Суббота, 15 декабря 2018

Жизнь через объектив. Фотограф Альфред Микус рассказал о детстве в Плебанцах, новых проектах и ностальгии

1 673

Нядаўна ў гандлёвым цэнтры “Кастра” г. Хайфы (Ізраіль) адкрылася міжнародная фотавыстава “Мы з Беларусі”. Адметна, што сярод заяўленых на ёй славутых імёнаў ёсць імя і нашага земляка, ураджэнца в. Плябанцы, Альфрэда Мікуса. Пра яго ўзнагароды, аб якіх можа марыць любы фотамастак, і пра многае іншае — у нашай гутарцы з гэтым вялікім майстрам фотаздымкі.
— Паважаны Альфрэд, у Вас вельмі рэдкае імя. Ужо адной гэтай прычыны дастаткова, каб вылучыцца з натоўпу. Прызнайцеся, хто з бацькоў быў прыхільнікам Альфрэда Нобеля?
— Мая мама, Надзея Мікалаеўна Мікус. Звычайная, але рамантычная дзяўчына з в. Плябанцы, якая ў 1965 годзе трапіла ў сталічны свет: яна паспяхова скончыла пружанскую школу, паступіла ў Мінскі інстытут замежных моў, потым выйшла замуж і назаўсёды засталася ў сталіцы. Але нарадзіў-ся я ў пружанскім раддоме і, атрымаўшы ад мамы гучнае “англасакскае” імя (у перакладзе азначае “мудры дарадца”), застаўся на выхаванні ў бабулі і дзядулі ў в. Плябанцы да першага “юбілею”. Калі мне споўнілася 5 гадоў, мама нарэшце забрала мяне ў Мінск. Праўда, штогод, пакуль не паступіў у інстытут, я вяртаўся да бабулі і дзядулі на канікулы. Тут, у Плябанцах, разам са стрыечным братам і праводзіў усё лета…
— Магчыма, тады і пачаў выяўляцца Ваш талент і асаблівае бачанне фотамастака?
— Так, з ранняга дзяцінства я пачаў добра маляваць, і мама, калі я вучыўся ў пачатковых класах, запісала мяне ў Мінскую мастацкую школу. Практычна ў той жа час я пачаў захапляцца і фатаграфіяй. Справа ў тым, што мой дзядзька Мікалай Макараў, вядомы ў свой час у Пружанах чалавек (маёр, служыў у вайсковай часці п. Шарашэва), быў спраўным фатографам і нам з братам часам дазваляў прысутнічаць у цёмным пакоі, каб назіраць за фотапрацэсам. Гэта была нейкая магія: праяўлялася плёнка, а потым ужо на чыстым аркушы паперы аднекуль з’яўлялася выява. Пазней, калі вучыўся ў класе восьмым, тата падарыў мне фотаапарат “Змена-8” (пасля «школы» дзядзькі я ўжо ведаў, як працаваць з гэтым механізмам), і я на кішэнныя грошы пачаў купляць паперу, рэактывы і ўсякія прылады: ванначкі, заціскі…
— Аднак, наколькі мне вядома, прафесійнай фатаграфіяй Вы заняліся досыць позна, толькі дзесяць гадоў таму.
— Фатаграфаваў я заўсёды. Але, разумеючы, што адным фатаграфаваннем на жыццё не заробіш, пасля школы я скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут і некаторы час працаваў інжынерам па запуску аўтаматычных ліній на заводах Міністэрства абароны. А пасля развалу СССР вырашыў заняцца бізнесам (у мяне сваё маленькае прадпрыемства, якое пастаўляе кандытарскую сыравіну для хлебазаводаў).
Калі з’явілася магчымасць з сям’ёй паездзіць па прыгожых мясцінах і паглядзець свет, купіў сабе фотаапарат класам вышэйшым. І дзе б я ні быў, заўсёды фіксаваў на памяць усё, што бачыў.
А гадоў дзесяць таму ў мяне завязаліся зносіны з членамі найстарэйшага ў Беларусі фотаклуба “Мінск”. Паездзіў з імі на пленэры, паўдзельнічаў у пасяджэннях, і мяне стала больш цягнуць да мастацкага фота. Пасля аўтарскіх фотакурсаў у вядомага ў краіне майстра Вадзіма Качана замацаваў веды на курсе “Практычная фата-графія” ў Акадэміі мастацтваў — і ўсур’ёз захапіўся прафесійнай фотаздымкай. За 10 гадоў зрабіў дзясяткі тысяч фатаграфій, але памятаю кожную з іх і магу сказаць, дзе і калі гэта было знята. Усплываюць і эмоцыі, якія я ў тыя моманты адчуваў.
— Цяпер жа Ваша майстэрства прызнана ва ўсім свеце.
— Так, я атрымаў прызнанне FIAP і пажыццёвае пасведчанне, якое дазваляе наведваць выставы ў розных музеях свету. Але спачатку мне трэба было “прайсці праз строй шпіцрутэнаў” — паўдзель-нічаць у дзясятках розных конкурсаў у 20 краінах і атрымаць не менш за 30 прызнанняў і ўзнагарод ад прафесійных фотамастакоў з усяго свету. Сёння на міжнародныя конкурсы мяне запрашаюць ужо ў якасці члена журы.
— Я сачу за Вашай творчасцю і бачу, што Вы не спыняецеся на дасягнутым і па-ранейшаму вельмі шмат здымаеце. Раскажыце нашым чытачам, што часцей за ўсё і чаму сёння трапляе ў Ваш аб’ектыў?


— Раней я здымаў прыроду, архітэктуру, а вось людзей баяўся фатаграфаваць. Але неяк трапіў на майстар-клас вядомага расійскага фатографа-дакументаліста Ігара Мухіна, які здымаў Віктара Цоя, Андрэя Макарэвіча і іншых андэграўндных выканаўцаў 80-х. Ігар завёў мяне ў натоўп чужых людзей і сказаў: “Падыходзь ушчыльную, будзь ветлівы, усміхайся і фата-графуй”. За трое сутак такіх “ха-джэнняў у народ” ён мяне перавыхаваў так, што цяпер спакойна здымаю людзей у любой краіне ў розных сітуацыях, прычым да гэтага часу мне ўдавалася пазбягаць скандалаў і не давялося выдаляць ніводнага здымка. Мне падабаецца фіксаваць шчырыя чалавечыя эмоцыі, асабліва пажылых людзей, дзядкоў-бабулек, якія не ўзновіць ні адна прафесійная мадэль ні на якіх пастановачных здымках. Не люблю штучнасць.
— Раз ужо загаварылі аб пажылых людзях, спытаю, як даўно былі на Пружаншчыне ў сваякоў? У цэлым, ці адчуваеце Вы настальгію па родных мясцінах?
— На жаль, ужо даўно няма ў жывых бабулі з дзядулем і дзядзькі Колі, а стрыечны брат з’ехаў жыць у Брэст, так што сувязь з вашым горадам і Плябанцамі практычна страчана. Праўда, два гады таму я прыязджаў да вас разам з супрацоўнікамі швейцарскага Чырвонага Крыжа на семінар, які праходзіў у новым Палацы культуры. У перапынку паміж пасяджэннямі паспеў пагуляць па горадзе і ўспомніць мінуўшчыну. Прайшоўся па знакамітых Белых лаўках, па арачных праёмах, дзе любіў бегаць у дзяцінстве, зазірнуў у кінатэатр, і далей — міма гімназіі, выканкама і спартыўнай школы, былога дома афіцэраў, куды часта прыязджаў з братам на веласіпедзе на танцы. Вядома, горад змяніўся: акультураныя тратуары, прыгожыя кветнікі, усюды чысціня і парадак, а на месцы хаткі маёй бабулі… ужо стаіць чужы катэдж.
— Нягледзячы на Вашы сумныя ноткі, звязаныя з пружанскімі ўспамінамі, адважуся спытаць, ці не плануеце “засвяціць” нашы славутасці ў сваіх фотапраектах?
— Усё магчыма. Сёння, цесна супрацоўнічаючы па пытаннях захавання нематэрыяльнай спадчыны Беларусі з Міністэрствам культуры і студэнцкім этнаграфічным таварыствам (СЭТ), я вельмі шмат езджу па Гомельшчыне і Брэстчыне ў пошуках рэдкіх палескіх абрадаў: збіраю іх апісанні, фатаграфую і планую выпусціць новы фотаальбом для ЮНЕСКА. Магчыма, прайдуся па слядах СЭТ: ведаю, што яны знайшлі на Пружаншчыне ўнікальны вясельны абрад “сава”, пра які ў іншых абласцях нават і не чулі…
— І напрыканцы: што б Вы хацелі пажадаць чытачам нашай газеты?
— Я шмат езджу па маленькіх мястэчках і бачу сумныя наступствы глабалізацыі: на змену дробнатаварнай вытворчасці прыходзяць канцэрны, калісьці буйныя вёскі знікаюць, а моладзь з’язджае ў гарады і, на жаль, назаўсёды забывае свае карані. Падтрымлівайце, як можаце, жыццё сваіх радавых сядзіб, не выкідвайце старыя рэчы, беражыце фатаграфіі, плёнкі. Захоўвайце традыцыі і абрады продкаў. Гэта наша памяць і гісторыя. Жывіце ў міры і згодзе з прыродай і з самімі сабой.

Гутарыла Алена Зялевіч, фота з архіва Альфрэда Мікуса.

Один комментарий

  • Любоў

    Кланяюся знакамітаму земляку!
    Відаць, мясцовым уладам у Год Роднай Зямлі давядзецца заснаваць фэст на радзіме Альфрэда Мікуса, а ён прыедзе туды з выставай фотаздымкаў са свайго сямейнага архіва і ўрачыста перадасць іх у мясцовы музей.
    А я вам сьпяю па-нашаму…
    Са шчырай павагай і любоўю, Любоў Сівурава.

    Рейтинг комментария:Vote +1+8Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *