Среда, 19 сентября 2018

Не просто ремонт, а ремонт с модернизацией. Открытие стоматологии планируется осенью

673

Будынак пружанскай стаматалагічнай паліклінікі ў сакавіку закрыўся на рамонт. Колькі будзе весціся рамонт, што плануецца зрабіць і што з’явіцца новага, мы пацікавіліся ў галоўнага ўрача Пружанскай ЦРБ В.М.Дараневіча.
— Будынак стаматалагічнай паліклінікі даволі стары. Капітальны рамонт у ім праводзіўся толькі выбарачна,— тлумачыць Віктар Міхайлавіч. — Апошні раз будынак рамантаваўся на пачатку 2000-х гадоў, але той рамонт можна назваць касметычным. І фасад, і інтэр’ер, і матэрыяльна-тэхнічнае становішча не адпавядала жаданаму ўзроўню. Былі праблемы з інжынернымі камунікацыямі. Здараліся нават аварыйныя выпадкі з цеплазабеспячэннем, з-за якіх даводзілася прыпыняць дзейнасць установы.
Неабходнасць зрабіць капітальны рамонт наспела даўно. Рэалізоўваць яе пачалі з 2014 года: была распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, а праз тры гады праект быў гатовы і прайшоў экспертызу. Сродкі на рамонт выдзелілі з раённага бюджэту. Для правядзення інжынерна-будаўнічых работ патрабуецца каля 460 тысяч рублёў.
Згодна з дакументацыяй, рамонт плануецца зрабіць за 5 месяцаў. Завяршыць яго мяркуецца ў жніўні-верасні.
Але праблемы з фінансаваннем (падрадчык — УП “Пружанская ПМК-22”— пакуль што атрымаў толькі трэцюю частку ад праектнай сумы) могуць унесці свае карэктывы. Дзеля таго, каб не атрымаць даўгабуд, было вырашана падзяліць работу на два этапы. У першую чаргу, будуць поўнасцю закончаны будаўніча-мантажныя работы, другім этапам будзе набыццё неабходнага абсталявання і мэблі.
Па словах Віктара Міхайлавіча, гэта не проста капітальны рамонт, а рамонт з мадэрнізацыяй. Гэта азначае, што будынак адновіцца звонку і знутры, а таксама запоўніцца новым аснашчэннем.
— Усе планы па набыцці тых ці іншых прыбораў яшчэ на этапе праектавання праходзілі кантроль з боку абласной стаматалагічнай службы і абласнога ўпраўлення аховы здароўя. Таму чакаецца нямала новага абсталявання. Напрыклад, нарэшце адкрыем сваю ліцейную, каб самастойна вырабляць зубныя пратэзы. Яна размесціцца ў меншым будынку. У нас ужо запланаваны закуп адпаведных агрэгатаў і ёсць спецыялісты, якія будуць гэтым займацца.
Разам з тым, мяркуецца развіваць напрамак артапедыі, а яшчэ пачаць аказваць паслугі па імплантацыі. Для гэтага ў раённай стаматалогіі ёсць маладыя спецыялісты даволі высокага ўзроўню. На думку галоўнага ўрача, падобны праект сапраўды амбіцыёзны, таму што такі напрамак развіты толькі ў вялікіх гарадах.
Безумоўна, пераезд, які супрацоўнікі стаматалогіі арганізавалі даволі аператыўна, усё роўна выклікае нямала нязручнасцей. Для часовага размяшчэння быў абраны былы будынак неўралагічнага аддзялення на вуліцы Кастрычніцкай, дзе хутка падрыхтавалі кабінеты для прыёму пацыентаў. А вось з некаторым абсталяваннем узніклі цяжкасці, у прыватнасці, цяпер, каб зрабіць здымак зуба, трэба ездзіць у Бярозу.
— Гэта вельмі актуальнае і складанае пытанне,— патлумачыў В.М.Дараневіч.— Было б прасцей, каб усё залежала толькі ад нас. Але што тычыцца дэнтальнага апарата, то з ім шмат праблем. Справа нават не ў тым, каб знайсці месца, дзе яго размясціць, а ў тым, што існуюць вельмі жорсткія патрабаванні да радыяцыйнай бяспекі такіх кабінетаў. Мы паўсталі перад дылемай. На распрацоўку праектнай дакументацыі спатрэбілася б шмат часу, з-за чаго папрасілі праекціроўшчыкаў разгледзець варыянт пераносу абсталявання ў рэнтген-кабінет новага неўралагічнага корпуса. Неўзабаве абсталяванне будзе перанесена. А значыць, адпадзе неабходнасць ехаць дзеля здымка зуба ў Бярозу.
Яўген Гарохаў.

НА ЗДЫМКУ: будынак стаматалогіі падчас рамонту; прыём праводзіць урач-артадонт Т.В. Стасевіч.
Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *