Вторник, 22 мая 2018

Хоккейный турнир «Беловежская пуща» завершился победой спортсменов из Лиды. В нашей команде лучшие бомбардир и защитник!

283

На працягу трох дзён у Лядовым палацы ў Пружанах доўжыўся юнацкі турнір па хакеі з шайбай сярод хакеістаў 2006 года нараджэння і маладзейшых «Белавежская пушча-2018». Арганізатарамі яго правядзення выступілі Пружанскі райвыканкам і ДЮСШ №2.
Першапачаткова планавалася, што ўдзел у спаборніцтвах возьме шэсць дружын і па кругавой сістэме будзе вызначаны пераможца. Але паколькі каманда «Партызан» з Мінска ў апошні момант адмовілася ад удзелу, то памянялася і сістэма выяўлення мацнейшых.
На першым этапе «Прынёманскія ястрабы» (Гродна), «СДЮШАР» (Брэст), ДЮСШ №2 (Пружаны), «Бяроза» і «Ліда» правялі аднакругавы турнір. Тут не было роўных хакеістам з Ліды, якія атрымалі чатыры перамогі ў чатырох гульнях. Адзінае паражэнне ў сустрэчы з пераможцамі пацярпелі хакеісты «Бярозы», якія занялі другое месца. Менавіта гэтыя дзве каманды і сустрэліся ў апошні дзень турніру ў фінале.
Хакеісты ДЮСШ №2 (Пружаны) на папярэднім этапе былі трэцімі. У сваім стартавым матчы нашы юныя хакеісты саступілі «Бярозе» з лікам 4:6, прычым па ходзе сустрэчы вялі 4:2.
Было ў пружанцаў паражэнне яшчэ і ад «Ліды» — 5:8. А вось у астатніх дзвюх гульнях гаспадары атрымалі перамогі — над «Прынёманскімі ястрабамі» — 9:3 і «СДЮШАР» (Брэст) — 2:0.
Хакеісты з Брэста на першым этапе здолелі набраць толькі два ачкі, а «Прынёманскія ястрабы» ўвогуле ніводнага. Такім чынам, менавіта гэтыя тры каманды на другім этапе з улікам ужо набраных ачкоў разыгралі месцы з трэцяга па пятае.
Тут упэўнена згулялі пружанскія хакеісты, якія без праблем разабраліся са сваімі сапернікамі. Спачатку разграмілі каманду з Брэста з лікам 4:1, а потым не пакінулі шанцаў «Прынёманскім ястрабам» — 11:3. Такім чынам, па выніках турніру каманда «ДЮСШ» №2 (Пружаны) пад кіраўніцтвам трэнера Дзяніса Хадаровіча заняла трэцяе прызавое месца.
У барацьбе за першае месца адносіны высвятлялі хакеісты Ліды і Бярозы. Але, на жаль, у фінале барацьбы не выйшла: прадстаўнікі Ліды атрымалі ўпэўненую перамогу — 6:1 і сталі ўладальнікамі галоўнага прыза спаборніцтваў.
Падчас закрыцця турніру ўсе каманды-ўдзельніцы атрымалі кубкі, а пераможца і прызёры — Ганаровыя дыпломы і медалі. Спецыяльнымі прызамі былі адзначаны лепшыя хакеісты ў кожным з гульнявых амплуа. Так, лепшым абаронцам прызнаны наш Андрэй Апанасевіч, а бамбардзірам — Алег Панамарэнка. Прызы атрымалі таксама лепшыя хакеісты ў кожнай з каманд. У пружанскай ім стаў Антон Лабашоў.
Мікола Архуцік. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *