Вторник, 16 октября 2018

Любимые фильмы пружанцев: «Адмирал», «Движение вверх» и «Брестская крепость». А что смотрите Вы?

441

Лічаныя дні застаюцца да таго, як у кінатэатры  “Спадарожнік”, дзякуючы  сучаснаму лічбаваму абсталяванню, сапраўдныя кінаманы змогуць паглядзець сусветныя прэм’еры ў добрай якасці адначасова з жыхарамі сталіцы. А якім фільмам аддаюць перавагу пружанцы?
Марына:
— Я вельмі вясёлы і аптымістычны чалавек, таму ў вольную хвілінку люблю паглядзець лёгкую французскую камедыю без усялякага філасофскага падтэксту. Асабліва па душы бліскучы гумар вясёлых герояў Люі дэ Фюнэса і дзівакаватага ва ўсіх амплуа П’ера Рышара! Вялікі “шпацыр” з Фантамасам, пад прыкрыццём жандара, уколатага парасонам, — лепшае, на мой погляд, баўленне часу перад “блакітным экранам”.
Таццяна:
— У цяперашні час з мяне, шчыра кажучы, кінаман ніякі: я маладая мама, а гэта значыць, што пакуль гляджу… толькі мульцікі. А ўжо калі дзіця падрасце і ў мяне з’явіцца больш вольнага часу, то перагледжу сучасныя расійскія фільмы і серыялы, дзе зняліся мае любімыя актрысы Ганна Кавальчук і Лізавета Баярская. “Майстар і Маргарыта”, “Тайны следства”, “Адмірал”, “Я вярнуся”…
Мікалай:
— Для мяне няма нічога лепшага за старую савецкую класіку 60-70-х гадоў мінулага стагоддзя на гістарычную альбо ваенна-патрыятычную тэматыку. У старых фільмах асаблівая лірыка, музыка, колер, настрой. А акцёры тагачасныя як ігралі! Хіба можна перайграць Алега Яфрэмава, Сяргея Бандарчука, Васіля Шукшына?! Вось нядаўна паглядзеў новае рашэнне “Брэсцкай крэпасці” і “А зоры тут ціхія”. Зусім не тое.
Валянціна:
— Ведаеце, я так даўно не ха-дзіла ў кіно… Ды і сучасны рэпертуар нашага “Спадарожніка” мне зусім не зразумелы: нейкі несур’ёзны выбар стужак, разлічаны толькі на малады кантынгент. А па тэлевізары, у асноўным, паказваюць нізкаякасныя серыялы. З апошніх стужак выдзеліла б расійскі фільм “Рух уверх” з Уладзімірам Машковым у галоўнай ролі. Такія, як ён, артысты, “выцягнуць” не толькі фільм, але і любы серыял.
Наталля:
— А я вельмі люблю старыя савецкія кінакамедыі Леаніда Гайдая і Эльдара Разанава. Вось колькі іх ні гляджу, заўсёды заліваюся смехам. Гэта ж такое задавальненне сачыць за прыгодамі Труса, Балбеса і Бывалага . Запамінальныя дыялогі гэтай гайдаеўскай тройцы, спантанныя рэплікі, неверагодная ігра – варта толькі пра іх падумаць, як адразу ўсмешка з’яўляецца. “Жыць, як той казаў, добра! А добра жыць — яшчэ лепей!”.
Цікавілася думкамі Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *