Среда, 19 сентября 2018

Как найти тех, кто стал ненужным? Все чаще родные заявляют о пропаже спустя годы

233

Практычна штогод праваахоўныя органы раёна рэгіструюць выпадкі знікнення людзей. Пераважная большасць такіх гісторый паспяхова заканчваецца яшчэ да ўзбуджэння крымінальных спраў. Гэта азначае, што тыя, хто знік, былі знойдзены да заканчэння дзесяцідзённага тэрміну, які адводзіцца міліцыі на пошукавыя работы. Але ёсць і такія выпадкі, на падставе якіх райаддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь узбуджаюцца крымінальныя справы.

Як расказвае намеснік начальніка РАСК Д.М.Мацаюк, у мінулым годзе было ўзбуджана пяць такіх крымінальных спраў, яшчэ дзве — з пачатку бягучага года.

— У асноўным у гэтых фактах фігуруюць тыя, хто паехаў «за доўгім рублём» за межы раёна або рэспублікі, — тлумачыць Дзмітрый Мікалаевіч. — І фінал у падобных гісторый не заўсёды паспяховы, а некаторыя справы доўжацца ўжо не адзін год.

Паводле статыстычных дадзеных, за мінулы і бягучы год удалося адшукаць толькі трох чалавек. Звязана гэта з тым, што ўстанаўліваць месца знаходжання тых, хто знік, як кажуць, на адлегласці, даволі складана. Спачатку пошук вядзецца ў межах рэспублікі: апытваюцца родныя адшукваемага, яго сябры і знаёмыя, часта супрацоўнікі праваахоўных органаў наведваюцца па адрасах у іншых гарадах Беларусі, дзе, верагодна, можа знаходзіцца той, хто знік. Потым адпраўляюцца запыты ў міждзяржаўны вышук і нават у Інтэрпал. Часцей за ўсё «месцам знікнення» становяцца вялікія гарады Расіі, зрэдку — Украіны.

Між тым, ёсць у расследаванні такіх крымінальных спраў і іншыя складанасці. Напрыклад, хутка давесці да лагічнага завяршэння падобныя справы можна толькі ў тым выпадку, калі родныя аператыўна паведамілі пра знікненне члена іх сям’і. «А як жа можа быць інакш?» — справядліва спытае чытач. Аднак, аказваецца, іншы раз аб знікненні чалавека працяглы час ніхто не паведамляе ў праваахоўныя органы. Так бывае, напрыклад, тады, калі сваякі проста не заклапочаны лёсам роднага ім чалавека: іх не турбуе, куды ён паехаў, што там робіць, калі вернецца. Відавочна, што ў такіх выпадках не падтрымліваецца і тэлефонная сувязь.

У якасці прыкладу Д.М.Мацаюк прыводзіць гісторыю, калі маці пачала шукаць сына… праз год пасля яго знікнення. Праваахоўнікам Расіі па запыце беларускіх калег удалося знайсці «згубу», які зараз жыве на маскоўскіх вакзалах і ў падвалах. Яму прапанавалі дапамогу ў вяртанні на радзіму, але мужчына адмовіўся: маўляў, яму тут жывецца лепш, чым дома. Тады следчыя параілі маці паехаць у Маскву і паспрабаваць угаварыць сына вярнуцца. Але жанчына не пажадала рабіць гэта: па яе словах, галоўнае, што сын жывы… і няхай жыве сабе далей.

Здараюцца і такія выпадкі, калі родных пачынаюць шукаць толькі праз некалькі гадоў пасля знікнення, прычым з даволі прагматычных меркаванняў. Выдатна ілюструе гэты факт наступная сітуацыя: родныя пачалі шукаць жыхара в.Новыя Засімавічы праз два гады, бо надумалі зрабіць перапланіроўку кватэры, на што неабходна было атрымаць згоду ўсіх прапісаных там жыльцоў. Дарэчы, цікава тое, што калі адшукваемага праз некаторы час прызнаюць зніклым без вестак, то можна яго смела выпісваць з кватэры.

Таксама вядомая гісторыя, калі жонка пачала шукаць мужа толькі праз год з-за таго, што вырашыла зэканоміць на пакупцы брыкету: хацела выпісаць мужа з дома, бо ў такім выпадку аплата за паліва будзе больш выгаднай.

З сямі ўзбуджаных крымінальных спраў на падобныя факты прыходзіцца больш за палову. Вядома ж, на такіх сваякоў можна злавацца, можна вінаваціць іх у раўнадушшы. Але ж за кожнай гісторыяй — чалавечы лёс. І, каб раптам не зламаць яго, родныя павінны своечасова пачынаць біць трывогу. А тым, хто збіраецца на заробкі, добра было б не забывацца, што на радзіме застаюцца родныя, якія турбуюцца пра іх.

Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *