччу грамат і падзяк.
Але, бадай, галоўным здабыткам ветэрана стала яго сям’я. У міры і згодзе разам з жонкай ён выгадаваў пяцёра дзяцей, дачакаўся ўнукаў і праўнукаў. Хаця ўсе яны і вылецелі даўно з бацькоўскага гняздзечка: хто ў Пружаны, хто ў Брэст, хто ў Маскву, хто ў Сургут, — але па меры магчымасці з’язджаюцца ў родную хату. Каб дапамагчы састарэламу бацьку, каб парадаваць на дзень нараджэння, каб павіншаваць з такім важным для іх сям’і святам, як Дзень Перамогі.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *