Вторник, 16 октября 2018

300 взрослых и 200 детей получили консультации врачей во время профилактической акции в Ружанах

480

На мінулым тыдні Ружанская СШ нагадвала медыцынскую ўстанову: у шэрагу кабінетаў замест вучэбнага працэсу вяліся дыягнастычныя даследаванні, кансультацыі ўрачоў і псіхолагаў, у фае жадаючым вымяралі артэрыяльны ціск, рабілі аналізы… У рамках рэалізацыі праектаў «Мой выбар — жыць з пазітывам!» і «Здаровае сэрца — заклад поспеху» тут праходзіла прафілактычная акцыя.

Як зазначыла загадчыца аддзялення арганізацыйна-метадычнага забеспячэння аддзела грамадскага здароўя Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Галіна Стасевіч, мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне медыка-дэмаграфічнай сітуацыі, застаюцца прыярытэтным накірункам у рабоце арганізацый аховы здароўя вобласці па фарміраванні здаровага ладу жыцця. Акцыі, падобныя да той, што 12 красавіка праводзілася ў Ружанах, ужо былі ўвасоблены ў жыццё ў шэрагу населеных пунктаў Брэстчыны, у тым ліку ў Пружанах. Увогуле з таго моманту, калі па ініцыятыве намесніка старшыні аблвыканкама А.І.Вялічкі быў дадзены старт праектам, спецыялісты Пружанскай ЦРБ правялі з дзясятак медыцынскіх кансультацый у працоўных калектывах, неаднаразова пабывалі ў школах раёна.
Без перабольшвання, акцыя ў Ружанах, бадай, аказалася адной з самых маштабных на Брэстчыне. Некалькі дзясяткаў спецыялістаў з абласных дыспансераў (кардыялагічнага, эндакрыналагічнага, наркалагічнага), абласной бальніцы, а таксама Пружанскай і Ружанскай бальніц правялі разнастайныя абследаванні амаль 200 дарослых і больш як 300 маленькіх пацыентаў.


Побач з тэрапеўтамі, кардыёлагам, эндакрынолагам, педыятрам у школе працавалі ўрач-валеолаг, афтальмолаг, ЛОР-урач, нарколаг, псіхатэрапеўты.
Як сведчаць лічбы, аднымі з самых распаўсюджаных сёння з’яўляюцца парушэнні работы шчытападобнай залозы. І вынікі акцыі ў Ружанах гэта яшчэ раз пацвердзілі: падчас ультрагукавога даследавання гэтага эндакрыннага органа (працэдуру зрабілі 50 дарослым і 25 дзецям), паталогію выявілі ў 30 чалавек, з якіх 20 — дзеці.
Праверыць сэрца з дапамогай УГД паспелі толькі дзевяць чалавек. Затое каля сотні пацыентаў «выязной паліклінікі» змаглі вымераць артэрыяльны ціск — у паловы ён аказаўся павышаным. Паколькі сучасныя апараты не патрабуюць асаблівых навыкаў карыстання імі, медыкі давалі неабходны аб’ём ведаў для таго, каб людзі з падобнай праблемай маглі кантраляваць артэрыяльны ціск самастойна.
Абсалютна бясплатна жадаючыя змаглі вызначыць яшчэ і ўзровень цукру ў крыві (да слова, у трэцяй часткі даследаваных выявілі парушэнне вугляводнага абмену), індэкс масы цела, зрабіць ЭКГ.
Акрамя таго, у школе правялі інфармацыйна-адукацыйныя і трэнінгавыя мерапрыемствы: у прыватнасці, школьнікам паказалі тэматычныя відэаролікі, вызначылі іх эмацыянальны стан з дапамогай тэста Люшэра. Падчас актыўнай работы са школьнікамі спецыялісты абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя змаглі выявіць дзяцей з павышаным узроўнем эмацыянальнага напружання і з праблемамі ў паводзінах. Тых, каму патрэбны карэкцыйныя заняткі, аказалася 5%.
«Сёння медыкаў непакоіць павелічэнне колькасці сардэчна-сасудзістых захворванняў, цукровага дыябету, паталогій шчытападобнай залозы. Асноўныя фактары, якія спрыяюць іх развіццю, — павышаны артэрыяльны ціск, празмерныя эмацыянальныя нагрузкі, парушаны індэкс масы цела. У тым ліку па гэтай прычыне падобныя акцыі і праекты сталі рэгулярнай практыкай: мы стараемся змадэліраваць правільныя паводзіны як у дарослых, так і ў дзяцей, сфарміраваць адпаведныя адносіны да сучасных негатыўных фактараў, якія маюць уплыў на самаадчуванне. У выніку здаровы лад жыцця павінен стаць візітоўкай Брэстчыны. Хочацца спадзявацца, што сёння мы апынуліся ў патрэбны момант і ў патрэбным месцы хаця б для кагосьці з пацыентаў», — зазначыла ў размове з карэспандэнтам «раёнкі» Г.С.Стасевіч.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *