Вторник, 22 мая 2018

К 2020 году донорство крови должно стать бесплатным. В Пружанском районе бесплатно кровь сдают 39,5% доноров

203

Слова «донарства» ў перакладзе з лацінскай мовы азначае падарунак, ахвяраванне, дабрачыннасць. Наколькі дабрачынным донарства з’яўляецца сёння, навошта яно патрэбна і чаму апошнім часам усё больш увагі надаецца бясплатнай здачы крыві? Пра гэта і многае іншае ў нашай гутарцы з загадчыкам аддзялення пералівання крыві Пружанскай ЦРБ І.І.Сямашкам.
— Пераліванне крыві — адзін са спецыфічных відаў тэрапіі, штучнай альтэрнатывы якому на сённяшні дзень не прыдумалі, — расказвае Іван Іванавіч. — Як вядома, донарская кроў выкарыстоўваецца пры складаных аперацыях, родах, крывацёках, цяжкіх траўмах, апёках, гематалагічных, анкалагічных і іншых захворваннях. Кроў аднаго донара можа выратаваць жыццё двум-тром пацыентам.
— А хто можа стаць донарам? Любы жадаючы?
— Здаровы чалавек, які вядзе прыстойны лад жыцця і жадае дапамагчы іншаму. У донара не павінна быць ні хранічных, ні інфекцыйных захворванняў. Напрыклад, пэўны час павінен прайсці пасля таго, як патэнцыяльны донар лячыў грып ці вострую рэспіраторную інфекцыю. Нават той, хто нядаўна набіў татуіроўку, хоць ён і цалкам здаровы, некаторы час не мае права здаваць ні кроў, ні плазму. Па зразумелай прычыне донарамі ніколі не змогуць стаць носьбіты гепатытаў, хворыя на сухоты, людзі з ВІЧ і СНІДам. У гэты ж пералік уваходзяць анкалагічныя хворыя, людзі, якія злоўжываюць спіртным, стаяць на ўліку ў псіхіятра.
Акрамя таго, перш чым здаць донарскую кроў, неабходна вытрымаць пэўныя правілы: у прыватнасці, за суткі да працэдуры адмовіцца ад тлустай ежы, добра выспацца, у дзень кровадачы абмежавацца лёгкім сняданкам…
— Іван Іванавіч, а ці існуе ўсё-такі верагоднасць атрымаць разам з чужой крывёй і якое-небудзь захворванне?
— Сёння гэтая рызыка мінімізавана практычна да нуля. Па-першае, донар павінен прынесці нам выпіску з амбулаторнай карты, якая з’яўляецца допускам да працэдуры. Па-другое, увесь атрыманы донарскі матэрыял праходзіць дасканалае даследаванне: адпаведнай лабараторыі пры Пружанскай ЦРБ не існуе ўжо больш за 15 гадоў, таму сываратка крыві адпраўляецца ў абласную лабараторыю.
Нават калі першапачатковы аналіз пакажа, што кроў небяспечная, а паўторнае даследаванне гэта не пацвердзіць, яна ўсё роўна не будзе выкарыстоўвацца для медыцынскіх працэдур. Пасля падзялення крыві на кампаненты: эрытрамасу, тэрмін прыдатнасці якой да 35 сутак, і плазму, якая праходзіць шасцімесячную карантынізацыю. Плазма паўторна даследуецца на гепатыты, ВІЧ, сіфіліс.
Дзякуючы кам’ютарнай сувязі з абласной станцыяй пералівання крыві, мы аператыўна можам знаёміцца з вынікамі аналізаў.
— Ці бываюць выпадкі, калі атрыманая ад донара кроў з’яўляецца непрыдатнай?
— Вельмі рэдка, але здараецца і такое. Пакуль у маёй практыцы былі адмоўныя вынікі па прычыне выяўлення ў крыві гепатыту.
— Але ж пры прамым пераліванні крыві, якое прымяняецца ў экстранных выпадках, нельга быць застрахаваным?
— Якраз па прычыне верагоднасці заражэння тым жа гепатытам ці інфекцыяй суцэльная кроў сёння пераліваецца ў адзінкавых, выключных выпадках. У сучаснай медыцыне выкарыстоўваюцца толькі даследаваныя кампаненты крыві.
— Існуюць спрэчкі наконт карысці і шкоды донарства для самога донара…
— З дапамогай навуковых даследаванняў і практычных назіранняў ужо даказана, што дача крыві ў дозе да 500 мілілітраў абсалютна бясшкодная і бяспечная для здаровага чалавека. Інтэрвал паміж кровадачамі павінен складаць не менш за 60 сутак, паміж плазмадачамі — 14. За год максімальна дапушчальная колькасць кровадач для мужчын — пяць, для жанчын — чатыры, а максімальны аб’ём плазмадач не павінен перавышаць 12 літраў. Выконваючы гэтае правіла, донарства не прынясе шкоды.
— Апошнія некалькі гадоў у Беларусі актыўна прапагандуецца бясплатнае донарства. Наколькі бескарыслівыя жыхары Пружаншчыны?
— На жаль, сёння донарства ўвогуле перажывае спад: агульная колькасць донараў у краіне за апошняе дзесяцігоддзе значна скарацілася. Донарства ў многіх краінах свету адрозніваецца ад беларускага. Напрыклад, еўрапейцы прытрымліваюцца трох прынцыпаў: бясплатнасць, добраахвотнасць і пастаянства. Жыхары 62 краін не атрымліваюць грашовую кампенсацыю за здачу крыві, у адрозненне ад беларусаў, якім донарская функцыя аплачваецца (за кроў — каля 90 рублёў, за плазму — больш за 100 рублёў).
Сусветная арганізацыя аховы здароўя паставіла перад усімі краінамі задачу да 2020 года атрымліваць кроў ад донараў толькі на бясплатнай аснове. Паводле даных на сённяшні дзень, у Пружанскім раёне пакуль 39,5% донараў здаюць кроў бясплатна, а плазму і таго менш — каля 16%: з 223 зробленых працэдур крыху больш за 104 былі бясплатнымі. Тым не менш гэтыя лічбы большыя за леташні паказчык.
Для папулярызацыі бясплатнага донарства рэгулярна праводзяцца акцыі. На працягу красавіка, напрыклад, ідзе акцыя «Бясплатнае донарства пачынаецца з мяне!». Хочацца спадзявацца, што да яе далучыцца яшчэ нямала жадаючых: іх кроў можа выратаваць чужое жыццё.
Гутарыла Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *