Вторник, 16 октября 2018

Пружанский победитель множества музыкальных конкурсов Артем Мацкевич продолжает петь, но с будущей профессией еще не определился

424

«Сцяна пашаны» — так жартаўліва ў доме Мацкевічаў называюць адну са сцен у пакоі 15-гадовага Арцёма. Па шматлікіх дыпломах, за якімі хутка не будзе бачна шпалераў, і кубках, што стаяць на камодзе, можна вывучаць геаграфію выступленняў юнага артыста: Украіна, Балгарыя, Расія, Польшча… Але, бадай, самую важкую ўзнагароду Арцём атрымаў у роднай краіне: больш за два гады таму ён стаў лаўрэатам ІІІ ступені на V Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе «Маладыя таленты Беларусі», і неўзабаве эстраднаму вакалісту з Пружан была назначана Прэзідэнцкая стыпендыя.
Як пачаўся шлях Арцёма Мацкевіча ў вакальнае мастацтва, ці хоча дзевяцікласнік звязваць сваё далейшае жыццё з музыкай? Пра гэта і не толькі — з аповеду самога хлопчыка.
Занятак музыкай для Арцёма ў некаторай ступені аказаўся справай выпадку.
— З таго часу, як памятаю сябе, мне падабалася музыка: спачатку проста напяваў мелодыі, якія запомніліся, а пазней мне сталі ўключаць DVD-прайгравальнік, каб я спяваў караоке…
Арцёму не было і шасці гадоў, калі яго мама Вольга вырашыла паказаць сына настаўніку музыкі Васілю Шопіку. Вынесены вердыкт: «З хлопца будзе толк» — згуляў сваю ролю. Так Арцём трапіў спачатку ва ўзорную эстрадную студыю «Меладзін» да Эўгеніюса Валанчуса, а затым і ў Дзіцячую школу мастацтваў імя Р.Шырмы, куды яго яшчэ дзетсадаўцам не раз прыводзілі на экскурсію.
— У адрозненне ад таты, які так і не закончыў музычную школу (тым не менш ён не проста іграе па нотах, але і самастойна падбірае мелодыі на акардэоне і сінтэзатары), я давёў гэтую справу да канца, — усміхаецца субяседнік. — Летась закончыў ДШМ па класе фартэпіяна. 
Да слова, пасля заканчэння ДШМ Мацкевічы не сталі пазбаўляцца ад інструментаў як ад рэчаў, якія загрувашчаюць пакоі: Арцём працягвае перыядычна на іх іграць. Але яшчэ лепш, чым музычнымі інструментамі, ён валодае голасам. З дзесяцігадовага ўзросту Арцём прымае ўдзел у конкурсах і фестывалях, з якіх практычна заўсёды вяртаецца з узнагародамі. Удзел летам 2013 года адразу ў двух конкурсах: «Алушцінскія россыпы» і «Жамчужына Крыма», у якіх ён заняў першае і другое месцы адпаведна, — стаў добрым задзелам для далейшага развіцця. Перамогі на «Пакары сцэну» ў Кіеве, на «Беларускіх талентах» у Мінску, на «Музітэ» ў Балгарыі, на «Нотах прыязні» ў Гайнаўцы, на іншых польскіх сцэнах… І гэта без уліку конкурсаў і мерапрыемстваў раённага і абласнога ўзроўняў.
— Самыя складаныя, адтаго і самыя дарагія, — гэта перамогі на беларускіх сцэнах: на айчынных конкурсах заўсёды строгае журы, вялікая канкурэнцыя, а сама ўзнагарода дарагога каштуе, — разважае юнак. — Напрыклад, дыплом, атрыманы на рэспубліканскім радыёконкурсе, даў мне не проста прэзідэнцкую стыпендыю, але і 95-працэнтную гарантыю паступлення ў музычныя ўстановы краіны, у тым ліку ВНУ, верагоднасцю.
На некаторы час пружанскі вакаліст быў вымушаны развітацца са сцэнай: як вядома, у падлеткавым узросце хлопчыкаў чакае мутацыя голау.
Мама Вольга ўспамінае пра гэты перыяд:
— Арцём якраз прымаў удзел у конкурсе, які ладзіла тэлерадыёкампанія. Мала таго, што ён аказаўся самым маленькім удзельнікам, сапернікамі якога былі старэйшыя, больш вопытныя вакалісты, дык у дадатак у яго здарыўся псіхалагічны надлом, які пацягнуў за сабой рэзкую мутацыю голасу. Мы нават хацелі адмовіцца ад удзелу ў далейшых турах, але Арцём запэўніў, што ён справіцца. І не проста справіўся, але і перамог. Увогуле, недзіцячай разважлівасці і знешняга спакою яму не займаць.
Паводле слоў фаніятара, у якога назіраецца вакаліст, працэс ломкі голасу ў Арцёма праходзіць хутчэй, чым у яго аднагодкаў, таму ён паступова пачынае вяртацца да любімага занятку.
Упартасці, энергічнасці і мэтанакіраванасці Арцёма можна толькі пазайздросціць. Нягледзячы на тое, што гімназіст сёлета заканчвае дзявяты клас, ён паспявае не толькі рыхтавацца да экзаменаў, але працягвае наведваць студыю «Меладзін», займаецца са старшынёй «Беларускага саюза кампазітараў», выкладчыцай Мінскага каледжа мастацтваў Аленай Атрашкевіч, удзельнічае ў конкурсах і праектах (зусім нядаўна, напрыклад, вярнуўся з Брэста з «Хвіліны славы», дзе атрымаў запрашэнне прыняць удзел у канцэрце, які адбудзецца ў абласным цэнтры 9 мая).
Калі б не захапленне музыкай, Арцём адназначна знайшоў бы сабе выключна творчае хобі. З наступнага года плануе ездзіць на заняткі ў Брэсцкую тэатральную студыю, тым часам удзельнічае ў англамоўных пастаноўках школьнага тэатра. А пакуль, як прызнаецца сам, знаходзіцца ў роздумах аб прафесіі, да прадстаўнікоў якой хацеў бы далучыцца.

Марына Вакульская.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *